Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За тону нафты Беларусь плаціла ў студзені на 23 даляры больш


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 5 лютага.

На гэтым тыдні, як піша газэта “Белорусы и рынок”, завершыцца праверка паўнамоцтваў будучых дэлегатаў Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Форум адбудзецца 17 – 18 сакавіка. Тым часам незалежнае выданьне канстатуе, што вакол гэтага мерапрыемства абвастраецца барацьба меркаваньняў і спрэчак апазыцыі.

Эканамічнае дасьледаваньне газэты “Белорусы и рынок” тлумачыць, чаму беларускія заводы і расейскія дастаўцы нафты мусяць працаваць на мінімальны прыбытак. Газэта даводзіць, што ў выніку канфлікту з Расеяй Беларусь у студзені плаціла за адну тону нафты на 23 даляры больш, чым у сьнежні.

“За больш дарагія нафтапрадукты з Расеі даводзіцца разьлічвацца насельніцтву”, – папярэджвае рэгіянальная “Брестская газета”. Журналістка Алена Селех паведамляе, што гарадзкая ўлада прымусова выселіла з кватэраў тры сям’і няплатнікаў. І вось што робіцца яшчэ, каб дысцыплінаваць іншых:

Селех: “У Берасьце пайшлі на экспэрымэнт. За кожным супрацоўнікам ЖЭСу замацавалі шэраг дамоў, у якіх пражываюць “злосныя няплатнікі”. У выніку сума доўгу зьменшылася амаль на 190 мільёнаў рублёў”.

Сёньня ў рэпартажы тыдня “БелГазета” аналізуе першыя ў Беларусі ініцыятывы па далучэньні да праекту “Эўропа без тытуню”. Паведамляецца, што забаронена паліць ва ўстановах адукацыі і аховы здароўя, а таксама ў дзіцячых парках і Батанічным садзе. “На што добрае спадзявацца сёлета?” – ставіць пытаньне газэта і шукае адказаў.

“БелГазета” друкуе таксама сёньня сьпіс 10 беларускіх тавараў, якія непрыемна зьдзіўляюць пакупнікоў як назвай, так і якасьцю.

Яшчэ адна тэма для спажыўцоў: чаму дадатковыя паслугі на аўтамагістралі Берасьце – Менск – Масква не карыстаюцца попытам у аўтамабілістаў і не прыносяць прыбыткаў гаспадарам? Адказы на пытаньне газэта атрымала як у прадстаўнікоў улады, так і ў камэрцыйных структурах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG