Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“…будуць яшчэ захады, будзе мяжа з Расеяй, будуць яны імкнуцца зьнішчыць нашага прэзыдэнта”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за аўторак, 20 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: “У свой час, перад тым, як СССР разбурыўся, ЦК Партыі, Савет міністраў накіравалі Шушкевіча й Карпенку Генадзя (зь ім я сябраваў, з Карпенкам Генадзем, выдатны чалавек) у Маладэчна, і яны ачолілі гарадзкую гаспадарку, каб проста паспрабаваць іх, каб яны “абцерліся” крыху, набраліся досьведу. Але потым, на жаль, асаблівых дасягненьняў не было, хаця прадпрыемства парашковай мэталюргіі яны вельмі добра давялі “да ручкі,” “да кандыцыі”. Няма словаў, асабліва Карпенка стараўся. Вось вярнуліся яны, як Вы ведаеце, Шушкевіча прызначылі ў Вярхоўны Савет. Бачыце, і рухнула ўсё. Гэта я да чаго кажу? Ня здатны. І таму, калі Мілінкевіч цяпер напісаў ліст, ня важна. Трэба проста пайсьці на прыём да старшыні Савета міністраў ці да Аляксандра Рыгоравіча і ўладкавацца там на працу, каб яго ўзялі на адказную працу. Здаецца, ня дурны чалавек, навуковыя ступені ёсьць. Вось так трэба: усю энэргію й сілу пакласьці на тое, каб і працаваў, і неяк прыжываўся, і прыціраліся гэтыя справы. І магчыма, атрымалася , нешта вельмі цікавае”.

“Возьмем Украіну, і ў Амэрыцы, і ў Расеі, і ў іншых краінах партыі паважаныя, абіраемыя народам увайшлі ў склад Вярхоўнай Рады ці Вярхоўнага Савету й там праводзяць сваю палітыку перад народам, зразумелую, простую, ясную й гэтак далей. А што наша апазыцыя? Калі нешта ня так, трэба сабе заваяваць месца аўтарытэтам, а не так. Вось урад і прэзыдэнт праводзяць адкрытую палітыку, вырашаюць пытаньне ўсенародна, груба ён неяк кажа. Але гэта недахоп культуры. Але ў цэлым ён жа слушна робіць. І тут апазыйцыя павінна дапамагаць рэспубліцы вырывацца з сецяў, якія расставілі ва ўсіх краінах, змагаюцца за рынкі збыту й гэтак далей. Наша апазыцыя пранатаўская, праамэрыканская апазыцыя, нам патрэбна, народу патрэбна, каб гэта была свая апазыцыя. І перад тым, як вырашаць нейкія пытаньні, трэба, каб апазыцыя ўвайшла ў склад ўрадавых органаў, Вярхоўнага Савету, каб людзі абралі. А людзі могуць абраць толькі тады, калі апазыцыя канструктыўная, паважаная… Вось тады будзе сэнс. А так Вы будзеце ўсё жыцьцё як свара маленькіх сабачак гаўкаць”.

Спадарыня: “Ідучы па гораду, я зайшла неспадзявана на пошту й пачула наступную гаворку. І ў мяне забалела душа, на ўсё гэта гледзячы. Жанчына сталага ўзросту, за 70 год, плакала, заплаціўшы за сьвятло, за газ, за кватэру, ёй нават няма за што пражыць месяц. Як жа так можна? Кватэры і ўсё падаражэла, газ падаражэў, сьвятло падаражэла… Але чаму ж і на крышачку не павялічылася пэнсія?! Як жа людзям жыць?! Як гэта магчыма?! Як магчыма пражыць сталаму чалавеку, калі ў некаторых пэнсія складае ўсяго 200-190 тысяч?! Гэта ж немагчыма! Гэта абсурд! Я не магу на гэта проста так глядзець, у мяне баліць душа. Я выказваю ўсё, што я бачу. Кажуць, што тое, што я гавару – гэта мана. Няпраўда. Я ніколі ня хлушу, я заўжды за справядлівасьць, за сумленнасьць. І за гэта я пакутую. Каб я не перадавала Вам інфармацыю, мне нават адключылі сувязь. Мяне пазбавілі сувязі, таму калі маё дзіця захварэе, я нават не магу вызваць “хуткую дапамогу,” мне трэба некуды бегчы, каб яе вызваць. Аляксандр Рыгоравіч, давайце будзем глядзець на людзей, абараняць іх! У нас жа такая сьмяротнасьць! Некаторыя паміраюць і ад голаду, і ад холаду! Дамы ў людзей, нават у гарадох, у аварыйным стане, старыя, гнілыя. Сёньня я зайшла ў нашу 30 краму. У мяне забалела душа глядзець, што ляжаць бананы гнілыя, чорныя, страшныя. І тое іх кошт – 2 тысячы”.

Анатоль, Барысаў: “Паважнае Радыё Свабода, хачу выказацца наконт Кангрэсу дэмакратычных сілаў і няўдзелу ў ім спадара Мілінкевіча. Сёньня нашай дзяржаве пагражае вялікая небясьпека – страціць незалежнасьць, таму што расейскія спэцслужбы і расейскія ўрадавыя колы сёньня мараць, каб праглынуць нашу дзяржаву. Яны, спэцслужбы расейскія, прасяклі ўсё наша грамадзтва, як апазыцыю, так і нашых дзяржаўных чыноўнікаў. І сёньня яны хочуць дэстабілізаваць нашу абстаноўку. Гэта першы званочак падвышэньня коштаў на вуглевадарод, будуць яшчэ захады, будзе мяжа з Расеяй, будуць яны імкнуцца зьнішчыць нашага прэзыдэнта. Я сам быў удзельнікам Народнага Фронту ў 90-х гадах, я чалавек сталага веку, слухаю Радыё Свабода з самага яе пачатку. І я хачу сказаць, я неадназначна стаўлюся да Лукашэнкі, але на сёньняшні дзень наш прэзыдэнт – гэта гарант нашай незалежнасьці, і таму я хацеў бы яго падтрымаць. Будзе наша незалежнасьць – будзе і дэмакратыя, і будзе ўсё. А сёньня дзякуй за ўвагу”.

Мікалай, Валожыншчына: “Прапанова ратацыі лідэра Кангрэсу дэмакратычных сіл нагадвае вясковую “радоўку” пры выпасе жывёлы. Але змаганьне з дыктатурай радоўкай не адбудзеш, а патрэбен лідэр, вакол яго павінны аб’яднацца ўсе патрыятычныя сілы краіны. Гэтым лідэрам зьяўляецца Аляксандар Мілінкевіч. У яго самы вялікі рэйтынг сярод апазыцыйных палітыкаў, ён змог наладзіць дзелавыя кантакты з кіраўнікамі большасьці ўплывовых краінаў Эўропы, растлумачыў пазыцыі дэмакратычных сілаў у Маскве, яго ведае ўся Беларусь, якую ён аб’ехаў за год. Мілінкевіч ведае сытуацыю ў краіне й замежжы. Мілінкевіч разам з моладзьдзю й на Плошчы, і ў Дзень Сьвятога Валянціна. Ён сапраўдны лідэр дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Алесь Чобат, Гародня: “Панове, навошта Вам той Мілінкевіч? Абярыце Казуліна і выйдзе па-людзку. І будзе добры ход палітычны. Мілінкевіч не ў Ваш Кангрэс падаў заяву звольніцца па ўласным жаданьні, а падаў заяву Лукашэнку: “Я развалю апазыцыю, а ты мне знайдзі службу”. Пяць год таму Домаш схадзіў ціха да Лукашэнкі і цяпер дырэктар Грабарнай фабрыкі. А Мілінкевіч ня можа без скандалу й без паказухі. Бо хам, шматслоўны і рознамоўны. І ўся палітыка”.

Спадар: “Добрай раніцы, радыёстанцыя! Я хачу выказацца наконт заявы Лукашэнкі аб прыраўненьні малых і сярэдніх гарадоў да ўзроўню сталіцы. Мы гэта чулі ўжо 80 год. Палітбюро прымала рашэньне выраўняць узровень вёскі й гораду, ці сталіцы, ня важна. Ён проста не адукаваны чалавек. Закончыў сельгасакадэмію пасьля сямі клясаў і больш нічога ня ведае. Мы гэта ўжо 80 год праходзілі, я паўтараю. І ў выніку вёскі як такой ня стала, а ў горадзе зрабілася сапраўдная вёска. У нас у горадзе нават няма куды ў прыбіральню хадзіць. Разумееце? Як у вёсцы ходзяць пад забор, так і ў горадзе сталі хадзіць. Вось такое параўнаньне. Ён проста ня ведае простых элемэнтарных рэчаў. Колькі існаваў Савецкі Саюз, столькі й прыроўнівалі вёску да гораду. І гэта ўсё дарма. Людзі старыя жывуць і ведаюць пра гэта, а моладзі можна вешаць лапшыну на вушы. І больш нічога. І хачу выказацца пра Расею. Расея разваліцца на губэрні ў хуткім будучым, таму што Пітэр жыве, сталіца жыве і вялікія гарады, а там, дзе дабываюць золата. Нафту і газ…”

Спадарыня: “Прывітаньне, шаноўная “Свабода”! Я Вас учора і сёньня не магу паслухаць. Я не знайшла канал “Свабоды,” недзе ў нас адключана. Я думаю, што пэўна гэта толькі так. Я рада, я хачу Вам падзякаваць, што Вы мяне падтрымліваеце. І я іду, потым раптам спынюся каля плоту й ціха шапчу сама сабе: “Прывітаньне, шаноўны сябар!” Я рада, што Вы тут. Дзякую Вам за ўвагу”.

Спадар: “Добрай раніцы! Вось не стрымаўся, каб параіць Вам уключыць у Вашу бліжэйшую перадачу, калі гэта магчыма, інтэрвію спадара Вячоркі радыёстанцыі “Нямецкая хваля”. Вось яна толькі што перадала яго. Ён выступаў там па-расейску, усё даходліва. І, між іншым, паведаміў пра лёс так бы мовіць тых студэнтаў, якія зьбіраліся, пра якіх я Вам нагадваў, і Вы зноў зрабілі адпіску. А ён паведаміў, што дваіх зь іх пратрымалі амаль двое сутак, што на дваіх заведзена крымінальная справа. Калі ласка, сачыце за іх лёсам, перадайце яшчэ якую-небудзь інфармацыю. Ня ведаеце, дык спытайце ў спадара Вячоркі. Ён Вам раскажа. Дзякуй. Працуйце!”

Зіноўеў: “Думаю, што Корбан і Хведарук ня толькі ў пратаколе ў капітана Сьвістуна, але й калі-небудзь ў яго ваенным білеце расьпішуцца, пацьвярджаючы яго звальненьне з “органаў”. Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG