Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: “Не ўяўляю, каб улада пайшла на падобныя перамовы”


Міхал Карневіч, Горадня Як вы ставіцеся да прапановы Аляксандра Мілінкевіча распачаць дыялёг апазыцыі з Аляксандрам Лукашэнкам? З такім пытаньнем карэспандэнт Свабоды зьвярнуўся да мінакоў на вуліцах Горадні.

Хлопец: “Добра, што Мілінкевіч прапаноўвае дыялёг, бо гэта сьведчыць пра тое, што ён падрыхтаваны да такога дыялёгу й яму сапраўды ёсьць што прапанаваць уладзе. Адзінае, каб Мілінкевічу хапіла сілаў падчас такога дыялёгу не сысьці з дэмакратычных пазыцыяў на бок улады”.

Спадар: “Я пра гэта, прызнаюся, ня чуў. Але хачу сказаць адно: была дыктатура й пакуль Лукашэнка будзе, дыктатура застанецца. Вось і ўсё”.

Спадар: “Да самой магчымасьці рэалізацыі такой прапановы стаўлюся скептычна, паколькі не ўяўляю, што ўлада пойдзе на падобныя перамовы”.

Спадар: “Цяжка нешта зразумець: паслухаеш Лукашэнку — здаецца, мае рацыю, паслухаеш іншых — тое самае. Праўда, нешта падказвае, што трэба штосьці чалавечае рабіць, а то толькі кажуць, што яны робяць для народу. Насамрэч, нічога няма для народу”.

Хлопец: “Лічу, што сёньня такая ініцыятыва — марнаваньне часу. Ніякага практычнага эфэкту з гэтага не атрымаецца: пагаворым пра гэта яшчэ тыдзень-два, і ўсё скончыцца”.

Спадар: “Мяркую, што гэта марна зроблена, бо з такім чалавекам, як Лукашэнка, няма сэнсу весьці нейкіх дыялёгаў. Гэта першае. Другое, тут можна нават дыскрэдытаваць сябе, бо Лукашэнка можа толькі пабавіцца з тым жа Мілінкевічам, як гэта ён робіць з Захадам і Расеяй. Кажа адно, а потым робіць іншае”.

Спадар: “Я да гэтага стаўлюся адмоўна, бо з Лукашэнкам весьці нейкія справы наагул нерэальна. Ён пасварыўся з Захадам, з Расеяй, і я яму ня веру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG