Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя палітычных вязьняў: тыднёвы агляд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міліцыя не адпускае Мікалая Статкевіча на вясельле дачкі. Як адсьвяткаваў дзень народзінаў Артур Фінькевіч? Зьміцер Дашкевіч парадаваў бацькоў лістамі з добрымі навінамі. Кацярына Садоўская спадзяецца на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне.

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч зьвярнуўся з спэцкамэндатуру вёскі Блонь, дзе ён адбывае “хімію”, з просьбай адпусьціць яго на вясельле дачкі. Але не куды-небудзь, а ў Нямеччыну. Малодшая дачка Статкевіча Ганна скончыла ўнівэрсытэт, зьехала ў Нямеччыну працягваць навучаньне ў магістратуры. У пачатку сакавіка Ганна Статкевіч у Нямеччыне справіць вясельле. Але, відаць, бяз бацькі.

Статкевіч: “Задаў рытарычнае пытаньне начальніку камэндатуры, ці магчыма мая паездка туды? І, безумоўна, атрымаў чаканы адказ, што гэта абсалютна немагчыма. Тым больш што прадстаўнікі спэцслужб заяўлялі прэтэнзіі міліцыянтам, што я занадта доўга прабыў у Менску, калі вяртаўся з адпачынку ад бацькі”.

Нагадаю, у студзені Мікалая Статкевіча ўпершыню за некалькі месяцаў на два дні адпусьцілі ў Баранавічы да хворага бацькі. Вяртаючыся ў Пухавіцкі раён, палітык некалькі гадзінаў прабыў у Менску і пасьпеў сустрэцца з аднадумцамі.

На гэтым тыдні маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч, які адбывае “хімію” у Магілёве, адзначыў першы ў зьняволеньні дзень народзінаў. Дамоў да сваякоў міліцыянты Артура не пусьцілі, але і не перашкаджалі адзначыць сьвята ў Магілёве. Хлопец зь сябрамі правёў гадзіну ў піцэрыі.

Раней мы паведамлялі, што ўжо некалькі тыдняў бацькі Зьмітра Дашкевіча не атрымоўвалі ад яго лістоў з шклоўскай калёніі. І вось за два дні – два лісты. Адзін зь іх зачытала “Свабодзе” маці актывіста Вольга Дашкевіч.

Вольга Дашкевіч: “Справы мае ідуць нармальна, без праблем. Нарэшце атрымаў вучэбны плян з унівэрсытэту і буду імкнуцца прысьвячаць болей часу вучобе, бо надта шкада задарма губляць паўтара года жыцьця”.

Нагадаю, лідэр “Маладога фронта” Зьміцер Дашкевіч пакараны за дзейнасьць у незарэгістраванай арганізацыі.

Праваабаронца Кацярына Садоўская піша дамоў, што ў красавіку пройдзе камісія, на якой разгледзяць яе шанцы на ўмоўна-датэрміновае вызваленьне. Спадзяваньнямі на гэту падзею Кацярына Садоўская жыве апошнія два месяцы.

Адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч меў са сваім падабаронным сустрэчу ў віцебскай калёніі, дзе зь верасьня мінулага года трымаюць палітыка. Вось што кажа Рынкевіч адносна здароўя Казуліна:

Рынкевіч: “Што да стану здароўя, то Казулін паступова выходзіць з галадоўкі, хаця быў момант, калі ў яго забалела сьпіна і яшчэ бачна, што дагэтуль ёсьць складанасьці. А так усё лепей. Сёньня вось атрымаў малочную ежу, якая яму вельмі спрыяе”.

Нагадаю, экс-кандыдат на прэзыдэнта Аляксандр Казулін цягам 53 дзён трымаў палітычную галадоўку. Палітык дамогся пачатку абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў Радзе бясьпекі ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG