Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Не засталося галіны, у якой не адбылося падвышэньня цэнаў</B>


Ігар Карней, Менск У адпаведнасьці з рашэньнем сэсіі Менскага гарадзкога Савету дэпутатаў, сёлета на тэрыторыі сталіцы будуць дзейнічаць новыя мясцовыя падаткі і зборы. Рэалізацыя дэпутацкай ініцыятывы пачалася ад канца мінулага тыдня. За гэты час цэны практычна на ўсе тавары і паслугі вырасьлі ад 10 да 20% – дагэтуль мінімальная стаўка падатку складала 5%.

Дэпутаты Менскага гарсавету пастанавілі, у якіх сфэрах цягам 2007 году мясцовы падатак будзе адкарэктаваны. Гэта, у прыватнасьці, падатак на продаж тавараў у розьнічным гандлі; падатак на паслугі; транспартны збор на абнаўленьне транспарту агульнага карыстаньня; збор на ўтрыманьне інфраструктуры горада; збор за паркоўку; збор за будаўніцтва аб’ектаў на тэрыторыі Менску і нават адмысловы збор за валоданьне сабакамі ці выкарыстаньне іх у прадпрымальніцкай дзейнасьці.

На тле выдаткаў з падвышэньнем коштаў на энэргарэсурсы мяцовая адміністрацыя мусіць знаходзіць альтэрнатыўныя шляхі да папаўненьня рэгіянальных бюджэтаў. Адразу ў рэгіёнах, а цяпер і ў Менску для абсалютнай бальшыні сацыяльна значных тавараў стаўка падатку падвышаная ў тры разы. Сюды трапілі каўбасныя і кандытарскія вырабы, макароны, масла, маргарын, бульба, гародніна, садавіна, сокі і г.д. Досьвед паказвае, што першымі радыкальныя зьмены адчуваюць спажыўцы – перадусім, зь ліку малазабясьпечаных. Прынамсі, ля мясных аддзелаў усё часьцей узгадваюцца такія кўбасныя гатункі як “лівэрка” ці “крывянка”.

“Жах! Каўбаса сыравэнджаная – найменей па 17 тысяч рублёў”.

“А я ў газэце нядаўна чытала, што кошты ў нас хутка будуць, як у Маскве…”.

“І правільна, няма чаго сыравэнджаныя каўбасы есьці. Нармалёва і ліверная”.

“Ліверную не хачу, я ж ня кот”.

“Ну дык вось, хочаш занадта многа. Захочаш есьці, зьясі і ліверку”.

“Не заўсёды яе і знойдзеш. Трэба шукаць, бо і гэта хутка будзе дэфіцыт”.

“Ня трэба, таварышы дарагія! Ня трэба гаварыць таго, чаго няма. І кравяная, і ліверная ляжыць кожны дзень”.

“У нашай краме няма”.

“Пэўна, што ваша крама для багатых, таму і няма ліверкі”.

“Ведаю, што ты таксама ні ліверку, ні крывянку не бярэш”.

“Зрэдку бяру, але кожны дзень ня будзеш жа есьці адну крывянку…”.

Мясцовыя падаткі пазыцыянуюцца як дадатковыя да існуючага падатку на даданую вартасьць. Аднак у бальшыні краінаў, уключна з Расеяй, такія дадатковыя паборы скасаваныя як неканстытуцыйныя. Паказальна, што ад масавага падвышэньня коштаў не ў захапленьні і гандляры. Супрацоўнікі крамаў нешматслоўныя, бо ад такіх захадаў губляюць пакупнікоў.

Гандляр: “Што “душаць”, дык гэта факт. Паступіла каманда цалкам кантраляваць, як выконваецца палажэньне. Нас вось ужо “шманалі” – адпаведныя органы гэтым вельмі актыўна займаюцца. Увогуле ўсе гэтыя моманты, натуральна, маюць на ўвазе выдаткі і вымагаюць ад нас падвышаць, так бы мовіць, кампэнсацыйныя кошты”.

На рашэньне Менгарвыканкаму ў 2007 годзе ад 5% да 10% падвышаныя падаткі на паслугі гатэляў, кэмпінгаў, матэляў; рэстарацыяў, бараў, кавярняў; сотавай электрасувязі для абанэнтаў; аўтасэрвісаў у тэхабслугоўваньні і рамонце транспартных сродкаў; більярдных; боўлінг-клюбаў; дыскатэкаў; цырульняў і салёнаў прыгажосьці; салярыяў; турыстычных паслугаў. Былы міністар працы, эканаміст Аляксандар Сасноў удакладняе, што адставаньні заробкаў ад коштаў пачаліся яшчэ летась, таму цяперашняе падвышэньне нагрузкі на кашалёк – нават не 15%, а значна большае.

Сасноў: “Напрыклад, у рэальным вылічэньні заробкі па краіне ў цэлым за 10 месяцаў мінулага году падвысіліся на 3,3%. Не на 10-15%, а на 3,3%. Усяго толькі. За гэты ж час падвысіліся цэны. Міністэрства статыстыкі кажа, што кошты вырасьлі на 3,8%, а на самой справе яны падвысіліся на 7%, вылічаных у даляравым эквіваленце. Сам лічыў. Вось гэтая хлусьня, якая традыцыйна падаецца грамадзтву за праўду, насамрэч ёсьць складнікам ідэалягічнай апрацоўкі насельніцтва. Таму зараз ня столькі аб’ектыўныя фактары, прыкладам, эканамічныя, могуць прывесьці да нейкай праявы незадаволенасьці людей, а нейкія суб’ектыўныя фактары”.

Паводле прагнозаў, за 2007 год Менгарвыканкам плянуе сабраць ад мясцовага падатку на продаж у эквіваленце каля 60 мільёнаў даляраў. Пры ўмове, што градус спажывецкай актыўнасьці застанецца на ранейшым узроўні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG