Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Расея штурхае беларусаў да ўсьведамленьня незалежнасьці”


Юры Дракахруст, Прага Як цяперашні крызыс у беларуска-расейскіх адносінах уплывае на фармаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці? Наколькі грамадзтва ўсьведамляе, што за незалежнасьць трэба плаціць? Наколькі ўстойлівай ва ўмовах крызысу паказала сябе дзяржаўная ідэалёгія, якую ўлада накідае грамадзтву? Над гэтымі пытаньнямі ў “Праскім акцэнце”, які прагучыць на нашых хвалях у нядзелю, разважаюць палітоляг Валерка Булгакаў, амэрыканскі дасьледчык, прафэсар Рэдфардскага унівэрсытэту Грыгоры Іофэ, і каталіцкі філёзаф Пётра Рудкоўскі Прапануем вам адказы на пытаньні “Праскага акцэнту” Грыгорыя Іофэ.

Дракахруст : “Цяперашні крызыс у беларуска-расейскіх адносінах – хіба ня самы востры пачынаючы з 1991 году. Прынамсі апошнія 13 гадоў ідэя адзінства з Расеяй была стрыжнем дзяржаўнай ідэалёгіі і прапаганды, інтэгравацца з Расеяй беларусы пачалі, здаецца, адразу пасьля набыцьця незалежнасьці. Зараз з афіцыйных трыбунаў гучаць зусім іншыя словы і робяцца зусім іншыя рэчы. На Ваш погляд, як гэты крызыс уплывае на фармаваньне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці, сьвядомасьці, асобнай ад расейскай?

Людзі задавальняюцца прапагандысцкай формулай пра добры рускі народ і кепскіх алігархаў, Пуціна і “Газпром” ці фармуецца адчуваньне сваёй адрознасьці ад расейцаў?”

Іофэ: “Мне гэтае пытаньне здаецца даволі каварным у сваёй пастаноўцы. Словазлучэньне "прапагандысцкая формула" выражае Вашае, Юры, да яе стаўленьне. А гэта ж невідавочна, што гэта толькі прапагандысцкая формула. Напрыклад, ва ўяўленьні многіх людзей у Расеі. Гэта прызнана і палітолягамі, напрыклад, Віталём Івановым, які назваў Лукашэнку "ганарлівым паразытам", але прызнаў, што большая частка простых расейцаў падтрымала беларусаў у нафтагазавай "вайне". Калі расейцы так лічаць, то чаму б так не лічыць і беларусам?

Па-другое, Ваша пытаньне жорстка супрацьпастаўляе гэтую "прапагандысцкую формулу" і ўзмацненьне беларускай нацыянальнай сьвядомасьці - ці адно ці іншае. Асабіста я тут ня бачу асаблівай супярэчнасьці. Так, у сьвядомасьці многіх беларусаў гэта не расейскі народ пакараў іх. Але і нацыянальная сьвядомасьць беларусаў таксама ўзмацняецца. Так ужо перадвызначана гісторыяй і геаграфіяй, што для беларусаў і ўкраінцаў шлях нацыянальнага самаўсьведамленьня ляжыць праз усьведамленьне сваёй асобнасьці ад Расеі. Менавіта таму Расея робіць калясальную паслугу беларускаму нацыянальнай сьвядомасьці, калі пачынае гандлёвую вайну. Так было ў лютым 2004 году, так было і зараз.

У гэтым сэнсе я б зрабіў камплімэнт Паўлу Якубовічу і яго газэце. Яны выдатна папрацавалі як раз на тое, каб і алігархаў пабэсьціць , і беларускую нацыянальную сьвядомасьць умацаваць, хаця і ня ў тым фармаце, у якім хацелася б Валерку Булгакаву. Я працытую артыкул ў "Советской Белоруссии" ад 13 студзеня:

"Калі гіпатэтычна ўявіць, што рэжым абрынецца пад ударамі Пуціна, то самай першай ахвярай рэвалюцыі стануць прыгожыя мары аб рамантычным лунаньні над краем бел-чырвона-белага сьцягу. І ў радасныя вочы тых, хто сёньня танчыць ад прадчуваньняў, пранізьліва-халодна ўтаропіцца двухгаловы бізантыйскі арол, а замест чаканай дыскусіі аб лёсе мовы прагучыць рык генэрала Мураўёва, які матэрэлізаваўся пры дапамозе нафтадаляраў: "Разговорчики отставить".

Вось як піша "Советская Белоруссия". Пры гэтым нагадаю, што паводле дадзеных групы Манаева, 85% беларусаў атрымліваюць зьвесткі пра Беларусь з дзяржаўнага друку і 63% ёй давяраюць. Так што і ваўкі сытыя, а авечкі цэлыя, і расейскі народ не вінаваты, і ідэнтычнасьць беларуская ўмацоўваецца ізноў жа ў строга вызначаным фармаце”.

Дракахруст : “Дзесьці пачынаючы з 2002-2003 гадоў улада пачала ствараць і ўсталёўваць своеасаблівую вэрсію нацыяналізму – тут дастаткова прыгадаць і выцісканьне расейскіх тэлеканалаў з нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, і перадвыбарчы лёзунг “За Беларусь” і нядаўнюю заявы Аляксандра Лукашэнкі наконт таго, што “мы не прададзім нашую незалежнасьць за газ ці нафту” і будзем змагацца за яе “ажно да халоднай ці гарачай вайны”. Але гэта своеасаблівы, нетрадыцыйны нацыяналізм, які фактычна адлічвае пачатак Беларусі з БССР, выціскае беларускую мову у рэзэрвацыю і г.д. На Ваш погляд у такой вострай сытуацыі, як цяперашняя, ці не аказваецца гэтая вэрсія нацыяналізму, нацыянальнай ідэі дастаткова хісткім апірышчам незалежнасьці ў масавай сьвядомасьці?”

Іофэ: “Я згодны , што апірышча хісткае. Але што рабіць, калі іншага няма? Я згодны з гісторыкам Захарам Шыбекам, які нядаўна падчас онлайн-канфэрэнцыі на сайце “Свабоды” казаў, што беларусы яшчэ ня сталі нацыяй і могуць прыйсьці да нацыянальнага існаваньня альбо праз мову, спадчыну Вялікага Княства і БНР, альбо праз савецка-беларускую спадчыну.

Гэты другі шлях Шыбека лічыць больш доўгім, але цалкам рэальным і зусім не тупіковым. У іншых тэрмінах тая ж думка была ў свой час выказаная Валеркам Булгакавым, які называў Лукашэнку "правадыром беларускіх крэолаў". Праўда, у адрозьненьні ад Шыбекі Валер не ўбачыў у крэольскім, пераходным нацыяналізьме нічога пазытыўнага. Асабіста мне бліжэй пазыцыя Шыбекі, -- на мой погляд, і краіна, і яе лідэр знаходзяцца ў прамежкавым стане - ужо не расейцы, але яшчэ ня ў поўнай ступені беларусы. Аднак вэктар руху зададзены і гэта той самы вэктар, які ў свой час быў вызначаны ў назьве кнігі украінскага дасьледчыка Міколы Рабчука "Ад Малароссіі да Ўкраіны". Гэтак і тут - "Ад БССР да Беларусі".

Вяртаючыся да Вашага пытаньня, яшчэ раз скажу - так, апірышча хісткае, але яно мацуецца. І Аляксандар Лукашэнка воляй лёсу і ўласнага палітычнага інстынкту эфэктыўна ўзначальвае гэты рух, як бы мы да гэтага ня ставіліся”.

Дракахруст : “На гэтым тыдні, выступаючы ў Наваполацку на “Нафтане”, Лукашэнка ня толькі бэсьціў Расею , што зараз робіцца ўжо дзяжурным момантам, але і ўскосна “даваў у косьці” айчынным ўрадоўцам – “трэба змагацца, а ня ласты склейваць”. Паводле Вашых зьвестак, Вашага адчуваньня як успрымае цяперашні крызыс беларуская ўладная эліта? У расейскага публіцыста, аглядальніка “Ізвестій” Максіма Сакалова такія ўражаньні: ”Калі ж глядзіш на твары беларускіх чыноўнікаў, то (гэта маё суб''ектыўнае меркаваньне) на іх чытаецца: "Як жа ўсё гэта абрыдла". Падаецца, што ў душы ў іх думкі не пра гераічную кансалідацыю, а груба кажучы – "бацька дастаў". Мне здаецца, што цяжка казаць аб кансалідаванай беларускай нацыі, аб адзіным меркаваньні". А у Вас якое ўражаньне?”

Іофэ: “Ваша пытаньне шырэй, там фактычна два пытаньня. Я таксама лічу, што казаць аб адзінай беларускай нацыі з адзінымі базавымі ўстаноўкамі пакуль што не даводзіцца. Хаця , як і Максім Сакалоў, я вымушаны агаварыцца, што мае ацэнкі на ўнутрыбеларускую сытуацыю варта прымаць з агаворкамі.

Я лічу, што існуе тры нацыі, тры грамады ў адной. Існуе натывісцкі пра эўрапейскі нацыянальны праект, да якога я адношу сваіх суразмоўцаў - Валерку і Пётру, які адлюстроўвае погляды адсоткаў 20 насельніцтва. Існуе таксама расейскамоўны праэўрапейскі праект, менш кансалідаваны і фармалізаваны, але цалкам рэальны. Гэтыя два праекты някепска "разьмяліся" адзін на адным у паўзабытай зараз спрэчцы аб мове вяшчаньня "Нямецкай хвалі".

Нарэшце, існуе крэольская большасьць , у межах якога і існуе ўладная эліта. Асабіста я пры характарыстыцы гэтай эліты ўстрымаўся б ад зьедлівасьці Максіма Сакалова - эліта гэтая ўключае ў сябе неблагіх прафэсіяналаў, некаторыя, а можа і многія зь іх цалкам патрыятычна настроеныя.

Эліта яшчэ менш за іншыя слаі грамадзтва хоча быць паглынутай Расеяй. Таксама дадам , што аб''ектыўна нацыянальная кансалідацыя беларусаў адбываецца на базе пераходнай, крэольскай мадэлі. Мне здаецца, гэта важна зразумець і прыняць, каб нашы канструкцыі не былі такімі жорсткімі. Таму я з вялікай увагай стаўлюся да таго, што пішуць ідэалягічныя гуру прэзыдэнцкай адміністрацыі, напрыклад, Анатоль Рубінаў. Ён і пра сучасную Расею вельмі цікава піша, як бы дапамагаючы сваёй краіне паступова, але няўхільна аддаляцца ад Расеі. Мне здаецца, што гэта як раз характэрна для ідэалёгіі эліты”.

Дракахруст : “На Ваш погляд, наколькі ў грамадзкай думцы прысутнічае ўсьведамленьне, што за незалежнасьць трэба плаціць?”

Іофэ: “Здаля судзіць аб гэтым рызыкоўна. Але я згодны з меркаваньнем, што ідэя платы за незалежнасьць у беларускай грамадзкай сьвядомасьці прысутнічае нязначна. Але ў тым і знамянальнасьць беларуска-расейскай гандлёвай вайны, што яна падводзіць народ да ўспрыняцьця менавіта гэтай ідэі. Больш таго, калі раней пра гэта казалі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, то зараз гэтая ідэя ідзе ў шырокія слаі.

Ці вытрымаюць народныя масы выпрабаваньне платай за незалежнасьць? Не ўпэўнены, што вытрымалі б, калі б расейцы здолелі настаяць на больш жорсткіх умовах паставак нафты і газы. А так, цалкам магчыма, што паступовае вывядзеньне з абарачэньня расейскіх субсыдый прывучыць беларусаў да гэтай думкі. У мяне ёсьць пэўныя сумневы на гэты конт, яны жывяцца вынікамі апытаньня лістапада 2003 года, калі беларусы значна вышэй ацанілі каштоўнасьць матэрыяльных умоваў жыцьця ў параўнаньні з каштоўнасьцю незалежнасьці. Я тады падумаў, што ні ў адной з суседніх з Беларусьсю краінаў сацыёлягі б нават не сфармулявалі пытаньне такім чынам. Тое, што незалежнасьць, па меншай меры на той момант, ня стала вышэйшай каштоўнасьцю, было відавочна. Але мне падаецца, што працэс пайшоў. І тут ізноў такі Расея дапамагае без усялякіх двукосьсяў. Калі ён пойдзе даволі павольна, цалкам магчыма, што грамадзтва падрыхтуецца да гэтага. А зараз я згодны - відаць, яно яшчэ не гатовае плаціць за незалежнасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG