У Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня таксама зазначылі: гандаль курыным мясам ажыцьцяўляецца якраз на вываз зь Беларусі.
Сытуацыю ўдакладняе кіраўнік Дзяржаўнай вэтэрынарнай інспэкцыі Аляксандар Аксёнаў:
Аксёнаў: “Мы з Расеі пастаўлялі толькі паўфабрыкаты: катлету, “згорнутую” курыцу, розныя палачкі й гэтак далей, якія былі ўжо тэмпэратурна ці хімічна апрацаваныя. А гэтая прадукцыя ніякай небясьпекі не ўяўляе.
Ну, і мы ўчора зьвязваліся з кіраўніком вэтэрынарнай службы Расеі, і ён патлумачыў: захворваньне зьявілася на прыватных падворках, завезьлі яго праз птушку з паўднёвых рэгіёнаў, якую потым прадалі на рынку. Ніякай небясьпекі для нас няма. Будзем уводзіць асаблівыя абмежаваньні, калі захворваньне раптам зьявіцца на расейскіх птушкафабрыках”.
На беларуска-расейскай мяжы спэцыяльны дагляд не праводзіцца, а прадстаўнік Бранскага ўчастку памежнай службы ФСБ Расеі Андрэй Бакін увогуле схільны лічыць, што за ажыятаж вакол птушынай эпідэміі адказныя журналісты.
Бакін: “Я, як афіцыйны прадстаўнік ФСБ Расеі на Бранскім участку памежнага ўпраўленьня, канстатую: у нас пакуль усё нармалёва. І ўвогуле, я сказаў бы: у бальшыні выпадкаў вашы выданьні беларускія вельмі шмат кажуць лішняга”.
Тым часам на буйных птушкафабрыках Маскоўскай вобласьці ўведзены карантын. У бальшыні расейскіх рэгіёнаў пачалі вакцынацыю хатняй птушкі.
Ад 1 сакавіка пад “хатні арышт” возьмуць і беларускіх кураў, а таксама іншых прадстаўнікоў птушынай хатняй фаўны. Перадусім, гэта тычыцца прылеглых да водных артэрыяў рэгіёнаў, дзе найбольш верагодныя кантакты зь дзікімі суродзічамі, якія хутка пачнуць вяртацца з поўдня.