Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейская мяжа робіцца ўсё менш празрыстай


Радыё Свабода Два дні прадстаўнікі мытных ведамстваў Расеі й Беларусі абмяркоўвалі ў Смаленску сытуацыю, што склалася з працэдурай мытнага афармленьня аўтатранспарту і грузаў. Аднак папярэдніх вынікаў не агучылі — канчатковы загад на спрашчэньне мытных працэдураў маюць падпісаць кіраўнікі камітэтаў.

Нагодай да сустрэчы ў Смаленску экспэртаў мытных службаў Расеі й Беларусі стала тое, што беларуска-расейская мяжа робіцца ўсё менш празрыстай. Дагэтуль адкрытае пытаньне афармленьня мытных грузаў і аўтатранспарту, які ідзе з Расеі ў Калінінградзкую вобласьць і зь Беларусі ў Расею.

Зьвестак пра тое, як ідуць перамовы, амаль няма.

Сытуацыю камэнтуе прадстаўнік Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Ўладзімер Бехцераў: “Там узровень экспэртаў (то бок, у Смаленску) — ня першыя асобы сустракаліся. Таму пра штосьці казаць заўчасна. Ідзе выпрацоўка пазыцыяў”.

Праблемы ў перавозчыкаў пачаліся на тле агульнага абвастрэньня дачыненьняў паміж уладамі Беларусі й Расеі. Беларускія мытнікі ўзмацнілі кантроль над таварамі, што ідуць з Калінінградзкай вобласьці. У адказ расейскі бок увёў працэдуру абавязковага афармленьня часовага ўвозу ўсіх аўтамабіляў зь беларускай рэгістрацыяй. Гэта пацягнула ня толькі дадатковыя выдаткі, але й стварыла вялізныя чэргі.

Уведзенае ў дзеяньне 1 студзеня 2007 году новаўвядзеньне ў другой дэкадзе месяца адмянілі. Аднак на пачатку лютага на асобных пераходах беларускіх аўтааматараў зноў прымусілі рабіць мытнае афармленьне прыватнага і службовага транспарту.

Кіроўцы скардзяцца, што працэдура ў шэрагу выпадкаў мае выбарны характар і часта залежыць ад настрою расейскіх мытнікаў ды памежнікаў. І калі на смаленскім кірунку насамрэч могуць стаяць чэргі, то бранскі кірунак можа быць абсалютна “празрысты”.

Афіцыйны прадстаўнік Бранскага ўчастку Памежнага камітэту ФСБ Расеі Андрэй Бакін схільны праблемы лічыць часовымі: “На нашым участку беларускі кірунак не перагружаны абсалютна. Гэта ўсё інсынуацыі. У нас тут у дачыненьнях зь беларускім бокам, тое, што цяпер усчаўся шум у цэнтральнай прэсе фэдэральнай, у вашай гэтаксама, — то ў нас праблемаў няма зь Беларусьсю. І я ніякага напружаньня ў дачыненьнях ні ў нашай прадстаўнічай памежнай дзейнасьці, ні ў адносінах на мяжы, зь людзьмі, пакуль ня бачу праблемаў абсалютна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG