Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Мілінкевіч аштрафаваны на 4 млн. 650 тыс. рублёў


Паводле БелаПАН Суд Кастрычніцкага раёну Менску прызнаў сёньня лідэра аб''яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча вінаватым у наўмысным незаконным перамяшчэньні празь дзяржаўную мяжу і аштрафаваў яго на 150 базавых велічыняў – 4 мільёны 650 тысяч рублёў (2.173 даляры ў пераліку па афіцыйным курсе).

Як паведаміў БелаПАН прэсавы сакратар палітыка Павал Мажэйка, суд праходзіў без удзелу А.Мілінкевіча, які знаходзіцца ў камандзіроўцы ў Вільні. Паводле сьцверджаньня прэс-сакратара, А.Мілінкевіч не атрымліваў позвы ў суд.

Першае паседжаньне суду ў гэтай справе адбылося 5 студзеня. Тады складзены ў адносінах да А.Мілінкевіча пратакол аб адміністрацыйным парушэнні ў Нацыянальным аэрапорце быў адпраўлены на дапрацоўку.

26-29 лістапада 2006 году А.Мілінкевіч знаходзіўся зь візытам у Рызе, дзе браў удзел у саміце НАТО. Падчас вылету зь Менску памежнікі памылкова паставілі выязны штамп у пашпарт сына, якога таксама завуць Аляксандар. Памылка была заўважаная толькі падчас вяртаньня палітыка дамоў. Памежнікі абвінавацілі Мілінкевіча ў наўмысным перасячэнні мяжы па падробных дакумэнтах.

Паводле словаў П.Мажэйкі, палітык будзе абскарджваць рашэньне раённага суду.

Даведка: артыкул 184-3 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (незаконнае перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь) прадугледжвае пакараньне штрафам да 300 базавых велічыняў (цяпер гэта 9,3 млн. рублёў, або 4,35 тыс. даляраў ЗША) або папраўчыя работы тэрмінам да двух месяцаў з утрыманьнем 20% заробку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG