Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Талачыншчыне – хваля самагубстваў маладых


Віталь Сямашка, Талачынскі раён Па колькасьці самагубстваў Беларусь наблізілася да так званай чацьвертай групы, якую складаюць краіны з звышвысокім узроўнем суіцыдаў. У Беларусі цяпер – ад 24 да 30 самагубстваў за год на 100 тысяч насельнікаў. Але нават пры такой статыстыцы сытуацыя, што склалася ў вёсцы Галошава Талачынскага раёну, выдзяляецца. Суіцыды апошнімі месяцамі прайшлі там хваляй, прычым канчалі жыцьцё самагубствам маладыя людзі.

Адметнасьць сытуацыі ў тым, што там няма наркаманаў, выпадкаў захворваньня на СНІД ці іншыя сьмяротныя немачы. Маладыя галошаўцы найбольш цярпяць ад бязладзьдзя ды сацыяльнай несправядлівасьці, адсутнасьці жыцьцёвых пэрспэктываў. Пра гэта мне расказваў сябра ЦК ПКБ Мікалай Петрушэнка, які вывучаў праблему, калі неаднаразова балятаваўся ад тутэйшай выбарчай акругі.

Вось красамоўная гісторыя з 14-гадовым падлеткам Амеліным:

Петрушэнка: “Калі ён вучыўся ў 8-й клясе, яго аднаклясьнікі паехалі ў Менск, у “Макдоналдз”. А ён, усё лета адпрацаваўшы пастушком, грошай не атрымаў. Маці таксама не атрымала, і яму не было за што паехаць. Калі сябры расказалі, як было добра, ён адразу пайшоў да яблыні і накінуў на сябе пятлю...”

Расказвае даярка Зінаіда Паўлініч:

Паўлініч: “Мой сусед Слава, 15-ці гадоў, маці – настаўніца. Пайшлі дзеці ў клюб, а раніцай маці прыходзіць: “У вас мой Слава?” А тады выпадкова завярнула я на сьцяжыну, каб укараціць дарогу. Бачу, вісіць хлопчык. А падышла – мой сусед. Я закрычала: “Славік вісіць!” Бацька падбег, адрэзаў, а ён ужо нежывы...”

Петрушэнка: “Мне распавядалі, што гэты хлопчык пастаянна чытаў кнігу “Біблія для дзяцей”, дзе пісалася, як добра чалавеку на небе, калі памрэ, бо там чакае сустрэча з Хрыстом”.

Бадай, найбольш жахлівым у Галошаве лічаць здарэньне з 24-гадовым Юрасём Зароўкам. Малады чалавек зрабіў учынак сьвядома ды ў літаральным сэнсе цьвяроза, доўгі час не знаходзячы прыстойнай працы. А непасрэднай падставай стаў чарговы выпадак, як яго тут называюць, п’янага тэрарызму з боку маці-алькагалічкі.

Паўлініч: “Маці піла, прыяжджала на фэрму, забірала ў яго ўвесь заробак: ён працаваў, а яна піла. А на фэрме грошы аддавалі такія ж...”

Між іншым, апошнімі гадамі з 130 працаздольных у вёсцы толькі пад два дзясяткі працуюць на малочна-таварным комплексе “Заазер’е”. Астатнія зьяжджаюць альбо сьпіваюцца, трапляюць у турму.

Я сустрэў у Галошаве 23-гадовага Аляксандра, які днямі выйшаў пасьля так званай “хіміі”, дзе адседзеў два гады і тры месяцы па “сьмешнай”, як ён кажа, справе.

Аляксандар: “Сядзеў па 214-м артыкуле – за згон трактара. Выпіць хацелася і да дзевак зьезьдзіць. Я на Расею паеду...”

У адным зь нядаўніх нумароў афіцыйная газэта “Наша Талачыншчына” надрукавала лічбу самагубстваў, што здарыліся ў раёне – у іншы сьвет сышлі 20 чалавек. Жахлівае лідэрства па колькасьці тых, хто ў маладым веку, кажуць, утрымлівае Галошава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG