Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што вабіць у патэнцыйным партнэру?


Юрась Бушлякоў, Прага 14 лютага ў многіх краінах сьвету адзначаць Дзень сьвятога Валянціна – дзень закаханых. Напярэдадні сьвята брытанская “Daily Telegraph” правяла інтэрнэт-дасьледаваньне, паставіўшы за мэту вызначыць, што для мужчынаў найбольш прывабнае ў жанчынах і, наадварот, што найбольш вабіць жанчын у мужчынах.

Бальшыня высноваў здалася мне абсалютна чаканаю. Напрыклад, тое, што мужчыну, каб зацікавіць, прывабіць жанчыну, трэба быць багатым, уплывовым, разумным і вясёлым, і чым больш прывабная жанчына, на ўвагу якой прэтэндуе гэты мужчына, тым важнейшыя для яе гэтыя фактары.

Дасьледаваньне “Daily Telegraph” паказала, што адно з найбольшых адрозьненьняў паміж мужчынамі і жанчынамі – у стаўленьні да значнасьці фінансавых рэсурсаў. Наяўнасьць фінансаў прыблізна на 50 працэнтаў важнейшая для жанчын, чым для мужчынаў. Крыху меншы, але, тым ня менш, вялікі разрыў – у ацэнцы кар’ерных амбіцыяў: для жанчын важна, каб у мужчыны яны былі, мужчыны ж нячаста абумоўліваюць свой выбар жанчыны наяўнасьцю ў яе кар’ерных амбіцыяў.

Што яшчэ паказала інтэрнэт-дасьледаваньне брытанскай газэты? Напрыклад, тое, што жанчыны часьцей, чым мужчыны, унікаюць самага прывабнага партнэра, нават калі й лічаць, што могуць яго займець – унікаюць, бо лічаць, што, хаця першыя сустрэчы й могуць быць найцудоўныя, у доўгатэрміновай пэрспэктыве меншая праўдападобнасьць, што такі найпрывабнейшы партнэр застанецца верны. Ну а мужчыны тут больш прадказальныя: яны ў цэлым сьмялей аддаюць перавагу найбольш эфэктным фізычна жанчынам – незалежна ад сваёй здольнасьці ўтрымаць такую супэрэфэктную партнэрку.

Найбольш прывабнымі якасьцямі патэнцыйнага партнэра большасьць як мужчынаў, так і жанчын назвалі пачуцьцё гумару і розум. Затым ужо ў сьпісе тых якасьцяў, якія найбольш патрэбныя жанчынам – здольнасьць мужчыны даць эмацыйную падтрымку. Што ж да мужчынаў, то яны пасьля пачуцьця гумару і розуму на трэцяе месца ў патэнцыйнай партнэркі ставяць яе выгляд.

Можна тут яшчэ дадаць, што асабліва прывабныя жанчыны (як яны сябе самі характарызавалі) часьцей чым астатнія жанчыны адзначалі, што іх цікавяць багатыя і ўплывовыя мужчыны з амбіцыямі. Іначай кажучы, жанчыны, якіх дабіваюцца, яўна шукаюць “мужчыну з плянамі”.

І яшчэ на заканчэньне – пра мужчынаў “высокага палёту”. Паводле дасьледаваньня “Daily Telegraph”, прыблізна ў аднаго з 10 мужчынаў, якія заявілі, што зарабляюць больш за 100 тысяч фунтаў за год, хаця вонкава яны нічым ня розьніліся ад астатніх мужчынаў, выявіліся два важныя адрозьненьні. Цікавасьць да палітыкі і актуальных падзеяў аказалася ў іх прыблізна на 10 працэнтаў вышэйшыя. Так што, піша “Daily Telegraph”, “калі жанчына хоча павысіць свае шанцы на прывабліваньне такога мужчыны, яна павінна прагортваць старонкі моды і вывучаць разьдзел навінаў”.
XS
SM
MD
LG