Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вы ацэньваеце магчымасьць дыялёгу ўлады і апазыцыі?


Альгерд Невяроўскі, Менск Аляксандар Мілінкевіч прапанаваў Аляксандру Лукашэнку распачаць дыялёг паміж уладай і апазыцыяй. Як вы ставіцеся да гэтага? Гэтае пытаньне мінакам на менскіх вуліцах задаваў наш карэспандэнт.

Малады спадар: “Вельмі добра, калі гэты дыялёг адбудзецца. Увогуле, я падтрымліваю Мілінкевіча амаль ува ўсіх пытаньнях, але сумняваюся, што гэты дыялёг адбудзецца. У нас апазыцыя не падтрымліваецца ўладай, але без апазыцыі ня можа быць сучаснай улады, таму і трэба гэты дыялёг праводзіць”.

Спадар: “Дыялёг заўжды неабходна праводзіць, шукаць нейкіх канструктыўных шляхоў у вырашэньні нейкіх праблемаў, калі ўзьнікаюць супярэчнасьці ці зь вялікай масай людзей, ці нават з маленькай – у любым выпадку, гэтую праблему неабходна абмяркоўваць, і рашэньне павінна быць”.

Спадарыня: “Наагул, я на баку Мілінкевіча, мне падабаецца ягоная пазыцыя, і я з многім ня згодная ў палітыцы Лукашэнкі, гэта наагул трэба шчыра сказаць. Я пэнсіянэрка, асабліва газэтамі не захапляюся, раней у мяне былі ўсе выданьні, больш магчымасьцяў стварыць уласнае меркаваньне, але ўсё-ткі я Мілінкевіча падтрымліваю. З дапамогай дыялёгу заўсёды вырашаюцца пытаньні. Не халоднай вайной, не гарачай, а толькі дыялёгам”.

Дзяўчына: “Станоўча стаўлюся, таму што я лічу, што кансэнсус заўсёды больш карысны, чым гэтая бясконцая вайна, таму было б нядрэнна, каб канец канцоў дамовіліся”.

Спадарыня: “Я сумняюся, што з Лукашэнкам наагул нейкі дыялёг магчымы. Таму што ён дыктатар, самы яўны дыктатар, які прызнае толькі сваё меркаваньне”.

Спадар: “Гэта добра. Знойдуць агульную мову – лепш будзе, будуць нейкія адносіны паміж імі. Лепш будзе для ўсіх, калі яны знойдуць агульную мову”.

Малады спадар: “Станоўча стаўлюся. Трэба шукаць нейкія шляхі сумеснага пражываньня, так бы мовіць”.

Малады спадар: “Я супраць апазыцыі наагул. Таму што мяне мой прэзыдэнт цалкам задавальняе”.

Малады спадар: “Я толькі “за”, хай будзе дыялёг. У кожнага сваё меркаваньне, мне здаецца, прыйшлі б да нейкага кампрамісу”.

Спадарыня: “Я згодная, каб быў дыялёг. Як заўсёды кажуць – перамовы лепш, можна дамовіцца – навошта быць, ведаеце, на нажах?”

Малады спадар: “Станоўча. Цяперашняя ўлада павінна лічыцца з апазыцыяй. Гэта нармальны кантакт”.

Спадар: “Слушна, хай арганізуюць дыялёг. Хай дамовяцца, якія мінусы, плюсы, што наагул рабіць. Бо пакідаць гэта без увагі немагчыма і няправільна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG