Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымыя перамовы апазыцыі з уладай?


Іна Студзінская, Менск Адкрыты ліст Аляксандра Мілінкевіча да Аляксандра Лукашэнкі, дзе былы кандыдат у прэзыдэнты заклікае кіраўніка Беларусі не дапусьціць катастрафічнай сытуацыі ў эканоміцы і аднавіць добрыя дачыненьні з аб’яднанай Эўропай, выклікаў неадназначную рэакцыю сярод лідэраў апазыцыйных партыяў і грамадзкіх дзеячаў.

Былы кандыдат у прэзыдэнты, а цяпер палітвязень Аляксандар Казулін рэзка асудзіў учынак Аляксандра Мілінкевіча. А намесьнік кіраўніка партыі БСДП (Грамада) Кастусь Мароз у інтэрвію польскаму выданьню “Dziennik” паведаміў, што яго партыя гатовая пачаць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч у інтэрвію Радыё Свабода зазначыў, што гэта асабістае меркаваньне спадара Мароза, але ніякім чынам не афіцыйная пазыцыя БСДП (Грамада). Ляўковіч: "Магчыма па сцэнару польскай "Салідарнасьці" правесьці круглы стол і гаварыць пра стварэньне кааліцыйнага ураду, у які увайшлі б прадстаўнікі усёй апазыцыі. Але найперш Лукашэнка павінен вызваліць усіх палітвязьняў. Далей: свабода СМІ, свабодныя выбары і свабоднае разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. Пры гэтых умовах можна весьці гутарку пра стварэньне кааліцыйнага ураду як пераходнага ураду. Вось гэта афіцыйная пазыцыя партыі".

Старшыня Аб''яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў пятніцу Нацыянальны камітэт аб''яднаных дэмакратычных сілаў абмяркоўваў магчымасьць дыялёгу. АГП выступіла з прапановай на сумесным паседжаньні Палітычнай рады і Нацыянальнага камітэту выразна заявіць пра агульную супольную праграму. Што да магчымасьці перамоваў, старшыня АГП Анатоль Лябедзька выказаўся так: Лябедзька: "Тут самае галоўнае – мець адзіную пазыцыю і адзін голас па гэтым пытаньні. Гэта азначае, што ў прынцыпе кансультацыі на прадмет перамоваў і дыялёгу ісьці могуць. А самі перамовы – гэта пытаньне, пра якое яшчэ вельмі рана гаварыць. Сёньня апанэнты улады павінны вызначыцца з фарматам перамоваў. На наш погляд – Аб''яднанай грамадзянскай партыі – толькі трохбаковы фармат: улада – апазыцыя – і міжнародная супольнасьць у прадстаўніцтве адказных міжнародных арганізацыяў".

Першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін узгадаў падзеі амаль 10-гадовай даўніны і чатыры асноўныя пытаньні, па якіх былі спробы наладзіць дыялёг з уладай. Ён лічыць, што па тых пытаньнях дыялёг з уладай ня толькі магчымы, а неабходны. Калякін: "Калі гаворка ідзе сёньня аб супрацоўніцтве з уладай, то я не бачу для гэтага магчымасьцяў. Калі незаконна асуджаныя сядзяць у турме, забараняецца палітычная дзейнасьць, парушаюцца правы грамадзян, у тым ліку і працоўныя правы – аб якім супрацоўніцтве можа ісьці гаворка? Таму я за дыялёг па вельмі дакладна вызначаных пытаньнях. І мы заўсёды пра гэта гаварылі. А улада заўсёды адмаўлялася ад гэтага дыялёгу. Калі гаворка ідзе пра іншае, то я ня ведаю, навошта гэта трэба рабіць. Па-мойму, гэта тады дыскрэдытуе дэмакратычныя сілы".

Што да адкрытага ліста Мілінкевіча да Лукашэнкі, то, на думку Калякіна, Мілінкевіч мае права на ўласнае меркаваньне, але павінен быў пісаць яго ад сябе асабіста.

Гл.таксама: Аляксандр Мілінкевіч звярнуўся з адкрытым лістом да А.Лукашэнкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG