Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: “Мілінкевіч хай лепш працуе ў Беларусі, а не за мяжой”


Радыё Свабода Ці чулі вы, што Аляксандар Мілінкевіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі з прапановай распачаць дыялёг? І як да гэтага ставіцеся? З такімі пытаньнямі карэспандэнтка “Свабоды” зьвярнулася да людзей на вуліцах Менску.

Спадар: “Так, я чуў”.

Карэспандэнтка: “І як вы да гэтага ставіцеся?”

Спадар: “Добра я да гэтага стаўлюся. Я лічу, што імавернасьць гэтага ёсьць. Невялікая, але ёсьць. Таму што Лукашэнка цяпер у вельмі цяжкім стане — яму не пазайздросьціш. Таму, магчыма, каб палепшыць дачыненьні з Захадам, ён можа пайсьці на дыялёг з апазыцыяй”.

Спадарыня: “Не, я ня чула”.

Юнак: “Ня чуў”.

Спадар: “Добра стаўлюся. Размаўляць трэба Лукашэнку з апазыцыяй”.

Спадар: “Мы сваё слова сказалі 19 сакавіка. Мілінкевіч атрымоўвае ўзнагароды — няхай працуе лепш у Беларусі, а не за мяжой”.

Спадар: “Дыялёг — заўсёды разьвязаньне нейкіх праблемаў, якія існуюць паміж людзьмі. Толькі дзякуючы дыялёгу ёсьць магчымасьць давесьці сваё гледзішча на тыя працэсы, якія адбываюцца цяпер у грамадзтве”.

Спадарыня: “Станоўча я да гэтага стаўлюся. Няхай размаўляюць. Але што будзе далей, я ня ведаю, якая палітыка атрымаецца”.

Юнак: “Я чуў нешта такое, але падрабязна — хто, з кім, навошта — я ня ведаю”.

Спадар: “Трэба ведаць, хто такі Лукашэнка. Таму, я перакананы, гэта немагчыма. Гэта кшталту Ёсіпа Тыта, які стараўся быць і там, і там, а сам нешта сабе задумляў. Таму ні на Захадзе, ні на Ўсходзе ня будзе ў яго плёну”.

Спадарыня: “Я нічога ня чула пра гэта”.

Карэспандэнтка: “А як вы думаеце, магчымыя перамовы улады з апазыцыяй?”

Спадарыня: “Спрабаваць заўсёды трэба”.

Юнак: “Няхай размаўляюць. Размаўляць заўсёды варта. Магчыма, знойдуць агульную мову. Дыялёг заўсёды карысны”.

Спадар: “Я палітыкай ня цікаўлюся. Мне ўсё адно”.

Спадар: “Перамовы ў прынцыпе магчымыя. Таму што разумныя людзі заўсёды дамаўляюцца між сабой”.

Дзяўчына: “Я пра такое першы раз чую. Ня ведаю”.

Карэспандэнтка: “Вы чулі, што былы кандыдат у прэзыдэнты Мілінкевіч зьвярнуўся з адкрытым лістом да Лукашэнкі й прапануе наладзіць дыялёг?”

Спадар: “Не, я гэтага ня ведаю”.

Карэспандэнтка: “А як вы лічыце, ці магчымыя перамовы улады з апазыцыяй?”

Спадар: “Думаю, гэта немагчыма. Практыка ўжо паказала”.

Спадарыня: “Я ня чула. Я прыхільніца Лукашэнкі, таму думаю, гэта залежыць ад уладаў нашых”.

Спадар: “Я думаю, дыялёг не патрэбны. Я задаволены нашым прэзыдэнтам”.

Дзяўчына: “Я ня ўпэўненая, што прэзыдэнт гатовы сесьці за стол перамоваў, у яго ўвогуле свая пазыцыя. Я ня ўпэўненая, што Захад нас гатовы прыняць з такім прэзыдэнтам, з такой палітычнай уладай”.

Спадарыня: “Я ня веру ў гэтыя перамовы”.

Спадар: “Стаўлюся да перамоваў я добра, але думаю, што гэта немагчыма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG