Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі Хэльсынскі камітэт вернецца ў свой ранейшы офіс (адноўлены)


Алег Грузьдзіловіч, Менск Гаспадарчая ўправа Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта працягнула дамову на арэнду памяшканьня для Беларускага Хэльсынскага камітэту, які раней прымусілі зьехаць з офісу. Праваабаронцы ўспрынялі гэта ня толькі як асабістую перамогу.

Перамогай праваабаронцаў Беларускага Хэльсынскага камітэту закончыўся канфлікт з адміністрацыяй і ўладальнікам офіснага будынку на вуліцы Лібкнэхта, адкуль БХК прымусілі зьехаць на мінулым тыдні. Будынак належыць Кіраўніцтву справаў прэзыдэнта, якое месяц таму ў аднабаковым парадку скасавала дамову арэнды офісу.

31 студзеня кіраўнік галоўнай гаспадарчай управы Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Міхаіл Бяляеў падчас сустрэчы са старшынёй БХК Тацянай Процькай паведаміў ёй пра згоду на аднаўленьне арэнды офісу.

Паводле Тацяны Процькі, прычыны аднаўленьня дамовы ёй названыя не былі. “Толькі спаслаліся на нашу прапанову аднавіць дамову — маўляў, вось мы і пагадзіліся”, — сказала Тацяна Процька. Аднак яна мяркуе, што насамрэч рашэньне прымалася вышэй, чым у Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта, і называе гэтае рашэньне палітычным:

Процька: “Магчыма, гэта першы крок у кірунку выкарыстаньня ў Беларусі новай сыстэмы каштоўнасьцяў — выкананьня законаў, правоў чалавека, дэмакратыі. Сыстэмы каштоўнасьцяў, паводле якой жыве ўвесь цывілізаваны сьвет. Вядома, што Дзярждэпартамэнт ЗША зрабіў недвухсэнсоўную заяву ў падтрымку БХК, Эўразьвяз таксама рашуча выказаўся ў нашу абарону. Тое, што ўлады Беларусі прыслухаліся, цешыць. Нашая надзея на тое, што беларуская моладзь будзе ўсё ж жыць у дэмакратычнай краіне, у пэўным сэнсе жывіцца такімі падзеямі”.

У Беларускім Хэльсынскім камітэце нагадалі і пра іншыя свае праблемы. Праваабаронцы чакаюць, што Мін’юст краіны адкліча свой пазоў у Вярхоўны суд аб прыпыненьні дзейнасьці БХК, а ў гаспадарчым судзе здымуць прэтэнзіі адносна нявыплаты падаткаў, якія раней судзьдзі прызналі незаконнымі, але потым аднавілі. Вырашэньня патрабуе і праблема заблякаваных рахункаў БХК, нагадвае выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак.

Гулак: “Мы ня можам нармальна працаваць, паколькі заблякаваныя нашы рахункі. А з-за гэтага мы вымушаныя карыстацца ў офісе сваёй асабістай маёмасьцю, а да гэтага таксама могуць чапляцца. Такім чынам, пагроза для нас застаецца”.

Сёньня адміністрацыя будынку, дзе БХК арандуе офіс, пагадзілася зрабіць у памяшканьні невялікі рамонт, паведаміў Алег Гулак.

Судовыя спрэчкі БХК з падатковай інспэкцыяй цягнуцца ўжо некалькі гадоў. Падатковая інспэкцыя палічыла, што праваабаронцы мусяць заплаціць падаткі з грашовай дапамогі, якую Эўразьвяз выдаткаваў паводле праграмы ТАСІS.

Глядзіце таксама:

А.Бяляцкі: “Мы хочам убачыць рэальнае пацяпленьне сытуацыі”

М.Грыб: “Выпусьціць Казуліна складаней, чым працягнуць арэнду”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG