Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэнат Польшчы заклікае вызваліць Казуліна ды іншых палітвязьняў


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня польскі Сэнат аднагалосна прыняў ухвалу з заклікам да беларускіх уладаў неадкладна вызваліць Аляксандра Казуліна і іншых палітвязьняў.

У часе паседжаньня сэнату, на якое была запрошаная жонка Аляксандра Казуліна Ірына, сэнатары прагаласавалі за рэзалюцыю, у якой ўтрымліваецца заклік неадкладна вызваліць экс-кандыдата ў прэзыдэнты і іншых вязьняў, асуджаных за ўдзел у апазыцыйнай дзейнасьці.

Казуліна: “Я вельмі рада, што гэта адбылося. Усе краіны павінны браць прыклад з Польшчы. Бо калі націск пойдзе з усяго сьвету, будзе вынік. А вынік патрэбны адзін – вызваленьне ўсіх палітвязьняў”.

Ініцыятарам ухвалы быў сэнатар, легенда польскай антыкамуністычнай апазыцыі, Стэфан Несялоўскі.

Несялоўскі: “Найбольш важная пазыцыя беларускага народу, бо гэта ён адсуне дыктатара ад улады, а не палякі ці хто іншы. Але Польшча, канешне, павінна падтрымліваць апазыцыю і праваабаронцаў” – сказаў спадар Несялоўскі.

Між тым беларусы, якія жывуць у Варшаве, наладзілі ў час прыняцьця ўхвалы пікет падтрымкі каля гмаху польскага парлямэнту.

Удзельнік пікету: “Мы прыйшлі, каб падзякаваць польскім сэнатарам, якія прымаюць такую ўхвалу, за іх зацікаўленасьць пытаньнем палітвязьняў у Беларусі. Дзякуем ім за гэтую ініцыятыву”

У парлямэнце адбылася таксама прэсавая канфэрэнцыя з удзелам гасьцей зь Беларусі.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін прысуджаны на 5,5 гадоў пазбаўленьня волі за арганізацыю масавай акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка 2006 года. Цягам 53 дзён А.Казулін трымаў галадоўку пратэсту з патрабаваньнем разгледзець сытуацыю ў Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН.

У Беларусі адбываюць пакараньні лідэры незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт” Зьміцер Дашкевіч, Павал Севярынец і Артур Фінькевіч, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч.


Гл. таксама: Р.Пафала: "Мы патрабуем вызваленьня палітвязьняў" Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн: "Давайце пачнем з вызваленьня палітвязьняў" Эўразьвяз запатрабаваў неадкладнага вызваленьня Казуліна Нямеччына зноў заклікала беларускія ўлады вызваліць А.Казуліна
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG