Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канстанцін Лукашоў на волі


Любоў Лунёва, Менск Суд Ленінскага раёну Менску пакараў Канстанціна Лукашова зьняволеньнем на два гады з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады. Яго абвінавацілі ў супраціве міліцыянту летась 29 сакавіка, калі ён не пагадзіўся спыніць аўтамабіль на патрабаваньне чалавека ў цывільным. Канстанціна два месяцы трымалі пад вартай. Сёньня яго вызвалілі ў судовай залі.

29 сакавіка Канстанцін Лукашоў вывозіў з 3-га клінічнага шпіталю свайго брата Вячаслава Сіўчыка. Людзі ў цывільным знакамі паказвалі Канстанціну, каб спыніў аўтамабіль, але ён не пагадзіўся. Пазьней адзін зь міліцыянтаў, Анатоль Сушчэня, падаў заяву пра тое, што яго нібыта зьбіў аўтамабіль Лукашова.

Сёньня судзьдзя Ленінскага раённага суду Менску Зінаіда Красоўская зачытала прысуд у поўнай залі. Сярод прысутных былі актывісты апазыцыі, вядомыя грамадзкія дзеячы, прадстаўнікі АБСЭ і амбасады ЗША.

Канстанціна Лукашова адразу пасьля абвяшчэньня прысуду вызвалілі з-пад варты ў судовай залі. Людзі віншавалі яго з вызваленьнем, выказвалі словы падтрымкі. Канстанцін паведаміў “Свабодзе”, што быў гатовы да пазбаўленьня волі.

Лукашоў: “Ад першага дня гэта было цалкам незаконнае oтрыманьне ў СІЗА. Усё трымалася на тэлефанаваньнях нявызначаных людзей. Пракурор і судзьдзя ў адной зьвязцы. Як той запрасіў тэрмін, так яна і дала. Мэта тут відавочная: мяне пазбавілі магчымасьці як дарадцы ўдзельнічаць у выбарах у мясцовы савет, і цяпер мяне абмежавалі тым, што я не магу браць удзелу ў палітычных кампаніях і нават не магу выйсьці на плошчу, таму што любы адміністрацыйны арышт пацягне за сабой пазбаўленьне волі”.

Канстанцін Лукашоў распавёў пра ўмовы ўтрыманьня:

Лукашоў: “Да “палітычных” стаўленьне асьцярожна-паважлівае. Іншая рэч, што мне падабралі такі артыкул… Калі ў мяне пыталіся, па якім я тут артыкуле, а я ім: "За гвалт над міліцыянтам", – дык гэта такая вельмі жорсткая рэч. Прэзумпцыі невінаватасьці ў нас няма. У іх даволі дзіўная карпаратыўная салідарнасьць, калі кожны імкнецца табе ныркі адбіць, ці яшчэ нешта… Але ўсё гэта даволі хутка скончылася, і ў мяне былі даволі роўныя і нармальныя дачыненьні з супрацоўнікамі, якія мяне ахоўвалі”.

Канстанцін падзяліўся сваімі плянамі са “Свабодай”:

Лукашоў: “Маю грамадзянскую актыўнасьць, канечне, абмежаваць можна хатай ці вязьніцай, але нельга спыніць чалавечай думкі. Мяне ня могуць пазбавіць розуму, мяне ня могуць пазбавіць магчымасьці даць нейкую параду ці самому нешта выдумляць. Я застаюся вольны — і, дарэчы, быў вольны ў вязьніцы”.

Канстанціна Лукашова арыштавалі 19 сьнежня, у той дзень ягонай маці споўнілася 65 гадоў. Гаворыць Галіна Сіўчык:

Сіўчык: “У мяне няма адчуваньня трыюмфу. Усё ж забуксавала наша судовая сыстэма — калі нявіннага чалавека прызнаюць вінаватым, радавацца гэтаму вельмі цяжка”.

Павіншаваць Канстанціна прыйшоў Цімафей Дранчук, які сам дзесяць месяцаў знаходзіўся за кратамі.

Дранчук: “Страшна, што ў гэтай краіне такім чынам працягваецца гэтая кампанія — гэта й наш прысуд, гэта й сёньняшняя крымінальная справа супраць “Маладога фронту”, і вось гэты прысуд… Даволі бязглузда выглядае, але чалавек вымушаны радавацца, бо насамрэч ён мог сесьці на два гады рэальна”.

Канстанцін Лукашоў мае намер абскардзіць прысуд. Ён не выключае, што зьвернецца ў міжнародныя структуры.

Канстанцін Лукашоў у калідоры суду пасьля вызваленьня

Каля ганку Дома правасудзьдзя Вячаслаў Сіўчык, Канстанцін Лукашоў і іх маці Галіна Сіўчык

К.Лукашова віншуюць з вызваленьнем супрацоўнікі амбасады ЗША Стывэн Гілэн і Джонатан Мур
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG