Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Заіка: “Мы іх надурылі – Фрадкова і Пуціна”


Алесь Дашчынскі, Менск Расейскія нафтакампаніі падпісалі рамачнае пагадненьне зь беларускім дзяржаўным канцэрнам “Белнафтахім” — нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь паводле новай формулы цаны. Цэны паставак нафты ў Беларусь застануцца на ўзроўні мінулага году. Што гэта дасьць звычайнаму спажыўцу ў Беларусі?

Расейскія кампаніі будуць пастаўляць нафту ў Беларусь паводле цаны мінулага году — каля 240 даляраў за тону. Аднак гэтая цана ўжо будзе ўключаць экспартнае мыта 53 даляры за тону. У саміх нафтавых кампаніях камэнтаваць гэтыя дамовы адмаўляюцца, але цьвердзяць, што яны вельмі выгадныя. Афіцыйны прадстаўнік “Роснефти” Мікалай Манвелаў сказаў:

Манвелаў: “Так, сапраўды, прайшлі перамовы зь “Белнафтахімам”. “Роснефть” падпісала пратакол. І цяпер адбываецца афармленьне маршрутаў на люты. Згодна з новымі ўмовамі нафта пойдзе з 1 лютага”.

Прадстаўнік “Роснефти” спаслаўся на тое, што “новыя ўмовы” ёсьць камэрцыйнай таямніцай. На пытаньне, ці выгадныя яны самой кампаніі, спадар Манвелаў сказаў:

Манвелаў: “Мы ўсе кантракты праводзім адпаведна з эканамічнай мэтазгоднасьцю. Бакі дамовіліся пра ўмовы, якія ёсьць узаемавыгаднымі”.

Тое ж заявіў і афіцыйны прадстаўнік кампаніі “Лукойл” Дзьмітры Далгоў:

Далгоў: “Калі б нам было ня выгадна, мы б не заключалі кантрактаў. Мы не камэнтуем умоваў кантракту”.

Устрымаліся ад камэнтароў і ў Міністэрстве эканомікі Беларусі.

Кіраўнік цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка цьвердзіць, што цяпер расейскія алігархі пастаўляюць нафту ў Польшчу за 172 даляры за тону і яшчэ плацяць 180 даляраў экспартнага мыта. А паводле новых пагадненьняў у Беларусь нафтакампаніі будуць прадаваць нафту Беларусі за 187 даляраў і яшчэ 53 даляры экспартнага мыта пойдзе ў расейскі бюджэт. Такі расклад нават параўнальна з умовамі Польшчы выгадны як для расейскіх алігархаў, так і для беларускага боку. Але што з гэтага мае звычайны спажывец у Беларусі? Спадар Заіка патлумачыў:

Заіка: “У выніку ў нас цана нафты 240 даляраў. З гэтай нафты мы будзем рабіць бэнзін. І няхай ён у нас будзе ўдвая даражэйшы, чым набываная нафта, тады ён мусіць каштаваць 48 цэнтаў за літар. Цяпер жа яго прадаюць за адзін даляр, альбо за дзьве тысячы рублёў. Фактычна, за 24 цэнты купляюць літар нафты, могуць прадаваць насельніцтву за 50, а прадаюць за даляр. Беларускі спажывец мусіць выйсьці з транспарантамі да аўтазалівачных станцыяў і сказаць: навошта з нас дзераце за бэнзін у два разы больш? У апазыцыі было б 4 мільёны галасоў”.

Паводле спадара Заікі, у выніку гэтых перамоваў расейскія алігархі практычна пагадзіліся плаціць мыта 53 даляры.

Заіка: “Беларускі ўрад, аўтарытарны лідэр Лукашэнка пераклалі гэтыя выдаткі на расейскіх алігархаў. Мы іх надурылі — Фрадкова і Пуціна. Нічога яны з намі не зрабілі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG