Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандру Казуліну працягнулі рэжым выхаду з галадоўкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адміністрацыя калёніі “Віцьба-3” працягнула адмысловы рэжым для Аляксандра Казуліна, у якога пасьля спыненьня 53-трохдзённай галадоўкі рэзка пагоршылася здароўе.

“Адмысловы рэжым для Аляксандра Казуліна не закончыўся. Пакуль усё працягваецца”, — паведаміў “Свабодзе” Руслан Прымак, намесьнік начальніка віцебскай калёніі “Віцьба-3”, дзе ўтрымліваюць Аляксандра Казуліна.

Раней адвакатам і сваякам асуджанага ў калёніі казалі, што 15 лютага Аляксандра Казуліна перавядуць на звычайны рэжым утрыманьня і прымусяць зноў працаваць. Цяпер Аляксандар Казулін па-ранейшаму мае права не выходзіць на працу — яго глядзяць лекары, ён атрымоўвае адмысловае харчаваньне, з улікам былой галадоўкі.

Праўда, пра цяперашні стан здароўя Казуліна міліцыянт гаварыць адмовіўся.

Летась у сьнежні, пасьля заканчэньня галадоўкі, якая працягвалася 53 дні, Аляксандар Казулін адчуў сябе вельмі дрэнна. На спатканьні са сваякамі ён казаў: “Было адчуваньне, што цела зараз разарвецца”. У палітыка апухлі ногі й рукі, рэзка ўпаў ціск. Турэмныя мэдыкі рэкамэндавалі Аляксандру Казуліну ляжаць і адмыслова харчавацца. Што гэта азначае, патлумачыла жонка палітыка Ірына Казуліна:

Казуліна: “Гэта калі ён можа атрымліваць малочныя харчы, нешта адмысловае набываць у харчовым кіёску і мае права гатаваць сабе адмысловыя стравы”.

Апошні раз Ірына Казуліна бачылася з мужам пры канцы студзеня. Жанчына згадвае, што Аляксандар Казулін трымаўся бадзёра, але адзначала, што “ад ранейшай постаці нічога не засталося, былая вага да яго гэтак і не вярнулася, ногі й рукі па-ранейшаму апухлыя”.

Ірына Казуліна выказваецца за працяг адмысловага рэжыму для яе мужа, пакуль ён не ачуняе.

Казуліна: “Калі толькі спыняць гэты рэжым, то гэта будзе вельмі моцны ўдар па ягоным здароўі. Ня ведаю, як далей ён будзе існаваць, бо ежу, якую даюць у калёніі, ягоны арганізм не прымае”.

Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня — яго абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў летась 25 сакавіка. Вінаватым сябе палітык не прызнае й тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Урады ЗША і краінаў Эўразьвязу патрабуюць ад беларускіх уладаў вызваленьня палітвязьняў — і Аляксандра Казуліна ў тым ліку.


Адвакат Казуліна падасьць скаргу ў Вярхоўны суд

Казулін просіць пракуратуру завесьці справу пра фальсыфікацыю выбараў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG