Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Альбом сямейны”: першыя водгукі


Ганна Соўсь, Менск Выйшла адзінаццатая кніга ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе” — “Альбом сямейны” Вінцэся Мудрова. У выданьне ўвайшлі зацемкі аўтара, якія гучалі на хвалях Радыё Свабода больш як пяць месяцаў і нагадвалі слухачам пра страшныя, сьмешныя й забытыя словы савецкай эпохі. Перадача гучала на хвалях Свабоды з чэрвеня па лістапад. У кнігу трапілі 99 эсэ са 110, якія прагучалі ў эфіры.

“Хаця б на дзянёк туды вярнуцца, але не затрымлівацца”

Адным з першым “Альбом сямейны” прачытаў бард Зьміцер Бартосік. Ён згадвае, як некалькі дзён таму едучы ў аўтобусе, уголас чытаў кнігу Мудрова.

Бартосік: “Кожны разьдзел смакавалі, як нейкае вытанчанае кушаньне. Прычым кайфавалі тыя, хто яшчэ засьпеў дзяцінства пры Савецкім Саюзе. А тыя, хто не засьпеў, глядзелі на нас, як на вар’ятаў: а што там такога добрага было. Я вельмі рады, што я засьпеў гэты час, 70-ыя гады, калі была адна няшчасная каўбаса па 2.20. Але з добрым пачуцьцём гэты час згадваю, вядома, не з-за ідыятызму, які тады панаваў. А ў прынцыпе людзі, якія нарадзіліся ў тыя часы, ў большасьці атрымалі нейкую прышчэпку, якая называецца “не хлебам адзіным”. Сапраўды, хацелася б хаця б на дзянёк туды вярнуцца, але ні ў якім разе не затрымлівацца”.

“Цяпер сыходзіць савецкі лад, савецкі горад”

А гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі лічыць, што кніга вартая ўвагі перадусім ня толькі старэйшага пакаленьня, якое памятае апісаныя Мудровам рэаліі і зьбіраецца па іх настальгаваць.

Харэўскі: “Найперш яна мае вартасьць і каштоўнасьць для тых, хто ня ведае гэтых рэаліяў, хто нарадзіўся ў іншую эпоху, для тых, каму гэтыя самыя словы падаюцца сапраўднай экзотыкай і гучаць, як назвы з далёкіх краінаў. Што тычыцца самога праекту, то гэта вельмі важны праект, на маю думку, таму што шмат што сыходзіць зь яснай явы. Раней беларусы гаварылі, што сыходзіць вёска. Цяпер сыходзіць гэты савецкі лад, савецкі горад. Так што у гэтым сэнсе можна толькі павіншаваць нашага калегу з такім цікавым, іранічным і дасьціпным праектам”.

“Тут вельмі малы памер”

А ў сьпевака, актора і шоўмэна Віктара Шалкевіч ёсьць і крытычныя заўвагі на адрас кнігі Мудрова.

Шалкевіч: “Для мяне Мудроў быў, ёсьць і будзе адным з лепшых пісьменьнікаў Беларусі. Вінцэсь у чым моцны? Ён моцны заўсёды, калі ён піша вялікія добрыя апавяданьні, дзе ў яго ўсё здорава, усё падрабязна, і з гэтага складаецца вельмі прывабная карціна. Проста тут вельмі малы памер. Як мятная цукерка, толькі пачаў, і яны ўжо ў роце растала. Па-другое, на маю думку, пра такія рэчы пішацца даўжэй, больш і цікавей. А тут на ўсім ёсьць такі налёт публіцыстыкі. Я б жадаў, каб сам Вінцэсь сеў і кожную тэму, якая ёсьць у кніжцы, распрацаваў бы глыбей, больш дасканала. І з гэтага атрымалася вельмі харошая кніжка”.

Прэзэнтацыя “Альбому сямейнага” адбудзецца ў чацьвер, 15 лютага ў Палацы мастацтваў а 16-й гадзіне. Уваход вольны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG