Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарыфы на транзыт расейскай нафты ўзрастуць на траціну


Радыё Свабода Міністэрства эканомікі Беларусі паведаміла пра пастанову ад 31 студзеня № 26 "Аб тарыфах на паслугі па транзытнай транспартоўцы нафты па сістэме магістральных трубаправодаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь". Згодна з гэтай пастановай, тарыфы ўзрастаюць на 31,6-34,6% у залежнасьці ад кірунку транспартоўкі нафты.

"Улічваючы працяглы тэрмін дзеяньня раней вызначаных тарыфаў за транзыт нафты па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і значнае падаражэньне яе перапампоўваньня за мінулы перыяд (у першую чаргу цераз рост кошту энергарэсурсаў), РУП "Гомельтранснафта Дружба" і канцэрн "Белнафтахім" у мэтах кампэнсацыі згаданых выдаткаў зьвярнуліся з прапановай наконт зьмяненьня тарыфаў на паслугі па транзытнай транспартоўцы нафты па сістэме магістральных трубаправодаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь", – адзначаецца ў паведамленьні Мінэканомікі.

Новыя тарыфы ўводзяцца ад 15 лютага, паведамляе БелаПАН. Па маршруце Унеча-Мазыр-Адамава (краіны дастаўкі – Нямеччына й Польшча) тарыф за 1 тону нафты нэта павялічваецца ад 2,6 да 3,5 даляра (на 34,6%), па маршруце Унеча-Мазыр-Броды (Вугоршчына, Славаччына, Чэхія, Украіна) – ад 1,14 да 1,5 даляра (на 31,6%).

Мінэканомікі падкрэсьлівае, што тарыфы прынятыя "з разьліку сярэдняга ўдзельнага тарыфу на транспартоўку нафты па сістэме ААТ "АК "Транснефць" па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі – 0,6 даляра ЗША за 1 тону на 100 км маршруту".

"Варта адзначыць, – гаворыцца ў паведамленні, – што зараз тарыфы за транзыт нафты ў сумежных дзяржавах вышэйшыя ад узроўню тарыфаў у Рэспубліцы Беларусь. Так, у Польшчы тарыф на транзыт нафты ў кірунку Нямеччыны – 0,9 даляра за 100 т/км, у Рэспубліцы Беларусь у гэтым кірунку – 0,41 даляра. Ва Ўкраіне тарыф на транзыт нафты ў кірунку Вугоршчыны, Славаччыны – 0,89 даляра, у Рэспубліцы Беларусь у згаданым кірунку – 0,53 даляра за 100 т/км. Тарыф на транзытнае перапампоўваньне казахскай нафты праз тэрыторыю Расейскай Федэрацыі складае 0,73 даляра за 100 т/км".

Дзейныя цяпер тарыфы на перапампоўваньне расейскай нафты транзытам праз тэрыторыю Рэспублікі Беларусь узгодненыя без уліку падатку на даданую вартасьць на падставе Пратакола ўзгадненьня тарыфаў на паслугі магістральных нафтаправодаў Беларусі пры перапампоўваньні расейскай нафты на экспарт ад 14 сьнежня 1995 году і ўведзеныя ў дзеяньне ад 1 студзеня 1996 году. Дагэтуль згаданыя тарыфы не пераглядаліся, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG