Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зімовы турызм у Беларусі: “толку ня будзе!”


Радыё Свабода Нацыянальнае агенцтва па турызму Беларусі заявіла, што кліматычныя зьмены цяперашняй зімы зьнізілі колькасьць наведнікаў краіны зь бліжняга і далёкага замежжа. У дзяржаўнай установе канстатуюць, што плянавыя паказчыкі разьвіцьця ўязнога і ўнутранага турызму ў мінулым годзе засталіся нявыкананымі.

Дрэнныя для зімовага турызму ўмовы былі да амаль да сярэдзіны студзеня. Але ці толькі надвор’е шкодзіць турызму ў Беларусі?

На вялікім возеры Белае ля Белаазёрску ад гэтых дзён забароненае аматарскае рыбалоўства. Вось што паведаміў тамтэйшы слухач Радыё Свабода Яўген Пракурат:

Пракурат: “Тут каналы і возера, якое не замярзае. Заўжды было шмат рыбакоў. Чалавек дзьвесьце адразу. Але цяпер ужо ўсё. Няма магчымасьці. На цэлы год забаранілі. Тут ужо людзей штрафавалі”.

Як высьвятляецца, улады Берасьцейшчыны забаранілі аматарам лавіць рыбу таксама на вадасховішчах Гута, Крупа, Магілёўцы. У гэты пералік патрапілі асобныя ўчасткі Прыпяці ля Пінску і Лунінцу, а ў Ганцавіцкім раёне – найвялікшае ў рэгіёне вадасховішча Лактышы.

Эколяг Валеры Дранчук даводзіць, што ў гэтай сытуацыі перадусім мае страты экалягічны турызм:

Дранчук: “Вынік гэтай задумы вельмі сумнеўны. Хоць бы таму, якімі матывамі гэта тлумачыцца. Зьберажэньнем прыроды? Ня скажаш. Таму што нехта выкупіў вадаёмы. Ён ставіць свае інтарэсы вышэй за інтарэсы шараговых людзей”.

У Віцебскай вобласьці страты мае прывабны для замежных гасьцей паляўнічы турызм. Паведамляе інспэктар дзяржаўнай лесагаспадаркі ў Расонскім раёне Франц Варсло:

Варсло: “Сем нянек у гэтым паляваньні, і толку ніколі не будзе! У мінулым годзе па птушынаму грыпу шум паднялі такі, што сарвалі кантракты ўсе. Разумееце, людзі за мяжой бяруць адпачынкі. А тут забаранілі, а пасьля праз тыдзень дазволілі...”

Паводле статыстыкі, унутраны турызм у Беларусі не дацягвае нават да 4 працэнтаў. Доля выязнога – 80 працэнтаў, а ўязнога – 16. Апошні сёлета таксама зьніжаецца. Над прычынамі разважае Сяргей Плыткевіч – галоўны рэдактар газэты “Турызм і адпачынак”.

Плыткевіч:”Да сёньня Беларусь не зразумела свайго месца на міжнародным турыстычным рынку. І хоць сытуацыя пакрыху зьмяняецца ў лепшы бок – пачынаюць выдаткоўваць грошы на рэкляму, выданьне прыгожых буклетаў, арганізацыю рэклямных тураў, але гэтага пакуль вельмі мала, каб зьмяніць нэгатыўны імідж. Тут і Чарнобыль, і палітычная сытуацыя, якая, безумоўна, для турыстаў мае значэньне. Але гэта не праблема турыстычных фірмаў. Гэта агульная праблема нашай краіны”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG