Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: “25 сакавіка павінна сьвяткавацца на плошчы Каліноўскага”


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня аргкамітэту сьвяткаваньня 25 сакавіка, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што дзеяньні ўладаў адносна актывістаў “Маладога фронту” паказваюць кантэкст, у якім будзе адзначацца дзень Незалежнасьці. Сёньня на сядзібе БНФ у Менску адбылася прэсавая канфэрэнцыя аргкамітэту.

25 сакавіка апазыцыя плянуе правесьці мірнае шэсьце і мітынг у цэнтры Менску, на Кастрычніцкай плошчы. Старшыня аргкамітэту Вінцук Вячорка заявіў, што сьвята пройдзе ў новых палітычных варунках.

Вячорка: “Сёлетняе 25 сакавіка — гэта напамін ня толькі пра 1918, але таксама і пра 2006 год. Пра той тыдзень паміж 19 і 25 сакавіка, пра тыя гераічныя падзеі на пляцы, якія прадэманстравалі й абудзілі дух соцень тысяч беларусаў. Сёлетняе 25 сакавіка, як дзень Незалежнасьці, адбываецца ва ўмовах абвастрэньня барацьбы за беларускую незалежнасьць. Яна апынулася пад пагрозай у выніку бяздумных, тупіковых дзеяньняў цяперашняй улады. Мы, сябры аргкамітэту, зыходзім з таго, што беларуская незалежнасьць сёньня — гэта каштоўнасьць, вакол якой кансэнсус”.

Паводле спадара Вячоркі, аргкамітэт накіруе ліст Аляксандру Лукашэнку. А фармат адзначэньня 25 сакавіка і адсутнасьць рэпрэсіяў могуць даць уладзе шанец засьведчыць яе гатоўнасьць да дэмакратызацыі. Сябра аргкамітэту старшыня палітрады аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Мілінкевіч заявіў:

Мілінкевіч: "Калі мы пойдзем на іншае месца, мы здрадзім самі сабе"



Мілінкевіч: “Мы павінны на плошчы сказаць, што дэмакратычныя сілы Беларусі цьвёрда стаяць на пазыцыях незалежнасьці. Улада мае апошні шанец пачаць рэфармаваньне краіны. Я ня вельмі веру, што яна на гэта здольная. Але, можа, пагроза сьмерці ўлады чамусьці іх навучыць. Таму гэты дзень вельмі важны. Сьвята павінна сьвяткавацца выключна на плошчы Каліноўскага. Гэта прынцыпова, гэта маральна. Калі мы пойдзем у іншае месца — мы здрадзім самі сабе”.

Ляўковіч: Галоўнае -- вызваліць палітвязьняў

Выканаўца абавязкаў старшыні БСДП (Грамада) Анатоль Ляўковіч сказаў:

Ляўковіч: “Паколькі для нас галоўны прыярытэт — гэта дзяржава, яе незалежнасьць, сувэрэнітэт, мы павінны сказаць гэтай уладзе: свабоду палітвязьням! Мы павінны сказаць гэтай уладзе: калі вы не пасьпееце да 25 сакавіка даць свабоду палітвязьням, то ідзіце туды на плошчу й абвясьціце перад усім народам беларускім, што выпускаеце палітзьняволеных, што вы даеце свабоду мэдыям, даеце магчымасьць разьвівацца грамадзянскай супольнасьці, што вы разам з народам будзеце бараніць сувэрэнітэт краіны”.

На пытаньне якім чынам зьвязаны Кангрэс дэмсілаў, што прызначылі на 17 сакавіка, і сьвяткаваньне Дня Волі, Вінцук Вячорка сказаў: галоўнае — абазначыць пазыцыю дэмсілаў у цяперашняй крызыснай сытуацыі.

Вячорка: “Скарыстаць магчымасьці і кангрэсу, і масавых вулічных акцыяў для данясеньня пасланьня да беларускага народу і да міжнароднай супольнасьці. Паказаць, дзе ляжыць выйсьце. Выйсьце — у дэмакратызацыі краіны”.

Ідэю сьвяткаваць 25 сакавіка ўжо падтрымалі некалькі грамадзкіх арганізацыяў. Прадстаўнік каардынацыйнай рады арганізацыяў прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў заклікаў прадпрымальнікаў выйсьці на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб падтрымаць дэмсілы. У аргкамітэт увайшлі суб’екты палітрады аб’яднаных дэмсілаў — за выключэньнем Партыі камуністаў Беларускай. Аднак яе сябрам дазволена браць удзел у акцыі.

Аргкамітэт у сьвяткаваньні 25 сакавіка накіруе ліст Аляксандру Лукашэнку

25 cакавіка ў Менску пройдуць мітынг і канцэрт “За незалежнасьць”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG