Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сухі закон – магільшчык улады (аўдыё)


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Удзельнічае гісторык Захар Шыбека Эфір 1 лютага 2007 году

Слухаць:



Дзед Піліп езьдзіў у Менск на кірмаш з-пад Заслаўя і заўсёды не прамінаў манаполькі. Прадаўшы некалькі мяхоў бульбы ды мяшок жыта, і гэтым разам ён вырашыў не парушаць традыцыі. Тым больш, што падстава выпіць была. Сына забралі на фронт, і на плечы старога ўзваліўся абавязак даглядаць яшчэ адну сям''ю і гаспадарку. Калі яго фурманка скацілася з Траецкай гары, дзе віраваў кірмаш, і Нізкі рынак сустрэў яго пахамі мясцовых крамаў, ён убачыў, што на дзьвярах заўсёды гасьціннага будынку вісеў замок. А побач гудзеў незадаволены натоўп. Піліп падумаў, што пан Ракоўскі з манаполькі недзе бавіцца, і трэба пачакаць.

Але неўзабаве замест пана Ракоўскага ў натоўпе пачаў круціцца нейкі прайдзісьвет. Ён балбатаў аб адмене дзяржаўнай манаполіі на гарэлку, аб дазволе цара прадаваць яе ўсім, а ня толькі ў дзяржаўных манапольках, ды запрашаў прайсьці за ім у суседні двор. Піліп ня верыў гэтай балбатні, але выпіць хацелася, і ён таксама стаў у чаргу да прайдзісьвета. Хутка стала зразумелым, што ўсім ня хопіць. Саматужны гандляр расстроіўся найболей: каб жа ён ведаў, дык набраў бы ўчора ў той жа манапольцы гэтага тавару на ўсе грошы! Пачалася сварка, а потым і бойка. Наскочыла паліцыя і стала выліваць гарэлку на зямлю.

У паліцэйскім пастарунку Піліп ледзь адгаварыўся, што ні пра які сухі закон ён ня ведаў. А па дарозе да дому падумаў, што пара самому вучыцца вырабляць гарэлку з бульбы і зерня. Тым болей, што гэтага дабра ў яго хапала.

18 верасьня 1914 году, першы дзень увядзеньня ў моц царскага антыалькагольнага закону.

(Вячаслаў Ракіцкі:) “У Расейскай імпэрыі, у склад якой уваходзілі і беларускія землі, забарона на вытворчасьць і продаж алькагольных напояў была ўведзена ўвосень 1914 году і дзейнічала да 1925 году. Чым была выклікана патрэба “сухога” закону? Няўжо народ так моцна піў?”



(Захар Шыбека:) “На Беларусі пачалі піць пасьля далучэньня да Расеі, у пачатку ХІХ стагодзьдзя, калі памешчыкі, скарыстаўшыся сваёй новай уладай, пачалі літаральна спайваць у сваіх шынках сялянаў. Але эпідэмія п’янства пачалася толькі ў гады Першай усясьветнай вайны. Паміж гэтымі падзеямі п’янства было больш-менш утаймаванае праз рух за цьвярозасьць у 1850-х гадох і сялянскую справу ў набыцьці зямлі. Сялянскія вясельлі адбываліся вельмі сьціпла. Гаспадар з пляшкай гарэлкі і чарачкай абыходзіў сваіх гасьцей тры разы, і на гэтым п’янка канчалася”.

(Ракіцкі:) “Чаму менавіта на пачатку Першай усясьветнай вайны быў прыняты гэты закон?”

(Шыбека:) “Царскі ўрад пайшоў на прыняцьце сухога закону, бо ня быў упэўнены, ці здолее кантраляваць сытуацыю ва ўмовах вайны. Ён хацеў падстрахавацца, і ня дзіва, пад ружжо былі падстаўлены мільёны людзей”.

(Ракіцкі:) “Ці быў эфэктыўным гэты закон? Людзі кінулі піць? Знайшлі іншае выйсьце з сытуацыі?”

(Шыбека:) “Пачалося татальнае самагонаварэньне. За гэты час тэхналёгія самагонаварэньня была добра асвоена і надзейна укаранілася па ўсё Расіі, і ў Беларусі – таксама. Гарэлка набывала цану, бо было яе мала. Старыя людзі, удовы і салдаткі пачалі расплачвацца сівухай за дапамогу ў вядзеньні гаспадаркі. Сьпірт выкарыстоўвалі толькі ў мэдычных і тэхнічных мэтах на фронце. Але ў большасьці ён і там раскрадаўся і расьпіваўся. У экстрэмальных умовах людзі мелі большую патрэбу ў алькаголі. Зь яго дапамогай здымалі стрэс”.

(Ракіцкі:) “Як паўплываў гэты закон на хаду вайны, на эканамічную і ўнутрыпалітычную сытуацыю ў краіне? Па вялікі рахунку, ці дасягнула ўлада сваіх мэтаў?”

(Шыбека:) “П’яных бунтоў на фронце, прынамсі, у Беларусі, не назіралася. Але ўсё ж чалавечы фактар ў паражэньнях Расеі на фронце іграў істотную ролю. Патрыятычныя настроі вельмі хутка прайшлі, а сухі закон спрыяў захаваньню рацыяналізму ў салдат. Яны ваявалі з розумам, цьвяроза ацэньвалі сытуацыю і не ішлі на верную сьмерць за цара і айчыну. Таму Расея цярпела паразы на фронце”.

(Ракіцкі:) “Прабачце, магчыма, я вас крыху не зразумеў. Вы лічыце, што п’яны салдат больш эфэктыўны ў баі, чым цьвярозы? І каб не сухі закон, царызм не цярпеў бы паразы на фронце?”

(Шыбека:) “У гады мінулай, другой усясьветнай, вайны на савецкім фронце сьпірт нават прыраўноўваўся да боепрыпасаў. А сухі закон пары Першай усясьветнай вайны нават прычыніўся да падзеньня самадзяржаўя ў Расеі. Расейскае насельніцтва на цьвярозы розум ацаніла няздатнасьць царызму вывесьці краіну з крызысу. Дзяржаўны бюджэт падрывала вайна і сухі закон. Вось гэтыя дзьве памылкі Мікалая ІІ – уступленьне ў вайну і прыняцьце сухога закону -- ўрэшце і прывялі да падзеньня царызму”.

(Ракіцкі:) “Прыняцьце сухога закону, з вашага гледзішча, гэта трагічная памылка расейскага царызму? Любая ўлада, тым болей, таталітарная ці аўтарытарная, добра сябе пачувае і трымаецца тады, калі народ увесь час нападпітку? І што -- бальшавікі таксама не захапілі б улады, калі б не было сухога закону? І калі б сухі закон не прынялі, хада гісторыі магла б зьмяніцца?”

(Шыбека:) “Пасьля падзеньня царызму вялікія запасы нявыкарыстанага сьпірту ператварыліся ў парахавую бочку, у фактар дэстабілізацыі грамадзтва. Вакол гарэлкі нагнятаўся ажыятаж. Назіраўся выбух п''янства і разгулу пасьля ўведзеных Часовым урадам свабодаў. У 1917 годзе незадаволеныя вайной салдаты нападалі на цыстэрны са сьпіртам, а пасьля папойкі грамілі ўсё запар. Асабліва ў Беларусі назіраліся масавыя дэзэрцірства і марадэрства. Нават паўстала праблема абароны беларусаў ад п’яных дэзэрціраў і марадэраў. Па-сутнасьці у тых умовах сухі закон перастаў дзейнічаць. І можна сьцьвярджаць, што п’яная, некіраваная Русь прапусьціла да ўлады бальшавікоў.”

(Ракіцкі:) “Антыалькагольныя кампаніі ў 20-м стагодзьдзі на тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі, ужо ў СССР, вялі і камуністычныя ўлады. Ці быў апраўданым закон аб узмацненьні барацьбы зь п’янствам і алькагалізмам, прыняты ў 1985 годзе на ініцыятыву Міхаіла Гарбачова? І ці быў улічаны папярэдні нэгатыўны досьвед? Ці разумелі камуністы, што тым самым яны капаюць сабе магілу?”

(Шыбека:) “Праблема алькагалізму ў той час сапраўды існавала. Але ўсё рабілася традыцыйна і па-бальшавіцку. Усюды сталі культывавацца безалькагольныя вясельлі. Зьявіўся жартаўлівы лёзунг: “Ад безалькагольнага вясельля да непарочнага зачацьця”. У Крыме , на Каўказе і ў Малдове высякаліся вінаграднікі. Усяго было загублена больш за 240 тысячаў гектараў вінаграднай лазы. Вытворчасьць і продаж гарэлкі скараціліся да мінімуму. Узьніклі чэргі. Існавала меркаваньне, і яно не было пазбаўлена лёгікі, што гэту кампанію прыдумаў сябра Палітбюро ЦК КПСС Ягор Лігачоў, каб настроіць працоўных супраць Гарбачова. Быў папулярным такі анэкдот. “У доўгай чарзе па гарэлку мужчына незадаволена вурчаў, вурчаў, а потым і кажа: “Годзе! Пайду ў ЦК і наб''ю гэтаму Гарбачову морду”. Празь нейкі час вяртаецца. Усе да яго: "Ну як?" А ён кажа: “Ат! Там такая ж чарга”. Краіна перажыла выбух самагонаварэньня, хоць яно і каралася паводле закону. Гэта быў самы ідыёцкі закон, які толькі можна было прыдумаць, – піша сучасны расейскі літаратар Іосіф Раскін, з кнігі якога запазычаны вышэйпрыведзены анэкдот. А які савецкі закон не быў ідыёцкім?..”

(Ракіцкі:) “І ўсё ж. Напэўна, былі і станоўчыя вынікі ўвядзеньня сухога закону?”

(Шыбека:) “Былі. Сухі закон Гарбачова ў Беларусі прывёў аж да чатырохразовага зьмяншэньня сьмяротнасьці ў другой палове 1980-х гадоў. І яшчэ адзін вынік. Зноў, як і ў той гісторыі з сухім законам 1914 – 1925 гадоў, і гэтым разам былі глябальныя наступствы. Савецкія людзі працьверазелі і зразумелі, што камуністы іх падманваюць. Саюзны бюджэт падрывала гонка ўзбраеньня, а сухі закон канчаткова яго аслабіў, Вось жа Савецкі Саюз у момант і разваліўся”.

(Ракіцкі:) “ А ўвогуле ці мае хоць нейкі сэнс сухі закон для ўладаў?”

(Шыбека:) “Гісторыя паказвае, што сілай, гвалтам, забаронамі з алькагалізмам змагацца немагчыма. Праз пэрыяд рамантызму і перабольшваньня ролі дзяржаўнага рэгуляваньня прайшлі многія краіны. У ЗША выхад зь вялікага эканамічнага крызысу 1929 году пачаўся пасьля адмены ў 1933 годзе сухога закону. Большасьць краінаў адмовіліся ад такога досьведу і выдатна кантралююць сытуацыю без ужываньня крайніх захадаў. Што тычыцца імпэрскай шматнацыянальнай Расіі, дык у ёй алькаголь заўсёды быў мацнейшым за дзяржаўны цэнтралізм. Сухі закон вёў да аслабленьня і разгубленасьці цэнтру. Ён быў той апошняй кропляй, якая разбурала эканамічную стабільнасьць дзяржавы. Імпэрыя рассыхалася і развальвалася”.

“У пару Хрушчова хадзіла такая показка. Выклікаюць у міліцыю дзеда. – Ты што, дзед, ня ведаеш, што ў нас самагонаварэньне забаронена? – А мне што?! Гнаў, ганю і буду гнаць. – Дык мы ж цябе пасадзім. – Ну і што! Сын будзе гнаць. – Мы і сына пасадзім. – Унук будзе гнаць. – Дык мы і ўнука твайго пасадзім. -- Ха! А да таго часу і я ўжо выйду...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG