Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новая зямля” Якуба Коласа выйшла на ўкраінскай мове


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” на ўкраінскай мове. Кніга выйшла ў выдавецтве “Ўкраінскі пісьменьнік” коштам дзяржаўнага бюджэту Ўкраіны. Наклад — 5 тысяч асобнікаў. Прэзэнтацыя коласаўскай “Новай зямлі” па-ўкраінску адбылася ў межах Менскай міжнароднай кніжнай выставы “Кнігі Беларусі-2007”, на якую Ўкраіна запрошаная як ганаровая госьця. Выданьне кнігі прымеркаванае да 125-годзьзя народнага паэта Беларусі.

Бабілюлька: “Я цалкам перакананая, што паэма “Новая зямля” вельмі блізкая і родная як для беларускага, так і для ўкраінскага народу”, — адзначыла старшыня Дзяржаўнага дэпартамэнту друку Ўкраіны Валянціна Бабілюлька.

Пераклаў паэму Валер Стралко. На прэзэнтацыі ён выступіў па-беларуску: Стралко: “Усё ж такі гэта мова Якуба Коласа. А Колас — гэта сапраўды голас беларускага народу, беларускай літаратуры, культуры, нацыі. Канечне, вялікая была адказнасьць — брацца за гэтую работу. І тым больш я рады, што работа завяршылася, і завяршылася найлепшым чынам. Выдадзеная кніга ў найлепшым выдавецтве Ўкраіны — “Украінскі пісьменьнік”. І шмат людзей мне дапамагалі”.

На прэзэнтацыі былі родныя Якуба Коласа — яго сын Даніла Канстанцінавіч і ўнучка Вера Міцкевіч.



Міцкевіч: “Я, на жаль, дзеда ня ведала — самая малодшая з унукаў. З расказаў майго бацькі я ведаю, што Якуб Колас вельмі любіў Украіну, ён неаднаразова там бываў. Гэты былі і 1928 год, і 1939-ты, калі яны зь Янкам Купалам езьдзілі на юбілей Шаўчэнкі. Шмат украінскіх пісьменьнікаў сябравалі з Канстанцінам Міхайлавічам, прыяжджалі ў госьці”.

Прадмову да “Новай зямлі” напісаў беларускі паэт, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Анатоль Вярцінскі.



Вярцінскі: “Валеры Стралко — ён і пан, ён і спадар, ён і таварыш. Калі мець на ўвазе працу, якую ён зрабіў — гэта творчы подзьвіг, безь перабольшваньня. Старэйшы сын Якуба Коласа Даніла Канстанцінавіч вельмі ляканічна і трапна вызначыў значэньне паэмы: —“Новая зямля” — гэта новая, незалежная Беларусь.

Менавіта ў гэтым ідэя “Новай зямлі”. Цяпер паэма зьявілася на ўкраінскай мове. І “Новая зямля” будзе працаваць на алтар свабоднай, незалежнай, дэмакратычнай Украіны”.



Сын Якуба Коласа -- Даніла Міцкевіч
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG