Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: праваабаронца ў складзе камісіі, якая кантралюе турмы


Радыё Свабода Сябар Магілёўскага праваабарончага цэнтру Віктар Сідарэнка ўвайшоў у склад назіральнай камісіі, створанай дзеля кантролю за турмамі ды іншымі рэжымнымі ўстановамі. Камісію сфармавала ўправа юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму — згодна з пастановай ураду ад 15 верасьня 2006 году.

Акрамя прадстаўніка Магілёўскага праваабарончага цэнтру ў камісію ўвайшлі сябры яшчэ сямі грамадзкіх аб’яднаньняў, якія аказваюць грамадзянам прававыя ды юрыдычнымі паслугі. Кажа Віктар Сідарэнка:

Сідарэнка: “Мэта нашага ўдзелу ў камісіі — грамадзкі кантроль за дакладным выкананьнем правоў зьняволеных у месцах пазбаўленьня волі. Мы спадзяемся, што наш удзел у камісіі дазволіць зрабіць закрытыя рэжымныя ўстановы больш адкрытымі для грамадзтва. Наш цэнтар распрацаваў праекты палажэньня камісіі й праграмы дзейнасьці. Сябры камісіі прапанавалі мяне на пасаду кіраўніка, аднак начальнік управы юстыцыі заявіў, што кіраўніка, згодна з інструкцыяй, прызначае ўправа”.

На прапанову ўправы юстыцыі кіраўніком камісіі зацьвердзілі старшыню шклоўскага вайскова-патрыятычнага клюбу “Пошук” Сяргея Кірылкіна.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар супольна з Беларускім Хэльсынскім камітэтам ад 1999 году актыўна дзейнічае ў асяродку зьняволеных. На просьбу адміністрацыі шклоўскай калёніі праваабаронцы неаднойчы наладжвалі юрыдычныя кансультацыі зьняволеным. У бібліятэкі турмаў і калёніяў Магілёўшчыны праваабаронцы перадавалі кнігі, буклеты, брашуры з тэкстамі міжнародных пагадненьняў, дамоваў, дэклярацыяў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

Варта нагадаць, што ў шклоўскай калёніі сядзіць лідэр незарэгістраванага “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч. Там жа свае пакараньні адбываюць былы кіраўнік магілёўскай філярмоніі, арганізатар фэстывалю “Залаты шлягер” Уладзімер Браілоўскі ды былы кіраўнік беларускага тэлебачаньня Ягор Рыбакоў.

Акрамя шклоўскай калёніі ў Магілёўскай вобласьці турмы ёсьць у Магілёве, Бабруйску, Горках. У Магілёве, Бабруйску і райцэнтрах вобласьці месьцяцца гэтак званыя “хімікі”. У Магілёве “хімію” адбывае Артур Фінькевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG