Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дарагая “Свабода,” скажыце, як можна чалавеку пражыць за 200 тысяч беларускіх рублёў?”


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за панядзелак, 19 лютага. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: “Вельмі сьмешна і сумна глядзець на нашу апазыцыю. Сапраўдныя апазыцыянэры, як Казулін, у турме. А гэтыя замест барацьбы з уладай, зноў пачалі дзяліць партфэлі. Слушна робіць Мілінкевіч, выбіраючыся з гэтага балота. Лябедзька – гэта агент Лукашэнкі, ён прывёў яго да ўлады, а цяпер робіць усё, каб разваліць апазыцыю. Яго перасьлед з боку ўлады – каб замазаць усім вочы. Буду вельмі ўдзячны, калі Лябедзька пракамэнтуе гэта ў сераду”.

Спадарыня: “Дарагое Радыё Свабода, я хацела б адказаць таварышу, які заклікаў пабудаваць помнік Лукашэнку за адраджэньне калгасаў. Лічу патрэбным напомніць гісторыю, як ствараліся калгасы. Колькі людзей забілі, пазбавілі маёмасьці, саслалі ў Сыбір, людзі клаліся пад трактары. І па гэты час старыя людзі праклінаюць калектывізацыю. І ўсё гэтае, праклятае народам, рана ці позна разваліцца, як разваліўся саюз бальшавікоў. Я думаю, што гэты абаронца калгасаў ніколі не працаваў у калгасе, і ёсьць такая магчымасьць яго працаўладкаваць, на любую вакансію, пажадана на фэрму. Заробак не гарантуецца. Жыльлём забясьпечаць – блёкавы домік за сорак тысяч даляраў і сарайчык памерам з прыбіральню. За гэтыя грошы, для параўнаньня можна пабудаваць катэдж з басэйнам. Але, відавочна, будаўнікі эканомяць сродкі па калгаснай сыстэме, карыстаюцца такімі крытэрамі, як крадзяжы, прыпіскі, хабары і нарэшце п’янства. Каб навесьці парадак у гэтых СПК, такія людзі, як Вы, патрэбныя. Так што сардэчна запрашаем у калгас, таварыш. Стоячы за адраджэньне калгасаў, няўжо чалавек ня ведае, што яны трымаюцца толькі дзякуючы дзярждатацыі па 140 даляраў на гектар. І калі б такую ж падтрымку мелі прыватныя сельгасвытворцы, то прадукцыя была б у два разы таньней. Адпаведна і прадукты харчаваньня. А ў нас просты чалавек ня тое, што датацыю, зямлю ня можа атрымаць на працягу некалькіх гадоў. І пра якое адраджэньне калгасаў можна казаць, калі яны па два-тры калгасы аб’ядноўваюцца ў адзін, а вынік той жа”.

Ананім: “Адзін галоўны кіраўнік Сказаў аднойчы напрамік: “Дарма пужаць нас шантажом! Усе ў зямлянкі мы пайдзём!”

Дык як жа быць? Хто дасьць парады? Мы гэтую зіму, так сказаць, перажылі, а вось з наступнай. Мо, улетку-восень узяць капаць? А што рабіць старым і адзінокім? Хто дапаможа ім у нялёгкай працы? Сабес, ПШС, моладзевыя арганізацыі? Яшчэ трэба абвесьціць конкурс на лепшы транзытны адказ. І зрабіць яго ўсходнім суседзям у апошні дзень сьнежня, са сьвятам як раз. Тым самым палітыку “бацькі” пацьвердзім. Дзякуй.

P.S Мілінкевічава прапанова -- няўдзячная справа з абодвух бакоў. З аднаго боку, гэта сьведчаньне аб “возе” з байкі Крылова. Калі так хочацца заявіць пра сябе, як пра самастойную палітычную філію, патрэбен пэўны час, каб зразумець, дыстанцаваньне паплечнікаў пайшло на карысьць ці не агульнай справе. З другога боку, сыстэма ўлады поўнасьцю савецкая, і яна не пацерпіць, што нехта “несыстэмны” ўлазіць у ейную палітычную дзейнасьць. Зноў такі патрэбен час, як са знакамітага раману Шэленбэрг браў за свае думкі прапанову Штырліца, сказаныя тым вельмі даўно. У нас дзяржаўная рыторыка аб транзыце і словы паважнага Зянона Станіслававіча з 90-х гадоў. Тут на палітычным Алімпе павінна быць заўсёды адна фігура, вядома якая. Бо інакш патэнцыйная пагрозы сыстэме. І зварот будзе”.

Тарасевіч Іван Васільевіч: “Добры дзень. Радыё Свабода.“Я другой такой краіны ня знаю…,” дзе б кандыдата на прэзыдэнта саджалі ў турму, дзе так танна ацэнена жыцьцё людзей. За тое, што бандыт з “ахранкі” паклаў старога на месяц у бальнічны ложак, аштрафаваны судом аж на 12 тысяч б.р., а чыноўнікам павышаныя пасады. На мае скаргі ані Генпракурор, ані прэзыдэнт не адказалі. Буду рады даведацца Ваша меркаваньне”.

Спадар: “Шаноўныя кіраўнікі і слухачы радыёстанцыі “Свабода”! Я хачу выказаць сваё меркаваньне па тэме “Беларускай Атлянтыды” Тодара Кашкурэвіча наконт паганства і хрысьціянства. Адказы на ўсе пытаньні, хто мы, куды ідзем, што рабіць, ёсьць у васьмі кнігах Уладзімера Мігрэ, беларуса, кніга мае назву “Анастасія,” сэрыя “Звенящие кедры России,” якую можна набыць на кніжным кірмашы на Камсамольскім возеры. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”. Толькі што пачула на “Свабодзе” Лябедзьку. Як грамадзянка Беларусі, я проста абураная словамі апазыцыянэра Лябедзькі! Ён сказаў: “Мы будзем вырашаць, як выкарыстаць патэнцыял Мілінкевіча, якую нішу яму даць”. Што Вы сабе дазваляеце, спадар Лябедзька?! І ў рэшце, хто Вы такі, каб вырашаць лёс Мілінкевіча?! Мілінкевіч – прызнаны бальшынёю народа Беларусі лідэр. Бачыце, Лябедзька будзе вырашаць, якую нішу яму даць! Ганьба! Апазыцыя называецца! Адны амбіцыі, зайздрасьць, фальш! Не з дарма Лукашэнка робіць і гаворыць, што яму ўздумаецца. Так ён будзе доўга правіць. Прабачце, што грубавата. Дзякуй”.

Спадар: “Тут адзін разумны тэлефанаваў, раіў Мілінкевічу, што рабіць. Узяць два адстаючыя калгасы. Дык хачу таму разумніку паведаміць, што ў нас ня тое, што калгас, кволую фэрму ня возьмеш, нават ня купіш яе за грошы ў калгасе, таму што ў іх няма дакумэнтацыі. Яны яе 6 месяцаў будуць рабіць. Нават для таго, каб прадаць, ня кажучы пра тое, каб узяць у арэнду ці на нейкіх ільготных падставах. Дзякую”.

Спадар: “Дарагая “Свабода,” скажыце, як можна чалавеку пражыць за 200 тысяч беларускіх рублёў, якія людзі атрымліваюць у інстытутах, заплаціць за камунальныя, потым за сьвятло, за тэлефон і за праезд. А што застаецца на жыцьцё? Дарагая рэдакцыя, а Лукашэнка хваліцца, што ў сярэднім 350 даляраў, дык няхай дасьць сярэдні 350, хаця б беларускімі, а ня толькі далярамі. Ці можаце Вы адказаць? Гэты бессаромны прэзыдэнт, які прыгнятае народ і потым хваліцца, што народ добра жыве і падвышаецца заробак, пэнсія. Усё наадварот атрымліваецца. Гэта не дзяржава, а прыгняценьне народа. Скажыце, ці можна пражыць на такія грошы?!”

“Дарагая “Свабода,” Вы можаце сказаць, колькі Лукашэнка траціць грошай на глушэньне голасу “Свабоды”? І калі яго сумленьне загаворыць, і ён аддасьць гэтыя грошы бедным пэнсіянэрам і ў інстытуты, гэтыя грошы, якія ён траціць на глушэньне “Свабоды”? Калі ласка, адкажыце на гэта пытаньне. Я ўжо колькі пытаўся, і чаму няма адказу па “Свабодзе”? Ці Вы баіцеся гаварыць, ці глушаць бясконца? Больш ні па якім радыё слухаць няма чаго. Усё пустое”.

Спадар: “Добры вечар, “Свабода”. Дзякуй за выказваньне Сяржука Вітушкі, так здаецца пачулася, гісторыка наконт гэтай Вашай задумкі пра веру. Я ўжо даўно хацеў зьвярнуць Вашу ўвагу на гэтае пытаньне, што яно ня вельмі мне падабаецца. І вось пачуў сугучнасьць маім думкам. І яшчэ была заўвага наконт таго, што Вы спалучалі гэтае пытаньне пра веру і калі-нікалі дадатак давалі да гэтага пытаньня – што дапамагае Вам жыць. Гэта значыць, у другім пытаньні як бы зьмяшчаўся адказ на першае. Верыце і гэта дапамагае Вам жыць. Як бы абавязковы такі дадатак. Вось я салідарны з гісторыкам Сяржуком Вітушкам. Чую ўпершыню, хацелася б, каб такога разумнага чалавека Вы часьцей давалі ў эфір. Я тут прыйшоў з гасьцей, толькі ўключыў прымач, таму не ва ўсім разабраўся. Прашу прабачэньня, калі што ня так выказваю. Дзякуй за такія матэрыялы. Усяго найлепшага”.

Спадарыня: “Хачу задаць пытаньне таму радыёслухачу, які прапанаваў Мілінкевічу, каб стаць прэзыдэнтам падняць некалькі адстаючых калгасаў. Няхай ён назаве хоць адзін калгас, які падняў Лукашэнка перад тым, як стаў прэзыдэнтам”.

Пётар, Магілёў: “Прывітаньне. Мілінкеівч – гэта Хлестакоў беларускі”.

Спадар: “Сёньня паглядзеў па НТВ пра авантуру, якую славуты поп-выканаўца Філіп Кіркораў зьдзейсьніў з нашым незабыўным Калдуном. Варажбітом, я ня ведаю, як гэта назваць. Авантуру якая зьвязаная з Эўрабачаньнем. Ведаеце што, гэта адмываньне грошай, гэта ўсё ясна, гэта ўсё глупства. І зноў жа мы будзем у лепшым выпадку на апошнім месцы на конкурсе, дзе абараняецца прэстыж нацыі. І няўжо не хапае нашым начальнікам у тым жа міністэрстве без усялякіх конкурсаў адправіць на гэты конкурс некага з нашых сапраўды выдатных выканаўцаў тую ж “Atlantica,” якая сапраўды выдатна сьпявае па-ангельску альбо кагосьці з сапраўды знаных зорак нашай музыкі: таго ж Варашкевіча альбо Плясанава, альбо Вольскага, каб сапраўды на цікавым узроўні заявіць пра нашу Бацькаўшчыну, ці кагосьці з салістаў Фінберга. Вось пра што трэба падумаць нашай філярмоніі і міністэрству культуры. Вельмі сумна, што зноў мы будзем падстаўляцца, хаця зноў жа і дзяржава заяўляе, што трэба дбаць пра прэстыж краіны. На жаль, Калдуны і Філіпы Кіркоравы, я маю сумнеў, што яны дбаюць пра прэстыж нашай дзяржавы. Гэта, на жаль, вельмі сумна. Дзякуй за ўвагу”.

Спадарыня Інэса: “Хачу адказаць Сяржуку Вітушку, які мае розум, а ня мае веры. Сяржук Вітушка, я ня веру, што можна розум мець бязь веры”.

Спадар: “Добрай раніцы! Да ўсіх патрабаваньняў Эўразьвязу да прэзыдэнта Лукашэнкі я б дадаў яшчэ адно – каб ён пачаў гаварыць па-беларуску ўсюды і ў тым ліку з Пуціным праз перакладчыка. Посьпехаў Вам, да пабачэньня”.

Анатоль, Гомель: “Дзень добры, “Свабода”. Я толькі што паслухаў па Радыё Свабода параду Мілінкевічу ад жыхара Менскай вобласьці, які агучваў нейкі спадар. І я адразу ўспомніў вершы Робэрта Бернса ў перакладзе Маршака:

Склонясь у гробового входа, - О смерть! - воскликнула природа, Когда удастся мне опять Такого олуха создать!..

Гэтыя вершы я да чаго ўспомніў? Таму што чалавек дае параду Мілінкеівчу ачоліць калгас і потым стаць прэзыдэнтам. Калі б была памяць у гэтых людзей, яны б успомнілі, што быў ужо такі чалавек – Старавойтаў, які стварыў калгас і выдатны калгас. І што атрымалася? Ён сеў у турму. Як можна даваць такія парады, ведаючы ўсё гэта?! Няўжо людзі ўжо зусім забылі?!”

Раіса Мікалаеўна, Магілёў: “Добры дзень, адзін слухач “Свабоды” прапаноўвае Мілінкевічу паехаць у вёску і падняць два калгасы. Ці не да таго ўзроўню, да якога ў свой час падняў вельмі вядомы саўгас “Гарадзец” Шклоўскага раёну вельмі вядомы ў Беларусі і нават ва ўсім сьвеце чалавек з пэдагагічнай і эканамічнай адукацыяй. На некага ж трэба раўняцца, як па калгасных мерках. Дзякую”.

Спадарыня: “Добры дзень. Праз Радыё Свабода я хачу зьвярнуцца да Аляксандра Мілінкевіча. Аляксандр Уладзімеравіч, намётавае мястэчка на Кастрычніцкай плошчы можа застацца ў гісторыі адзіным і непаўторным. І 25 сакавіка гэтага году людзі ня выйдуць Вас падтрымаць, калі дэмсілы будуць такімі абыякавымі да лёсаў тых маладзёнаў, якія, рызыкуючы здароўем і жыцьцём, абаранялі ідэалы свабоды пасьля прошлых прэзыдэнцкіх выбараў. Сёньня сталінскі прынцып “быў бы чалавек, а віна знойдзецца” яшчэ працуе, і нашы спэцслужбы ня проста так ядуць свой бэкон з маслам. Я сачу за працэсам над Канстанцінам Лукашовым. Добра, што ён і яго блізкія атрымалі своечасовую падтрымку. На жаль, ёсьць супрацьлеглыя прыклады. Мой сын, які абараняў намётавае мястэчка ўжо паўгода знаходзіцца ў вязьніцы, але пра нас ніхто так і не ўспомніў, хаця дастатковая колькасьць людзей валодае адпаведнай інфармацыяй. Я ня буду нікога ні пра што прасіць, але высновы мы зробім”.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар! Таварыш лукашыст, Вы рэкамэндуеце шаноўнаму спадару Аляксандру Мілінкевічу ўзяць два адстаючыя калгасы і зрабіць іх перадавымі. Наш галоўны начальнік гэтую працу ўжо выканаў. Усе яны перадавыя. Ёсьць такая краіна, як Галяндыя, якая да рэвалюцыі атрымлівала з гектара 70-80 цэнтнэраў збожжа. Для гэтага трэба ліквідаваць прыгоннае права, якое існуе ў нашых калгасах. Вельмі шаноўнаму спадару Аляксандру Мілінкевічу трэба працягнуць сваю працу, як ён рабіў дагэтуль. Што я магу Вам, лукашысты, параіць? Калі можаце, то больш думайце, як яму дапамагчы. 25 сакавіка трэба ўсім ісьці на плошчу Каліноўскага і патрабаваць правесьці тэрміновыя выбары прэзыдэнта. Зваротнага шляху няма. Беларусь апынулася каля разьбітага карыта. А будзе яшчэ горш. Вось над чым трэба думаць”.

Ларыса, Менск: “Адзін слухач прапануе ўвесь час мяняць коней на пераправе. Але калі паслухаеш нашу апазыцыю, дык бачыш, што ў нашых цяперашніх умовах мяняць няма на каго. Няхай апазыцыя сама разьбярэцца ў сваіх заблытаных меркаваньнях. Знайдзіце згоду паміж сабой, дамажыцеся вызваленьня палітвязьняў у першую чаргу. Мілінкевіч стаіць на слушных пазыцыях, калі прапануе перамовы з Лукашэнкам. Перамовы патрэбныя, іх нельга адкладаць на пазьней. Я -- за Мілінкевіча. Разумны, разважлівы чалавек. Дайце яму шырокую дарогу!”

“Наш урад пачаў кідацца з адной крайнасьці ў іншую. Спачатку кінулі кліч палепшыць дэмаграфічнае становішча. Тут ёсьць пэўнае (гаворка адсутнічае) жыльлё. Ну, гэта абяцанка, усё чакаюць. Зараз будуць прыроўніваць становішча ў малых населеных пунктах, рабіць, як у Менску. Беспрацоўных у Менску хапае. І ў Менску, і ў іншых населеных пунктах дайце магчымасьць разьвіваць малы і сярэдні прыватны бізнэс. Гэта дасьць магчымасьць павялічыць колькасьць працоўных месцаў. Ну і яшчэ. Ужо будавалі і будуюць аграгарадкі. Але людзі не задаволеныя. Бо гэта не дае магчымасьці разьвіваць фэрмэрскую гаспадарку. Трэба параіць кіраўнікам, каб аднаўлялі вёскі і разьвівалі фэрмэрскую гаспадарку . Як у нашых суседзяў: у Літве, Латвіі, Эстоніі. Гэта пойдзе на карысьць нашай дзяржаве”.

Леанід Васілец, Смаргонь: “Вельмі ўдзячны за творчасьць і ўдзел у Вашай праграме Ўладзімеру Арлову. Хачу, каб ён пацьвердзіў ці абверг інфармацыю газэты “Звязда” ад 9 лютага гэтага году аб тым, што францускі фантаст Жуль Вэрн родам з Полацку, і сапраўднае яго прозьвішча Альховіч”.

Аляксандар Лапіцкі: “Шаноўнае радыё! Той, хто вядзе па Вашым радыё размову аб дыялёгу Лукашэнкі з Захадам, ганьбіць Расею і Пуціна, той не разумее, што толькі з дапамогай Расеі, а не з дапамогай Захаду, з дапамогай Пуціна ці іншага кіраўніцтва Расеі мы зможам пазбавіцца ад Лукашэнкі”.

Спадарыня:

Спадар: “Прачытаў мэмуары Густава Манэргейма, стваральніка незалежнай Фінляндыі. Там ёсьць словы, да якіх павінна прыслухацца наша апазыцыя. Вось яны: “Я хачу сказаць нашчадкам, што спрэчкі ва ўласных шэрагах б’юць мацней, чым зброя ў рукох тых, хто нас ненавідзіць. А ўнутраныя супярэчнасьці расчыняюць шырока дзьверы перад ворагам, які прыходзіць звонку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG