Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч тлумачыць адмову ад удзелу ў Кангрэсе. Камэнтары палітыкаў (аўдыё)


Радыё Свабода Былы кандыдат на пасаду прэзыдэнта Беларусі, старшыня Палітычнай рады аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандр Мілінкевіч заявіў пра немагчымасьць свайго ўдзелу ў маючым адбыцца ў сакавіку Кангрэсе дэмакратычных сілаў.

Паводле Мілінкевіча, нягледзячы на тое, што да Кангрэсу застаўся адзін месяц, да гэтага часу не існуе ўзгодненых пазыцый па ягоным зьмесьце і мэтах, а замест арганізацыі супольнай працы некаторыя кіраўнікі партый пачалі займацца ўнутранымі спрэчкамі. “Я больш не магу заставацца закладнікам такой сытуацыі. Я супраць таго, каб канкурэнцыя паміж лідэрамі партый паглынула ўвесь патэнцыял дэмакратычнай кааліцыі. Таму заяўляю пра немагчымасьць майго ўдзелу ў маючым адбыцца ў сакавіку Кангрэсе, бо ён прывядзе толькі да раз’яднаньня дэмакратычных сілаў”, -- заявіў Алясандар Мілінкевіч.

Аляксандар Мілінкевіч перакананы, што Кангрэс прывядзе толькі да разьяднаньня дэмакратычных сілаў.

Слухаць:



Мілінкевіч: "Па-першае, я неаднойчы паўтараў, што Кангрэс патрэбны, каб аб’яднаць кааліцыю і абраць адзінага лідэра, і адзіны штаб стварыць, і працаваць усім разам. То бок, калі ён аб’ядноўвае, значыцца, патрэбен. І гэта была мая жорсткая ўмова. Я не баюся канкурэнцыі і гатовы зноў уступаць у спаборніцтва. За лідэрства. Але калі кааліцыя прыняла рашэньне, што будзе ратацыя, я адразу сказаў, што мяне гэта не цікавіць. Таму што ратацыя – гэта няма лідэра і ўсе лідэры адначасова. І гэта кожны лідэр на пару месяцаў і потым мяняецца. І раз на тры гады ты будзеш лідэрам. Такімі "растапыранымі пальцамі" не выйграюць ў дыктатуры. Вось такая была мая пазыцыя. І калі вось рыхтуецца гэты Кангрэс, і да таго ж у рэгіёнах вялікае расчараваньне тым, што шмат сфальсыфікаваных падпісных лістоў паздавалі людзі. І ёсьць іншыя прычыны. Але для мяне самае галоўнае, што калі няма абраньня адзінага лідэра. То такі кангрэс – нецікавы. Ён толькі пасварыць людзей".

Рашэньне Аляксандра Мілінкевіча адмовіцца ад удзелу ў Кангрэсе мы папрасілі пракамэнтаваць чальцоў Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў.

Нам так і не ўдалося зьвязацца з кіраўніком Партыі БНФ Вінцуком Вячоркам і лідэрам Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатолем Лябедзькам.

Камэнтар лідэра Партыі камуністаў Беларускай Сяргея Калякіна:

Слухаць:



Калякін: "Любая гучная заява, як правіла, не мае пад сабой ніякіх падставаў. Так і з гэтай заявай. Гэта гучны выклік, але для якога няма ніякіх падстаў. На мой погляд, чалавек гэты не вельмі ўпэўнены ў тым, што ён можа атрымаць на гэтым Кангрэсе падтрымку. Таму ён сышоў з дыстанцыі, нават не спрабуючы неяк паспаборнічаць у гэтай справе. Бо любы чалавек, які зыходзіць, ён заўсёды не мае рацыі. Але гэта ніяк не паўплывае на тое, што будзе адбывацца ў Рэспубліцы Беларусь і тым больш на Кангрэс – адбудзецца ён ці не".

Старшыня Арганізацыйнага камітэту ў справе падрыхтоўкі Кангрэсу дэмакратычных сіл Аляксандар Бухвостаў выказаў сваё меркаваньне:

Слухаць:



Бухвостаў: "Гэта меркаваньне Мілінкевіча я расцэньваю як раскол апазыцыі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў я цалкам падтрымліваў Мілінкевіча, лічыў, што трэба працягваць справу, каб Мілінкевіч быў на чале дэмакратычных сіл. Не хацелася б, каб гублялася пераемнасьць, як мы яе страцілі ў выпадку Ганчарыка. Але, на жаль, так не атрымалася. Мне здаецца, што Мілінкевіч мала ўвагі ўдзяляў працы ўнутры Беларусі. Не працаваў ён над тым, каб сыстэматызаваць дзейнасьць апазыцыі як лідэр. І таму, натуральна, лідэры самых буйных палітычных партыяў яго перасталі падтрымліваць. Значыцца, Кангрэс будзе праходзіць без яго".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG