Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевая актывістка застанецца працаваць у школе (фота)


Радыё Свабода Сёньня ў Менску абласны суд прызнаў законным аднаўленьне на працы моладзевай актывісткі з Клецкага раёну Іны Кебікавай. Скаргу адміністрацыі Грыцэвіцкай сярэдняй школы, якая дамагалася звальненьня маладой настаўніцы, адхілілі. Летась Іна Кебікава брала ўдзел у пратэстах на Кастрычніцкай плошчы Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Яе сястру Тацьцяну за удзел у пратэстах выключылі зь Беларускага дзяржаўнага унівэрсытэту, яна цяпер вучыцца ў Польшчы.

Разглядала справу Іны Кебікавай калегія Менскага абласнога суду. Як паведаміла судзьдзя Ірына Тынявіцкая, адміністрацыя Грыцэвіцкай школы й аддзел адукацыі Клецкага райвыканкаму дамагаюцца перагляду рашэньня раённага суду. Той прызнаў незаконным звальненьне Іны Кебікавай, якая летась пачала працу ў школе як малады спэцыяліст. Загадчык Клецкага аддзелу адукацыі Анатоль Клімовіч выступіў сёньня на судзе і заявіў, што звальненьне было абгрунтаванае:

Клімовіч: “Лічу, што суд першай інстанцыі недастаткова ўважліва вывучыў калектыўную дамову, дзе выразна запісана, што калектыўная дамова распаўсюджваецца на сяброў прафсаюзу. Але Іна Кебікава не была сябрам прафсаюзу. Таму атрыманьне згоды прафсаюзнага камітэту не патрабавалася. Мы імкнуліся яе як маладога спэцыяліста накіраваць на шлях ісьціны, але гэтага не адбылося. Гэтае звальненьне было фактам заканамерным”.

Іну Кебікаву звольнілі на пачатку лістапада. Аднак Клецкі суд прызнаў, што пры гэтым адміністрацыя школы і райана парушылі заканадаўства. Не было масавага парушэньня дысцыпліны — толькі адзін дзень Кебікава не зьявілася на працу, аднак, як патлумачыла маладая настаўніца, у той дзень яна вазіла дровы, каб абагрэць халоднае жытло, што дала ёй школа. Апроч таго, звальненьня не ўхваліў прафкам школы:

Кебікава: “Калі я пачала толькі працаваць, то не пісала заявы ў прафсаюз. Але цягам двух з паловай месяцаў зь мяне бралі ўнёскі — 1 працэнт. Гэта былі прафсаюзныя ўнёскі. Райана не даў мне належных умоваў для пражываньня. Я не патрабавала сабе ванны і прыбіральні, а патрабавала месца, куды можна было б прыехаць і жыць. Але там ужо дагэтуль два гады ніхто ня жыў. Уяўляеце, вясковы дом, дзе ўсё абвалілася. Таму дамку больш за сто гадоў. Там немагчыма было жыць”.



Менскі абласны суд пацьвердзіў, што рашэньне аб аднаўленьні на працы маладой настаўніцы было законнае. Іна Кебікава так пракамэнтавала судовае рашэньне:

Кебікава: “Так, я лічу, што рашэньне суду было справядлівае. Хаця ў мяне было мала надзеі, што яно будзе менавіта такім. Фармальна мяне звольнілі за прагул, але за гэтым стаяў мой удзел у мясцовых выбарах. Мне ўвесь час выказвалі абурэньне, што я нашу шалік “Наша Ўкраіна”, што ў мяне сумка са значкамі, што я размаўляю па-беларуску”.

У выпадку прызнаньня законным звальненьня Іны Кебікавай, яна, як малады спэцыяліст звольнены з працы, атрыманай паводле разьмеркаваньня, мусіла б заплаціць Беларускаму дзяржаўнаму пэдагагічнаму ўнівэрсытэту імя Максіма Танка каля 14 мільёнаў рублёў, выдаткаваных на яе навучаньне.

Гл. таксама:

Іна Кебікава праз суд аднавілася на працы Моладзевы актывіст звольнены па ўласным жаданьні? Cуд адмовіў дэпутату Алесю Чыгіру ў аднаўленьні на працы
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG