Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Ізраілю часова пакінуў сваю пасаду з-за сэксуальнага скандалу


Сяргей Абламейка, Прага Прэзыдэнт Ізраілю Мошэ Кацаў ня вытрымаў націску грамадзкасьці і палітыкаў і заявіў, што часова прыпыняе выкананьне сваіх функцыяў. Цалкам сысьці ў адстаўку ён, аднак, адмовіўся.

Ізраільскага прэзыдэнта Мошэ Кацава абвінавачваюць у згвалтаваньні жанчыны і сэксуальных дамаганьнях да яшчэ трох кабетаў, а таксама ў растраце дзяржаўных грошай на падарункі сваякам.

Крымінальныя абвінавачаньні прэзыдэнту выставілі яго былыя калегі. Супрацоўніца яго канцылярыі ў 2003-2004 гадах заявіла, што ён схіліў яе да сэксуальнага кантакту. Іншая кабета паведаміла пра згвалтаваньне Кацавам, калі ён быў міністрам турыстычнага руху ў 1998-1999 гадах, а яна працавала ў яго міністэрстве. Яшчэ дзьве кабеты – супрацоўніцы рэзыдэнцыі Мошэ Кацава – заявілі пра сэксуальныя дамаганьні з боку прэзыдэнта.

Канчатковае рашэньне аб выстаўленьні Кацаву крымінальнага абвінавачаньня будзе прынята пасьля першых слуханьняў гэтай справы ў генэральнага пракурора Ізраілю. Калі віна Кацава будзе даказаная, яму пагражае да 20 гадоў турмы.

За адстаўку Кацава выступае ня толькі вялікая частка грамадзкасьці, але і многія палітыкі. Напярэдадні да іх далучыўся і прэм’ер-міністар Ізраілю Эхуд Ольмэрт. Міністэрства адукацыі Ізраілю разглядае магчымасьць прыбраць партрэты прэзыдэнта са школ краіны.

Сам Мошэ Кацаў вінаватым сябе не прызнае і заявіў дакладна наступнае: “За ачышчэньне свайго імя буду ваяваць да апошняга дыханьня, нават калі гэта будзе азначаць сусьветную вайну”.



Мошэ Кацаву цяпер 61 год, ён жанаты і мае пяцярых дзяцей. У гісторыі Ізраілю гэта ня першы выпадак крымінальнага абвінавачаньня высокага ўрадоўца. Прэзыдэнт краіны Эзэр Вэйцман у 2000 годзе сышоў у адстаўку пасьля фінансавага скандалу, а ў 2001 годзе да 18 месяцаў турмы за сэксуальнае дамаганьне быў асуджаны тагачасны міністар абароны Іцхак Мардэхай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG