Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа


Севярын Квяткоўскі, Менск Агляд беларускага Інтэрнэту

У сеціве абмяркоўваюць даклад расейскага палітоляга Андрэя Суздальцава, зроблены для Экспэртнай Рады Камітэту міжнародных справаў расейскага Дзяржумы. У дакумэнце, апублікаваным на сайце “Палітабоз” аналітык заяўляе: “Мы недаглядзелі, што наш афіцыйны партнэр па Саюзнай Дзяржаве стварыў свой уласны беларускі ГУЛАГ”; “Беларускі прэзыдэнт вядзе супраць нас канкурэнтную, ідэалягічную і кантрабандную вайну”; “Хацелася б выказаць спадзеў, што разуменьне карыснасьці знаходжаньня побач з намі (Расеяй) незалежнай і эканамічна самадастатковай славянскай краіны (Беларусі) будзе расьці і надалей”. Камэнтары у інтэрнэт-суполцы Minsk_by: “Ну, давайце запросім Пуціна замест Лукашэнкі, і тады ў нас будзе расейскае шчасьце”; “Давайце па-просту аддадзім Лукашэнку руССкім”.

Расейскаму дэмакратычнаму палітыку Валерыі Навадворскай ў ейным блогу задаюць пытаньне “што рабіць дэмакратычна настроеным беларусам ва ўмовах поўнага канфлікту Лукашэнкі як з Захадам, гэтак з Расеяй?”. Адказ: “Тое ж, што раней. Змагацца супраць Вялікага расейскага брата, і змагацца з Лукашэнкам па старой формуле “Маладога Фронту”: “Беларусь у Эўропу". Калі будуць вынікі, ня ведае ніхто. Але жыць трэба правільна, нават калі перамогі ня будзе ніколі”.

Адзін з аўтараў на сайту блогаў “Позірк” Алесь Чаўчыыц аналізуе заяву ўраду Беларусі, што атамная электрастанцыя будзе пабудаваная 4 гады: “Гэта чарговы сымптом хаатычных пошукаў энэрганосьбітаў хоць якіх хоць адкуль. Працягнецца гэтая гарачка да самога моманту каляпсу беларускага “эканамічнага цуду”, які, на жаль, не за гарамі. Рэжыму не атрымаецца ўбачыць завяршэньне пабудовы беларускай атамнай электрастанцыі”.

Viachka ў сваім інтэрнэт дзёньніку камэнтуе: “Ніяк ня ўцямлю, што яны сабраліся эканоміць гэтай атамнай станцыяй, калі замест газу, прыйдзецца купляць ядзернае паліва. А купляць дзе? Ізноў у Расеі? І акрамя таго трэба некуды дзяваць адпрацаванае - а гэта таксама грошы”.

Пісьменьнік Уладзімер Сьцяпан публікуе ў сваім сеткавым дзёньніку грэгерыі на тэму інтэрнэту:

“Інтэрнэтаўскія тэксты двойчы не чытаюць”, “Двойчы ў адзін інтэрнэт ня ўвойдзеш”.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266 39 52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі быў Севярын Квяткоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG