Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Апалёнія Пяткун (26.1.1908 — 9.4.1999)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

У людзей, надзеленых духоўнай свабодай, адабраць яе немагчыма. А калі да гэтае свабоды дададзена глыбокая й шчырая вера, чалавек робіцца непераможным у самых нечалавечых выпрабаваньнях.

У 1927-м Апалёнія Пяткун сталася сястрой каталіцкага Ордэну эўхарыстак. Разам з адноўленым Ордэнам марыянаў яму было наканавана пакінуць у гісторыі царквы ў Беларусі адну з найяскравейшых старонак.

Яе накіравалі ў школу кравецтва і хатняй гаспадаркі. Апалёніі думалася, што цяпер праз усё жыцьцё ёй давядзецца шыць літургічныя шаты і аздабляць касьцёлы. Аднак Усявышні даў ёй іншую місію — змагацца за само існаваньне Касьцёлу.

Увосень 1941-га яна была ў ліку сясьцёр-эўхарыстак, якія распачалі сваё служэньне ў Росіцы, што на Дрысеншчыне, там, дзе пазьней пайшлі ў неба айцы-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра, спаленыя фашыстоўскімі карнікамі разам з сваімі вернікамі. У тыя бязьлітасна цяжкія гады Апалёнія Пяткун узначаліла супольнасьць эўхарыстак.

Па вайне савецкая ўлада пачала перасьлед сьвятароў і вернікаў. У сувязі з гэтым у ордэне нарадзілася ідэя пераезду ў Польшчу. Сёстры чакалі, як павядзе сябе маці Апалёнія. Адчуваючы, што служба на беларускай зямлі набывае цяпер сэнс апостальства, яна вырашыла застацца.

Аднойчы яна праводзіла групу сясьцёр на станцыю. Тыя клікалі з сабой, у вагоне было вольнае месца. Як потым прызнавалася Апалёнія, шукаючы падтрымкі, апрача малітвы, яна абняла прыстанцыйную бярозку і назаўтра вярнулася да сясьцёр у Друю.

Пацягнуліся бясконцыя месяцы няроўнага змаганьня з уладамі. У Беларусі ўжо не было ніводнага манаскага ордэну, а эўхарысткі яшчэ трывалі: спачатку легальна, а потым, калі забралі іх законны дом — таемна.

У 1949-м па колішняй Заходняй Беларусі пракацілася хваля арыштаў каталіцкіх сьвятароў. Некаторыя здолелі схавацца ў лясах, на далёкіх хутарах. Іхняй ратавальніцай стала маці Апалёнія, якая ў жабрачым адзеньні штодня праходзіла не адзін дзясятак кілямэтраў, прыносячы ксяндзам ежу і навіны. Навіны былі вусьцішныя. У зачыненых касьцёлах калгаснае начальства ў лепшым разе рабіла клюбы, а найчасьцей — сховішчы, а то й хлявы. Забраныя гэбістамі сьвятары атрымлівалі доўгія тэрміны ў сібірскіх канцлягерах. Бог даў Апалёніі сілы клапаціцца і пра іх. Адмаўляючыся ад самага неабходнага, не дазваляючы сабе нават белага хлебу, сёстры-эўхарысткі адправілі вязьням ГУЛагу сотні пасылак. Сярод тых, пра каго клапацілася маці Апалёнія, быў і засуджаны на 25 гадоў генэрал Ордэну марыянаў Андрэй Цікота.

Яна дажыла да больш сьветлых часоў. Бог паклікаў яе да сябе ў 91 год. На пахаваньні з вуснаў беларускіх сьвятароў гучалі словы: “У кагосьці ёсьць маці Тэрэза з Калькуты. У нас жа ёсьць маці Апалёнія”.
XS
SM
MD
LG