Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва прапануе Беларусі і Ўкраіне разам шукаць альтэрнатыўныя пастаўкі нафты</>


Радыё Свабода Прэзыдэнт Літвы Валдас Адамкус прапанаваў Менску і Кіеву перайсьці на альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі нафты. Гэтае пажаданьне ён выказаў падчас свайго візыту ў ЗША. Кіраўнік літоўскай дзяржавы дадаў, што ягоная краіна разам зь Беларусьсю і Ўкраінай працуе над праектам альтэрнатыўных паставак празь літоўскі порт Клайпеда.

Беларусь зацікаўленая ў дывэрсыфікацыі паставак нафты. Пра гэта сёньня заявіў, адказваючы на пытаньне нашага радыё, прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Андрэй Папоў:

Папоў: “Я лічу, што дывэрсыфікацыя крыніцаў атрыманьня энэрганосьбітаў ёсьць справай цалкам натуральнай і нармальнай для любой краіны. І Беларусь у гэтым сэнсе не выключэньне. Цяпер мы гэтым пытаньнем актыўна займаемся і будзем працягваць гэтую справу і надалей”.

Новы амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас гаворыць, што пакуль афіцыйнай прапановы Вільні Менску скарыстацца клайпедзкім тэрміналам і літоўскай чыгункай ня было:

Багдонас: “Афіцыйнай прапановы яшчэ няма. Але мы разглядаем такую магчымасьць. Калі нафта дойдзе морам да Клайпеды, дык існуюць два шляхі яе дастаўкі ў Беларусь. Першы — чыгункай, другі — праз нафтаправод. Але ў другім варыянце патрэбна зрабіць шмат тэхнічных удасканальваньняў, прынамсі, так званы рэвэрс”.

Варыянт дастаўкі нафты ў Літву, Беларусь і Ўкраіну прадугледжвае выкарыстаньне нафты перадусім з Нарвэгіі й Вэнэсуэлы. Спэцыялісты кажуць, што гэта прымальны варыянт для Літвы, якой не патрэбная вялікая колькасьць нафты.

А вось для Ўкраіны і Беларусі кардынальна зьмяніць дывэрсыфікацыю немагчыма, і таму літоўскі варыянт не выглядае прымальным, лічыць экспэрт маскоўскага Цэнтру Карнэгі Мікалай Пятроў:

Пятроў: “Мне падаецца, што гэты варыянт нерэальны. Безумоўна, ёсьць сэнс для Беларусі заняцца дывэрсыфікацыяй. Але ж разглядаць у якасьці альтэрнатыўных крыніцаў Нарвэгію, а тым больш Вэнэсуэлу, не выглядае эканамічна абгрунтаваным. Да таго ж мне падаецца, што тут узьнікае яшчэ адна складанасьць — тэхналягічная: кожнае прадпрыемства працуе на пэўным тыпе нафты і ня можа яе проста так кожны раз зьмяняць. Ня думаю, што тут можа быць хоць нейкая эканамічная мэтазгоднасьць”.



У студзені, адказваючы на пытаньні ўдзельнікаў онлайн-канфэрэнцыі на нашым сайце, аўтар ідэі Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару Станіслаў Гусак высока ацаніў патэнцыял паліўнага рынку Балтыйскага мора. Паводле яго, праз парты Балтыкі дастаўка танкерамі нафты вельмі танная, і нават з Вэнэсуэлы яна будзе складаць ня больш чым 7 адсоткаў ад кошту нафты.

Прачытаць онлайн з Станіславам Гусакам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG