Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У палітычнай атмасфэры ў Менску заўважаныя лёгкія зьмены


Радыё Свабода Нямецкія палітыкі са скепсісам адрэагавалі на выказваньні Аляксандра Лукашэнкі выданьню Die Welt што да набліжэньня Беларусі да ЭЗ. Як заявіў генэральны сакратар ХДС Рональд Пофала, які разам з дэпутаткай Бундэстагу ад партыі зялёных Марылюізай Бэк гэтымі днямі наведаў Менск, беларускаму кіраўніцтву ня варта разьлічваць на тое, што дыялёг з Захадам можа адбыцца на тле перасьледу апазыцыі.

Выказваньні нямецкіх палітыкаў зьмешчаныя ў сёньняшнім нумары выданьня "Tagesspiegel". Паводле Рональда Пофалы, афіцыйны Менск у якасьці першых крокаў да дыялёгу мусіць выканаць адпаведны мінімум патрабаваньняў ЭЗ, якія летась выставіў Брусэль. Сярод іх – доступ апазыцыі да СМІ і вызваленьне палітычных зьняволенных, найперш былога кандыдата на прэзыдэнты Аляксандра Казуліна.

«Ня маецца ніякіх прыкметаў таго, што ціск на апазыцыю стаў больш слабым,» – заявіла "Tagesspiegel" Марылюіза Бэк.

Хаця, паводле нямецкіх палітыкаў, лёгкія зьмены ў агульнай палітычнай атмасфэры ў Менску назіраюцца.

«З прадстаўнікамі ўладаў сёньня можна гаварыць больш адкрыта, чым летась у сакавіку," – сьведчыць Пофала. Гэтыя невялікія перамены ў настроі ёсьць сьледствам паліўнай спрэчкі паміж Масквой і Менскам. У часе сустрэчы зь міністрам замежных справаў Беларусі генэральны сакратар ХДС сярод іншага закрануў тэму рэпрэсіяў у дачыненьні да Беларускага Хэльсынскага камітэту – адзінай вялікай праваабарончай арганізацыі, якая ўсё яшчэ дзейнічае ў краіне, і якой адмовілі ў арэндзе памяшканьняў. Без афіцыйнага адрасу арганізацыя ня мае магчымасьці займацца сваёй дзейнасьцю.

Марылюіза Бэк заклікала ЭЗ да больш актыўнага ўдзелу ў лёсе краіны. Яна зьвярнула ўвагу на тое, што Эўракамісія пакуль яшчэ ня мае аніякага офісу ў Менску. Пэўныя праблемы могуць быць з новымі праграмамі ЭЗ для Беларусі. Практыка ТАСІС паказала, што праекты патрабуюць адпаведнай візы з боку беларускіх уладаў.

Марылюіза Бэк зьвярнулася да нямецкага ўраду з тым, каб Нямеччына зьнізіла кошты візаў для беларускіх грамадзянаў і каб да асобаў, маладзейшых за 25 год, яны былі ўвогуле бясплатныя.



Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію Die Welt: “Фэдэральны канцлер Ангела Мэркель, як старшыня ЭЗ, павінна дэманстраваць больш інтарэсу да Беларусі. Мы хочам быць добрымі вучнямі. Я хачу, каб Беларусь калі – небудзь выглядала б гэтак жа, як і Нямеччына ці Швэцыя. Аднак дагэтуль захад увесь час нас адштурхоўваў. Цяпер надышоў час паспрабаваць выкарыстаць новыя магчымасьці для супрацоўніцтва. Дайце нам пачаць адкрыты і шчыры дыялёг… Захад у якасьці першага кроку павінен адмовіцца ад практыкі сярэднявечча – забароны на ўезд беларускіх чыноўнікаў у Эўропу. Мы ня можам крычаць праз плот».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG