Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці можна дасягнуць станоўчага сальда замежнаэканамічнай дзейнасьці Беларусі?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.

Валер Карбалевіч: “Хоць мінулы год быў для беларускай эканомікі пасьпяховым, але адзін з важных паказчыкаў ня быў выкананы. Сальда замежнаэканамічнай дзейнасьці было адмоўным — прычым, дэфіцыт склаў даволі вялікую суму. Адмоўнае сальда замежнаэканамічнай дзейнасьці — устойлівая традыцыя для краіны. Толькі ў 2005 годзе ўдалося дасягнуць станоўчага балянсу.

Якія прычыны такога стану? Гэта аб’ектыўная заканамернасьць той структуры эканомікі, якая засталася ў Беларусі ад савецкага часу? Ці гэта прыкмета неэфэктыўнасьці існай эканамічнай мадэлі?”

Леанід Злотнікаў: “Дэфіцыт гандлёвага балянсу склаўся адмоўны — найперш за кошт гандлю з Расеяй. У 2005 годзе гэты дэфіцыт склаў каля 4 мільярдаў даляраў, а ў 2006 годзе — 6 мільярдаў.

Па-другое, дэфіцыт стварыўся коштам больш высокага росту імпарту машынаў, абсталяваньня і транспартных сродкаў. У гэтай групе тавараў дэфіцыт склаў каля 500 мільёнаў даляраў. І гэта нядрэнна, бо адлюстроўвае тэндэнцыю абнаўленьня вытворчасьці.

На другім месцы імпартных тавараў знаходзіцца прадукцыя хімічнай прамысловасьці. Гэта група прамежкавых тавараў для новай вытворчасьці.

А вось астатнія групы імпартных тавараў ня маюць такой вялікай вагі ў гэтым дэфіцыце. Напрыклад, імпарт легкавых аўтамабіляў склаў адну-дзьве сотні мільёнаў даляраў

Мінстат сьцьвярджае, што найперш гэты дэфіцыт склаўся за кошт імпарту нафты, цэны на якую павялічыліся. Але гэта ня так, бо таксама павялічыўся экспарт нафтапрадуктаў. І ў гэтай групе тавараў мы маем станоўчае сальда.

Таксама дэфіцыт тлумачаць тым, што насельніцтва больш купляе замежных тавараў лёгкай прамысловасьці. Але адмоўнае сальда ў гэтых таварах складае толькі некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў. Таму барацьба з гэтым імпартам мала што дае ўраду”.

Кастусь Скуратовіч: “Дэфіцыт замежнагандлёвага балянсу ў ЗША — самы высокі ў сьвеце. Але амэрыканцы з гэтага ня робяць праблемы. Таму і нам асабліва ня трэба пужацца.

Праблема ў тым, што Беларусь купляе камплектныя дэталі ў Расеі, вырабляе прадукцыю, але кошты на яе не пакрываюць затратаў на тыя камплектныя. Гэта паказвае неэфэктыўнасьць нашай прамысловасьці.

Новы віцэ-прэм’ер Расеі Іваноў сказаў, што ў расейскім станкабудаваньні толькі чатыры тыпы станкоў зьяўляюцца канкурэнтаздольнымі на ўсясьветным рынку. А мы якраз купляем абсталяваньне ў Расеі.

Урад паставіў перад прамыслоўцамі заданьне сёлета стварыць сто новых вытворчасьцяў. Зразумела, трэба купляць новае абсталяваньне. А гэта зноў жа рост імпарту.

Затым, галіна, што найхутчэй разьвіваецца сёньня, — гэта сродкі камунікацыяў (мабільная сувязь і іншае). Яна грунтуецца на імпартным абсталяваньні, як і кампутары. Але гэтага ня трэба баяцца, бо новае абсталяваньне адкрывае пэрспэктывы”.

Карбалевіч: “Тут выказалі думка, што адмоўнае сальда замежнаэканамічнай дзейнасьці — не праблема? Ці так насамрэч? Чым такая сытуацыя пагражае беларускай эканоміцы?”

Злотнікаў: “Дэфіцыт замежнаэканамічнай дзейнасьці азначае страту канкурэнтаздольнасьці беларускіх тавараў. У ЗША адмоўны балянс у таварах кампэнсуецца станоўчым балянсам у замежных інвэстыцыях.

У нас такога няма. Дэфіцыт замежнаэканамічнай дзейнасьці летась кампэнсаваўся коштам вонкавых пазыкаў. За дзесяць месяцаў 2006 году гэтая запазычанасьць павялічылася амаль на 700 мільёнаў даляраў.

А сёлета сытуацыя яшчэ ўскладнілася ў зьвязку зь пераходам да рынкавых дачыненьняў з Расеяй. Гэта паўплывае на ўсю плацёжную сыстэму Беларусі, і найперш на валютныя курсы”.

Скуратовіч: “Праблема, безумоўна, ёсьць. Урад павінен мець грошы, каб кампэнсаваць дэфіцыт. Пазыкі нам таксама даюць неахвотна. Сытуацыя рызыкоўная. І Беларусь нават можа быць аб’яўленая банкрутам. Напрыклад, калі б Расея перайшла рашуча на ўсясьветныя цэны на энэргарэсурсы ў гандлі зь Беларусьсю, то Беларусь стала б банкрутам.

Якая беларуская прадукцыя карыстаецца добрым попытам у сьвеце? Трактары, аўтамабілі, калійная соль, нафтапрадукты. А іншыя тавары трацяць канкурэнтаздольнасьць нават у СНД. Таму асаблівых пэрспэктываў тут я ня бачу”.

Карбалевіч: “19 лютага Аляксандар Лукашэнка даручыў прэм’еру Сідорскаму і старшыню праўленьня Нацбанку Пракаповічу зьмяніць гэтую сытуацыю, дасягнуць у гэтым годзе станоўчага сальда ў аб’ёме ня менш 500 мільёнаў даляраў.

На кожным прадпрыемстве экспарт павінен перавышаць імпарт на 5 працэнтных пунктаў. Прычым гэты паказчык з 2007 году становіцца найважнейшым паказчыкам эканамічнага разьвіцьця. Дзеля гэтага прынятая адмысловая праграма. Ці рэальна выканаць гэткае заданьне?

Злотнікаў: “Найперш, адзначу супярэчнасьці гэтага заданьня. Асабліва зьдзіўляе гэты пункт пра 5% на кожным прадпрыемстве. У нас ёсьць прадпрыемствы, якія поўнасьцю працуюць на імпартнай сыравіне, а сваю прадукцыю прадаюць на ўнутраным рынку. Такія прадпрыемствы ніколі ня выканаюць гэтага заданьня.

А напрыклад, у такога суб’екта гаспадараньня, як “Беларуськалій”, экспарт перавышае імпарт мо на 300—400%. Таму ўрад, усталёўваючы сярэднюю тэмпэратуру ў шпіталі, сам ня ведае, што робіць.

Па-другое, як ужо адзначалася, расьце імпарт прамежкавых і інвэстыцыйных тавараў. І калі зьнізіць гэты імпарт, то павінен зьнізіцца і аб’ём вытворчасьці. Але загадана павялічваць аб’ёмы вытворчасьці. Таму два гэтыя заданьні супярэчаць адно аднаму.

Але самае галоўнае іншае. Летась галоўным экспартным таварам Беларусі былі нафтапрадукты. Цяпер аб’ёмы пастаўкі расейскай нафты засталіся на ранейшым узроўні, а даходы ад экспарту нафтапрадуктаў зьнізяцца. Плюс павышэньне цэнаў на імпартны газ. Таму выканаць заданьне Лукашэнкі будзе цяжка”.

Скуратовіч: “Прадаць на замежных рынках тавар складана. Акрамя беларускіх гігантаў, якія маюць добрыя сувязі й партнэраў, іншыя прадпрыемствы маюць мала пэрспэктываў. Таму дырэктары будуць толькі рабіць выгляд, што выконваюць заданьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG