Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Лукашэнка: “Я згодны зь любой свабодай журналіста”


Радыё Свабода Пра гэта кіраўнік Беларусі паведаміў сёньня ў размове з кіраўніком вугорскай кампартыі Дзюлам Цюрмэрам.

Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі праводзіцца менавіта такая палітыка. “Але галоўнае адно: журналіст мусіць адказваць за тое, што ён напісаў – ад коскі да артыкулу ў цэлым. Тады артыкулаў на замову ня будзе”, – дадаў кіраўнік Беларусі.

Ён таксама выклаў сваё бачаньне журналісцкай этыкі больш разгорнута: “Калі гаворыш пра асобу, можна крытыкаваць яе пазыцыю, але ня трэба спрабаваць штосьці з асабістага жыцьця выцягнуць на паверхню і таптацца нагамі. Я не прымаю, калі журналісты скочваюцца на ацэнкі асобы і перакручваюць. Усё астатняе – калі ласка, хай будзе крытыка, ня трэба гэтага баяцца”.

Згодна зь леташняй справаздачай міжнароднай арганізацыі “Freedom House”, Беларусь паводле свабоды друку займае 185 месца з 194 краінаў – побач з Экватарыяльнай Гвінэяй, Эрытрэяй і Зымбабвэ.

Журналісцкая міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” у сваім леташнім рэйтынгу свабоды друку паставіла Беларусь на 151 месца з 168 краінаў.

Дзясяткі выданьняў у Беларусі былі зачыненыя – 22 толькі ў 2005 годзе. З пачатку 2006 году шэраг выданьняў (“Народная воля”, “Наша ніва” і іншыя) быў пазбаўлены магчымасьці распаўсюджвацца праз шапікі “Саюздруку”, а таксама быў выдалены з падпіснога каталёгу; падчас выбарчай кампаніі 2006 году шырока практыкавалася канфіскацыя накладаў выданьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG