Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Змаганьне за зямлю


Ігар Карней, Менск Высокі попыт на жыльлё вось ужо некалькі гадоў стымулюе будаўнічы бум у буйных гарадах, перадусім, у Менску. Як паказвае досьвед, праўдамі і няпраўдамі забудоўшчыкі імкнуцца завалодаць зямельнымі надзеламі ў цэнтры гораду, дзе за год-два вырастаюць цэлыя кварталы дарагой элітнай забудовы. Што цягне за сабой змаганьне за зямлю?

7 мільёнаў за 20 гэктараў

Хоць менскія кошты яшчэ саступаюць эўрапейскім і расейскім (перадусім, маскоўскім), будаўніцтва нерухомасьці і гандаль ёю на сёньня лічацца самым прыбытковым бізнэсам. Пра размах у гэтай галіне сьведчыць крымінальная справа, якая днямі пачала слухацца паводле факту атрыманьня хабару за станоўчае вырашэньне пытаньня будаўніцтва элітнага пасёлку пад Менскам. Кошт пытаньня – 7 мільёнаў даляраў за 20 гэктараў пад будучыя дамы. Пакуль невядома, каму менавіта адрасаваліся грошы. Папярэднія высновы, (маўляў, без удзелу гарадзкіх чыноўнікаў тут наўрад ці магло абысьціся), юрысты Менгарвыканкаму адмятаюць. Хоць вырашальную ролю мэрыі ў працэсе рэгуляваньня будаўнічых пытаньняў пацьвярджаюць.

Юрыст: “Усё, перш за ўсё, скіравана ў рэчышча ўзаемаадносінаў паміж асобамі, якія зацікаўленыя атрымаць зямельны надзел, асобамі, якім ён перадаецца. А тое, што прадугледжана заканадаўчымі актамі, насамрэч уваходзіць у кампэтэнцыю Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту, а менавіта – забіраць і прадстаўляць зямельныя надзелы, альбо выкупляць тыя, якія знаходзяцца ва ўласнасьці ў межах гарадзкой рысы, канкрэтна, горада Менска”.

А нам прапануюць толькі першы і дзявяты паверх

Жыхары сумежных са сталічнай вуліцай Цімяразева завулкаў на сабе адчулі, чым можа закончыцца змаганьне за сфэру стратэгічных інтарэсаў. Некалькі гадоў на іхных агародах вядзецца будаўніцтва дамоў элітнай малапавярховай забудовы. А летась бальшыня жыхароў атрымалі прадпісаньне: старыя прыватныя забудовы будуць зьнесеныя. Як лічыць мясцовая жыхарка Вольга Сідарава, патэнцыйных пакупнікоў нахабна падманваюць і якасьцю, і коштамі. Дый прапанаваная замена высяленцам, ня яе думку, неадэкватная.

Сідарава: “Спачатку яны кавалак адарвалі на газ. Думаю, халера на вас, нейкія два мэтры… Але, мне здаецца, нават я пабудавала б ня горш за гэты “хлеў”. Гэта ня дом, гэта парнаграфія сапраўдная. Толькі “бабкі” зьдзіраюць, а гадоў праз 10-15 гэта ўсё разваліцца. Бо будуюць толькі ў адзін блёк! А лічаць квадратны мэтар па паўтары тысячы эўра – не ў далярах, а эўра. Нам жа прапануюць “палепшаную пляніроўку”, гэта значыць, прыбіральня ў хаце. Але толькі першы паверх, і дзевяты. На першым ад сырасьці задыхнемся, а на дзевяты мне пад’ёмны кран патрэбны, каб бабулю падняць. Бо ліфт не працуе, а які лекар пойдзе пехам? І яе як спусьціш? Я ўжо і ня ведаю, што рабіць, нідзе ніякай управы. Толькі калі розгаласам нейкім”.

Начальства - -асобна

Былы інжынэр заводу “Гарызонт” Алег Саковіч у сярэдзіне 1990-х узяў банкавую пазыку і збудаваў дом у Хмелеўцы пад Менскам. Аднак кажа, што дзяржаўныя чыноўнікі часта будуюцца асобна ад асноўнай масы людзей і далей ад непажаданых вачэй.

Саковіч: “Начальнікі пабудаваліся, скучкаваўшыся на такіх хітрых тэрыторыях далей ад вачэй. Прыкладам, на беразе Менскага мора. Колькі іх там пабудавалася? Цэлая куча! Нібыта забароненая да будаўніцтва водаахоўная зона. Але яны там пабудаваліся і вельмі добра сябе адчуваюць. Яны ўдалечыні ад дарог. Іх толькі мясцовыя жыхары з бліжэйшых населеных пунктаў ведаюць, аднак не абураюцца. Чаму? Таму што туды падцягнулі газ, там паклалі асфальт, правялі асьвятленьне нармалёвае. Паставілі магутныя трансфарматарныя падстанцыі, зрабілі ўсё, як мае быць”.

Аднак, як кажа Алег Саковіч, менавіта дамы звычайных людзей, якія месьцяцца пры транспартных артэрыях, часта ёсьць раздражняльнікамі для шэраговых дачнікаў, што электрычкамі едуць на свае традыцыйныя 6 сотак.

Саковіч: “Мы ў гэтым сэнсе пакутуем, бо былі прывязаныя да транспартных магістраляў. Усе чатыры катэджныя паселішчы, якія будаваліся вакол Менску, прывязалі да транспартных магістраляў. Нас, прыкладам, прывязалі да станцыі Хмелеўка. Паводле шмат якіх парамэтраў месца цудоўнае. Але мы на віду ва ўсіх. І менавіта на нас пачалі тыкаць пальцам. Едуць у электрычцы людзі (я ж сам усё гэта чую) і кажуць: паглядзіце, якія, сволачы, сабе дачы набудавалі! Якія дачы? Хто-небудзь ведае, якой крывёю ўсё гэта будавалася?”

Самым недасягальным для звычайнага сьмяротнага на сёньняшні дзень лічыцца комплекс элітнай забудовы ў Драздах. Менавіта тут пабудаваліся і працягвае будавацца вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі. У вольным продажы драздоўскай нерухомасьці практычна няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG