Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барысаўскіх дзяўчат прадавалі ў Літву


Альгерд Невяроўскі, Менск У Барысаве заведзеная крымінальная справа па факце вывазу жанчынаў за мяжу. Падазраваная ў гэтай справе грамадзянка Літвы. У 2005 годзе разам зь некалькімі жыхарамі Барысава яна завэрбавала і вывезла ў Вільню для заняткаў прастытуцыяй трох дзяўчат. Экспэрты, якія займаюцца праблемай гандлю людзьмі, гавораць, што насамрэч размах сэкс-гандлю зь Беларусі і, у прыватнасьці, з Барысава нашмат большы.

Беспрацоўная грамадзянка Літвы наладзіла канал вывазу дзяўчат з Барысава ў Вільню ў 2005 годзе. Упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці паводле гэтага факту завяло крымінальную справу. Усе падрабязнасьці не паведамляюцца, але некаторай інфармацыяй з журналістамі міліцыянты дзеляцца. Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў абласной міліцыі Аляксандар Шумкевіч паведаміў Свабодзе:

Шумкевіч: “Падазраецца жыхарка Літвы. Па нашай зводцы праходзяць тры дзяўчыны, але гэта ня факт, што іх было толькі тры. Могуць быць ахвяры і да, і пасьля гэтага. Бо сьледзтва цяпер разглядае падзеі чэрвеня-кастрычніка 2005 году”.

Словы Аляксандра Шумкевіча пацьвярджае і старшыня барысаўскага жаночага сацыяльнага грамадзкага аб’яднаньня “Правінцыя” Алена Аўтушка.

Аўтушка: “За чатыры апошнія гады, што мы супрацоўнічаем у гэтай галіне з міжнароднай арганізацыі міграцыі, было выяўлена больш за 30 такіх асобаў, якія выяжджалі за мяжу і апынуліся ў непрыемнай сытуацыі ці, дакладней, сталі ахвярамі гандлю людзьмі. Часьцей за ўсё гэта маладыя жанчыны й непаўнагадовыя дзяўчаты. Як правіла, з матэрыяльнымі і псыхалягічнымі праблемамі ў сям’і.

Гэта галоўнае, што штурхае дзяўчат кідаць свае дамы, сваіх родных і некуды ехаць шукаць лепшай долі. І другая прычына, што людзі, якія іх вярбуюць, проста абяцаюць ім залатыя горы і вялікія заробкі. А дзяўчаты ня маюць дастатковага жыцьцёвага досьведу, каб рабіць высновы і прымаць рашэньні”.

Апошнім часам гандляроў людзьмі ў Беларусі фіксуюць вельмі часта. Прыкладна два тыдні таму ў Горадні затрыманы грамадзянін Польшчы, які спрабаваў даставіць у сваю краіну некалькі маладых беларусак. У менскім гарадзкім судзе цяпер слухаецца справа аб самым буйным вывазе беларускіх дзяўчат у замежныя публічныя дамы.

Злачынная арганізацыя, у якую ўваходзілі кіраўнікі 16 мадэльных агенцтваў і фірмаў, дзейнічала ў Беларусі з 2000 году. Як паведамляе інтэрнэт-выданьне “Салідарнасьць”, яны прадалі за мяжу 573 беларускі, зь якіх 159 непаўнагадовых і дзьве – маладзейшыя за 14 гадоў. Падсудным пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі. Дзяўчат прадавалі ў Францыю, Турцыю і нават у такія экзатычныя краіны, як Сальвадор. У Міністэрстве ўнутраных справаў сьцьвярджаюць, што ўсіх ахвяраў сэксуальнага бізнэсу ўдалося вярнуць на Радзіму. Па зьвестках МУС, за мінулы год ахвярамі сэксуальнага гандлю было прызнана 1100 беларусак. І гэта толькі тыя, хто афіцыйна зьвярнуўся ў адпаведныя органы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG