Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анонс падзеяў: пятніца, 9 лютага


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Кастрычніцкім судзе Горадні адновіцца працэс над актывістам не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Мечыславам Яскевічам – яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня. Яскевіча вінавацяць у злосным хуліганстве. Актывіст лічыць, што інцыдэнт, у якім яму давялося ўдзельнічаць, быў справакаваны ўладамі.

Яскевіч: “Я ж да гэтага часу заставаўся адзіны з кіраўніцтва Саюзу палякаў, які мог выяжджаць у Польшчу і ня меў крымінальнага абвінавачаньня. Бо ўжо ўсе мае калегі мелі такія справы. Апошнім быў інцыдэнт з Анжалікай Борыс і Андрэем Лісоўскім, у якіх нібыта знайшлі наркотыкі. А праз тыдзень ужо здарылася гэта і са мной”.

*** У Гомелі адбудзецца штогадовы сход фэрмэраў. Абласная фэрмэрская асацыяцыя налічвае 320 чалавек, але звычайна на сход зьбіраецца палова сяброў арганізацыі. Як будзе гэтым разам, фэрмэр з Жыткавіцкага раёну Міхаіл Шруб не загадвае, але сам ён на сход прыедзе. Зямлі ў гомельскіх фэрмэраў па-ранейшаму няшмат, але Міхаіл Шруб ня лічыць гэта асноўнай праблемай.

Шруб: “Мы зямлі ня просім, бо зрабілі паварот у іншым кірунку. Будуем цэх перапрацоўкі малака, будзем займацца перапрацоўкай гародніны, сэлекцыяй бульбы, вырошчваць маладняк. Карацей, пайшлі ў глыбіню, гэта таксама бізнэс”.

*** У Менску ў рамках Кубка Дэвіса пачынаецца сустрэча тэнісных камандаў Беларусі і Швэцыі. У першы дзень матчу на корце сустрэнуцца Ваўчкоў з Сэдэрлінгам, Мірны зь Юхансанам.

У касах футбольнага манэжу, дзе прадаюць квіткі, паведамілі, што не прададзеная засталася палова месцаў. Цэны на іх – 80 і 100 тысяч рублёў. Касір прызнаў, што значная частка квіткоў раскупленая прадпрыемствамі паводле загаду зьверху.

Касір: “Абавязалі купляць, каб не прагарэла ўсё гэта, бо людзі ня вельмі ахвотна купляюць: усё ж дарагія квіткі. Купляюць па лістах з прадпрыемстваў: “Аліварыя”, іншыя заводы. У асноўным з прафкамаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG