Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Сівакоў просіць прабачэньня ў В.Сьвяцкай


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Фрунзенскі раённы суд Менску прызначыў на 20 сакавіка разгляд справы паводле пазову Валянціны Сьвяцкай. Пазоў актывісткі БНФ скіраваны да Беларускай асацыяцыі вэтэранаў падразьдзяленьняў спэцпрызначэньня войскаў Міністэрства ўнутраных справаў “Честь” і да былога міністра ўнутраных справаў, былога намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Юр’я Сівакова.

Сёньня судзьдзя Сьвятлана Місуна запрасіла на папярэднюю гутарку Валянціну Сьвяцкую і прадстаўніка адказчыка — Альберта Таіпава. Спадарыня Сьвяцкая просіць суд абараніць яе гонар і годнасьць і кампэнсаваць маральныя страты — спагнаць з адказчыка 60 мільёнаў рублёў.

Падставай для пазову стаў артыкул Юр’я Сівакова ў часопісе асацыяцыі “Честь” — “Журнал специального назначения”. Генэрал друкуе вялікую вытрымку з “Кодэксу гонару афіцэра, напісанага Адольфам Гітлерам”. Спадар Сівакоў напісаў, што гэты кодэкс будзе для многіх цікавы і над многімі пастулятамі варта задумацца.



У публікацыі ёсьць і такія радкі: “Любоў да фюрэра, народу і айчыны вышэйшая за ўсё. Таму афіцэр павінен выразна аддзяліць сябе ад тых, хто стаіць убаку ад германскага шляху і барацьбы”.

Паводле спадарыні Сьвяцкай, падобныя гітлераўскія выказваньні наносяць маральныя страты ёй як грамадзянцы краіны-партызанкі. Яна цьвердзіць у пазове, што згаданы кодэкс гонару Гітлер падрыхтаваў падчас нападу на тэрыторыю Беларусі ды іншых рэспублік Савецкага Саюзу. Тэкст рыхтаваўся для афіцэраў, якія забівалі грамадзянаў Беларусі.

Як гаворыцца ў пазове, “генэрал жа Сівакоў прапануе скарыстаць “Кодэкс гонару” фашысцкага афіцэра ў дзейнасьці, знаёмячы зь ім афіцэраў МУС Беларусі”.

Паводле спадарыні Сьвяцкай, падчас сёньняшняй гутаркі прадстаўнік адказчыка перадаў прабачэньні ад генэрала Сівакова, аднак спадарыня Сьвяцкая лічыць, што справу мае разгледзець суд.

Сьвяцкая: “Мне сёньня было прынесенае публічна прабачэньне ў судзе ад імя генэрала Сівакова за тое, што я насамрэч была пакрыўджаная, і дзякуй Богу, што гэта спадар Сівакоў асэнсаваў”.



Прадстаўнік адказчыка зьвярнуў увагу й на тое, што спадарыня Сьвяцкая разгарнула шырокую кампанію ў мэдыях. Маўляў, многія не чыталі артыкулу, але пачалі казааць нейкія крыўдныя словы на адрас спадара Сівакова.

Сьвяцкая: “Так, спадар Казлоўскі, былы міністар абароны, недзе сказаў, што ён дасьць у твар спадару Сівакову за гэтыя выказваньні. І такім чынам, спадар Сівакоў лічыць, што я разгарнула гэтую кампанію вельмі актыўна супраць яго, што таксама закранае яго гонар і годнасьць. Ён мае намер выставіць мне сустрэчны пазоў аб абароне гонару і годнасьці, калі я не папрашу ў яго прабачэньня... Я нідзе яго не абразіла як асобу, таму што лічу, што суд мусіць паставіць над усім кропкі”.

Прадстаўнік адказчыка Альберт Таіпаў адмовіўся ад камэнтароў:

Таіпаў: “Нашы камэнтары будуць 20 сакавіка, будуць судовыя слуханьні, і тады ўсё будзе зразумела. Свой пункт гледжаньня мы папярэдне ўжо выказвалі. Суд прымае рашэньне, наколькі абгрунтаваныя тыя ці іншыя довады. Як суд вырашыць, так і будзе”.

Юры Сівакоў Нарадзіўся 5 жніўня 1946 году на Сахаліне (Расея). Кадравы вайсковец. Пасьля перамогі Лукашэнкі на выбарах 1994 году ў розныя гады займаў пасады міністра ўнутраных спраў, намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі, міністра спорту. У верасьні 2004 года Эўразьвяз прыняў рашэньне аб забароне выдачы віз шэрагу вышэйшых дзяржаўных чыноўнікаў Беларусі, падазраваных у прыналежнасьці да зьнікненьняў апазыцыйных палітыкаў, у тым ліку Юрыю Сівакову.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG