Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што наліваюць ў чаркі літоўцы


Тацяна Поклад, Прага Узровень дабрабыту жыхароў суседняй Літвы расьце хутчэй, чым кошты на алькагольныя напоі, таму алькаголь робіцца там усё больш даступным і яго спажываньне расьце. Дазволены і хатні выраб самагону. Якія наступствы гэта мае ў грамадзтве?

Літва вядомая сваім невысокім ў параўнаньні з суседнімі скандынаўскімі краінамі коштам на алькаголь, немалым выбарам напояў і сваімі унікальнымі гатункамі паводле старажытных рэцэптаў Вялікага Княства Літоўскага.

Гэта й крупнік, і “тройчы дзевяць” – гарэлка на 27-мі зёлках, і “мясцовы варыянт віскі” --старка, -- якая часьцяком завецца “польская (вялікапольская) старка” – але толькі ня ў Вільні, бо там гэта папросту свая “старка” і абавязкова -- 43 градусы (старка – гарэлка з чыстага жытнёвага сьпірту, вытрыманая ў дубовых бочках цягам 5 – 10 гадоў, сьветла залацістага колеру). Паўлітра старкі каштуе 4-5 даляраў. І, вядома, рознай моцы мяды – ад 10 да болей як 40 градусаў, -- паводле старабеларускіх, старалітоўскіх, старапольскіх рэцэптаў.

У Літве алькаголь можна набыць ў любы час дня і ночы. Дазволены і выраб самагону для хатняга ўжытку, толькі не на продаж. Часам гэта робіцца тэмай спрэчак ў грамадзтве і скандальных публікацый у прэсе, -- напрыклад, калі адзін з парлямэнтароў у Сойме ў часе банкету частаваў калегаў самагонам уласнага вырабу. Але закон выраб самагону для ўласнага спажываньня не забараняе.

Апрача таго, што выбар немалы, з’яўляюцца і новыя мясцовыя гатункі – напрыклад, у Літве з’явіўся нядаўна новы варыянт “зялёнай” “тройчы дзевяць”. У Літве заваёўвае і сваіх спажыўцоў беларуская алькагольная прадукцыя – розныя бальзамы, гарэлка. Гэтыя напоі ахвотна набываюць, бо яны недарагія і якасныя.

Паводле колькасьці выпітага алькаголю на душу насельніцтва Літва адна з першых ў Эўропе, а гэты рэгіён – балтыйскія краіны, Скандынавія, -- лідар ў Эўропе па спажываньні моцных напояў. Адпаведная і сумная статыстыка – ў Літве цягам апошніх 8 гадоў падвоілася колькасьць захворваньняў алькагольнымі псыхозамі.

Акурат сёньня ў літоўскай прэсе апублікаваная заява Нацыянальнай службы здароўя Літвы, ў якой мэдыкі прапаноўваюць зрабіць больш жорсткім кантроль за ўжываньнем алькаголю. Мэдыкаў абурае, што ў Літве пытаньні кантролю за алькаголем пераважна вырашаюцца на узроўні камітэтаў і міністэрстваў, адказных за эканоміку, за гаспадарку, а не за ахову здароўя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG