Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бровары Беларусі гатовыя прадаваць свае актывы замежным кампаніям


Ігар Карней, Менск Беларускія бровары, якія яшчэ нядаўна лічыліся стратэгічнымі аб’ектамі і на якія шмат у чым штучна абмяжоўваўся доступ замежнага капіталу, цяпер актыўна акцыянуюцца. Усьлед за менскай “Аліварыяй”, куды пасьля няўдачы з “Крыніцай” апасродкавана вярнулася расейская “Балтыка”, стаць яшчэ некалькімі пляцоўкамі ўсясьветна вядомых вытворцаў могуць і іншыя піўныя прадпрыемствы краіны.

Зьдзелка паміж менскім броварам “Аліварыя” і швэдзкім канцэрнам “Baltic Beverages Holding” (ВВН) адбылася бязь лішняй рэклямы. “BBH” набыў 30% акцый піўзаводу амаль за 19 мільёнаў даляраў. Варта нагадаць, што ў 2001-м адно з прадпрыемстваў “BBH” – “Балтыка” з Санкт-Пецярбургу – цікавасьць да беларускага рынку ўжо выяўляла. Аднак спробы замацавацца на сталічнай “Крыніцы” завяршыліся скандалам – Аляксандар Лукашэнка нечакана адмовіўся аддаваць кантрольны пакет акцый асноўнага півавара краіны.

На “Балтыцы” ня вельмі ахвотна ўзгадваюць той досьвед і падкрэсьліваюць: гэтым разам зьдзелка падпісвалася ад імя “Baltic Beverages Holding”. Прадстаўнік піцерцаў Аляксандар Собалеў тлумачыць: міжнародны канцэрн ёсьць буйнейшым акцыянэрам заводу і кантралюе 86% капіталу “Балтыкі”.

Собалеў: “Было падпісанае пагадненьне ад імя “ВВН”. “Балтыка”, у сваю чаргу, ёсьць часткай “ВВН”. То бок, гэта выключная ініцыятыва канцэрну, і “Балтыка” тут толькі ўскосна фігуруе”.

Карней: “То бок, гатункі “Балтыкі” ў Менску вырабляцца ня будуць?”

Собалеў: “Нашыя брэнды на вашым рынку ўжо даўно прысутнічаюць, дзеля справядлівасьці. Але што да выпуску аднайменнай прадукцыі на “Аліварыі”, то пакуль такіх плянаў няма. Так, “ВВН” – наш акцыянэр. Канешне, у іх свая актыўнасьць, яны праводзяць сваю палітыку. Апроч кансалідаваных актываў у Расеі, куды ўваходзіць і “Балтыка”, у іх ёсьць яшчэ актывы ў краінах СНД”.

Экспэрт у піўной галіне, эканаміст Аляксей Марозаў расказвае: шэраг іншых буйных бровараў краіны гатовыя бліжэйшым часам вызначыцца ў акцыянаваньні прадпрыемстваў. Сярод вядомых міжнародных холдынгаў, якія маюць інтарэс да беларускага піўнога рынку, экспэрт называе, перадусім, трэцюю паводле велічыні кампанію са штаб-кватэрай у Лёндане “SABMiller” (South African-Bavaria-Miller) і нямецкі канцэрн “Heineken”.

Марозаў: “Па “Аліварыі” пытаньне вырашанае – там акцыянэрам “ВВН”. На “Крыніцы” зараз ідзе ацэнка акцый і меціць туды “SABMiller”. На Берасьце мае інтарэс “Heineken”. Пакуль адносна Ліды не да канца зразумела, хто туды зьбіраецца (зачасьціў “Heineken”), і па Рэчыцы няма пэўнасьці. Усё гэта тычыцца ня толькі пераабсталяваньня і мадэрнізацыі ліній – яны проста скупляюць брэнды. Таму сумняюся, што беларускія заводы застануцца беларускімі – будуць вытворчыя пляцоўкі ў рамках гэтых міжнародных канцэрнаў. Назвы “Крыніца”, “Аліварыя”, “Баброў”, пэўна, застануцца, але ж з карэктывамі – на той жа “Аліварыі” “ВВН” ужо належыць 31% акцый”.

Што прымусіла беларускія бровары зьвярнуцца да замежнага капіталу? Як кажуць экспэрты, галоўнай прычынай тое, што беларускія банкі практычна спынілі крэдытаваць бровары, якія, па сутнасьці, не канкурэнтаздольныя на ўнутраным рынку. Паводле Аляксея Марозава, калі расейскія вытворцы могуць у Беларусі дэмпінгаваць бяз стратаў для сябе, то беларускае піва выключна даражэе. Пры гэтым якасьць напою пакідае жадаць лепшага – у Беларусі дагэтуль існуе забарона на імпарт піваварнага ячменю. Да таго ж, згодна з пастановай Саўміну, ад 1 сакавіка скасоўваюцца абмежаваньні на доступ расейскага піва на ўнутраны рынак, якія дзейнічалі апошнія чатыры гады.

Марозаў: “Навіна ў чымсьці дрэнная, бо Расея і так дэмпінгуе. У сваім сэктары дыстрыбутары могуць рэальна зьнізіць кошт працэнтаў на 20, абсалютна спакойна. У іх і так закладзены сур’ёзны прыбытак, адкаты, бонусы, маркетынгавыя мерапрыемствы. То бок, прыходны кошт – на ўзроўні 500-600 рублёў за бутэльку. Дарэчы, і ўкраінскае піва вельмі моцна зараз набірае абароты. Хіба толькі нямецкія ды чэскія гатункі, што пастаўляе “Пивной ряд” (“Будвайзэр”, “Паўляйнэр”), якія завозяць з усімі растаможкамі і коштам 5-6 тысяч рублёў, мы можам у якасьці канкурэнтаў не разглядаць”.

Дагэтуль рэалізацыя расейскага піва на тэрыторыі Беларусі вялася праз склады часовага захоўваньня і толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў адмысловага ўзору, якія пацьвярджалі легальнасьць тавару. Але аналіз сытуацыі на піўным рынку пасьля ўвядзеньня ў 2005 годзе абавязковай маркіроўкі імпартаванага і мясцовага піва паказаў: ахоўная схема ў дачыненьні да расейскага піва больш не актуальная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG