Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ заснавала прэмію (фота)


Радыё Свабода У сядзібе БНФ адбылася прэсавая канфэрэнцыя з нагоды забароны канцэрту да Дня сьвятога Валянціна. “Моладзь БНФ” і камісія па культуры прэзэнтавалі музычны дыск Сержука Сокалава-Воюша “Песьні лісоўчыкаў”, а таксама абвясьцілі пра заснаваньне прэміі Партыі БНФ.

Адміністрацыя Дому літаратара, дзе плянаваўся канцэрт, адмовілася даць у арэнду памяшканьне — як паведамілі, з тэхнічных прычынаў.

Але насамрэч чыноўнікаў мог напалохаць зьмест імпрэзы пад назвай “Дзень сьвятога Канстанціна”. Маладзёны плянавалі паказаць асобу Кастуся Каліноўскага, дзень народзінаў якога прыпадае на люты, як сучаснага маладафронтаўца, паведаміў адзін з арганізатараў Франак Вячорка.

Вячорка: “Мы хацелі постаць Кастуся Каліноўскага і лісоўчыкаў параўнаць з тымі самымі маладымі людзьмі, якія ў сакавіку 2006 году стаялі на плошчы Каліноўскага. Якія не лякаліся, а рабілі ўсё, што ў іхных сілах, дзеля незалежнасьці й свабоды Беларусі”.





Да так званага “Дня сьвятога Канстанціна” таксама быў прэзэнтаваны музычны дыск Сержука Сокалава-Воюша “Песьні лісоўчыкаў”. Гаворыць выдавец кружэлкі Віталь Супрановіч.

Супрановіч: “Гэты дыск цікавы тым, што ўпершыню на ім зьявіўся цыкль “Песьні пра лісоўчыкаў”, дзе Сокалаў-Воюш выступае ўжо ў новым амплюа”.



Падчас прэсавай канфэрэнцыі таксама было абвешчана, што камісія па культуры Партыі БНФ заснавала прэмію. Штогод ёю будуць ганараваць людзей, якія дасягнулі посьпехаў у галіне навукі, культуры й грамадзкім жыцьці. Асобна вылучана прэмія імя Антона Луцкевіча, якой будуць узнагароджваць людзей за іншыя заслугі, кажа спадар Вячорка.

Вячорка: “Мэта прэміі — узьняць на нейкі ўзровень тую ініцыятыўнасьць і тую дзейнасьць людзей, якія працуюць ва ўмовах ціску і аўтарытарнага рэжыму”.

Прэмія Партыі БНФ — гэта бронзавая статуэтка з выявай “Пагоні”. Першыя намінанты атрымаюць яе на Дзень Волі, 25 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG