Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыялісты мяркуюць, што афармленьне менскіх будынкаў дэградуе


Ганна Соўсь, Менск Што ўяўляе сабою сталінская архітэктура ў Менску? Якую гістарычную і мастацкую каштоўнасьць паводле спэцыялістаў маюць паваенныя сталічныя будынкі? І наколькі рэальная пэрспэктыва для цяперашняга праспэкту Незалежнасьці ўвайсьці ў склада помнікаў UNESCO?

Архітэктура, што ўзьнікла ў Менску пасьля Другой Усясьветнай вайны, ці як яшчэ кажуць, сталінская архітэктура выклікае супярэчлівыя ацэнкі ў спэцыялістаў. З аднаго боку, трэба прызнаць, што яе праектавалі найлепшыя амбітныя выпускнікі архітэктурных ВНУ Масквы і Ленінграду. З другога боку, для іх гісторыя Менску, яго архітэктура і забудова былі абсалютна чужымі, гаворыць гісторык Уладзімер Дзянісаў.

Дзянісаў: “І таму цэнтральная вуліца нашага гораду, цяпер праспэкт Незалежнасьці, а ў 19-м стагодзьдзі -- вуліца Захар’еўская, быў цалкам зруйнаваны, хаця каробкі старых будынкаў заставаліся, і на іх месцы была ўзьведзеная новая забудова, якую трэба назваць забудовай сацыялістычнага рэалізму. Трэба адзначыць, што гэтая архітэктура была вельмі высокай якасьці, як з прафэсійнага пункту гледжаньня, так і вельмі высокая была якасьць выкананьня. Гэта ў першую чаргу сучасны праспэкт Незалежнасьці, гэта цэлы комплекс аб’ектаў у раёне Прывакзальнай Плошчы, гэта раён Аўтазаводу і Трактарнага заводу”.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі вельмі скептычна ставіцца да мастацкіх вартасьцяў сталінскай архітэктуры ў Менску.

Харэўскі: “Ня трэба яе фэтышызаваць. Той, хто бываў у Казахстане, Расеі і Украіне, Закаўказьзі, бачылі, колькі ў такім стылі панабудавана было на “шостай частцы сьвету”, і казаць пра нейкую ўнікальнасьці абсалютна не выпадае. Яна ніяк не ўгрунтаваная ў нашы нацыянальныя традыцыі, і будавалася чужымі людзьмі. Самае прыкрае ў гэтым, што гэта спрабуюць выдаць за найлепшыя дасягненьні беларускай архітэктуры, і каб Беларусь гэтай сталінскай “вампірскай” архітэктурай рэпрэзэнтавалася ў сьвеце. Гэта, канешне, лухта, таму што ніякага дачыненьня да беларушчыны яна ня мае”.

Сяргей Харэўскі мае на ўвазе намер намінаваць архітэктурны ансамбаль колішняга праспэкту Скарыны на ўключэньне ў склад помнікаў ЮНЭСКА. Дарэчы, на дадзены момант сам праспэкт і шмат будынкаў на ім ужо ўнесеныя ў беларускі сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў. Аднак да праспэкту яшчэ справа не дайшла, гэта даволі складаная працэдура, гаворыць навуковы кіраўнік рэстаўрацыі ансамблю праспэкту Незалежнасьці архітэктар Вадзім Гліньнік.

Гліньнік: “Гэта было некалькі гадоў таму. Першым пайшоў Нясьвіж. Гэта даволі складаная праца дыпляматычная. Каб структуры UNESCO пачалі разглядаць, трэба падрыхтаваць дасье на кожны аб’ект з абгрунтаваньнем. Для таго, каб яго запоўніць, патрэбнае дасьледаваньне. Па Нясьвіжу рабілі даволі доўга, зь цягам часу дойдзе справа і да праспэкту. Паводле статуту UNESCO, краіна ня мае права выстаўляць на намінацыю больш за адзін аб’ект на год. Сярод усіх аб’ектаў, якія намінуюцца, шанцы ў праспэкта найвялікшыя, паколькі ён аўтэнтычны, ён яшчэ не сапсаваны рэстаўратарамі”.

А вось на думку прадстаўніка Таварыства аховы помнікаў Уладзімера Дзянісава, праспэкт паступова губляе сваю аўтэнтычнасьць.

Дзянісаў: “Ідзе дэградацыя афармленьня фасадаў будынкаў. Дастаткова паглядзець, як аўтэнтычная сталярка ў жылых кватэрах, і нават вітрыны шыкоўных крамаў, якія там былі, мяняюць на плястыкавыя шклопакеты. Апошнім часам шмат зьнішчана малых архітэктурных формаў – тэлефонныя будкі, якія там стаялі, лавы, агароджы, бардзюрны камень. Некалькі гадоў таму былі цалкам зьнішчаныя два сквэра па сучаснай вуліцы Леніна з аднаго і другога бакоў праспэкту Францішка Скарыны, а на іх месцы зробленыя новыя, абсалютна чужародныя па свайму гістарычнаму характару таму асяродзьдзю, якое там было”.

Але апошнім часам некаторыя фрагмэнты будынкаў сталінскай архітэктуры ўсё ж аднаўляюцца. Некалькі гадоў таму на Сувораўскай вучэльні быў адноўлены барэльеф Іосіфа Сталіна, а зусім нядаўна на двух дамах Прывакзальнай плошчы гэтаксама ізноў паўсталі барэльефы з выявай дыктатара.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG