Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марк Урноў: "Лукашэнка намацаў слабыя месцы Расеі"


Валер Каліноўскі, Менск Учора Аляксандар Лукашэнка прапанаваў ураду некалькі варыянтаў выхаду з энэргетычнага і эканамічнага крызысу, выкліканага падвышэньнем коштаў на расейскія газ і нафту. У іх ліку імпарт нафты па-за Расеяй праз балтыйскія порты, неадкладнае будаўніцтва беларускай АЭС, вымаганьне арэнднай платы за зямлю пад расейскімі трубаправодамі, якія праходзяць па тэрыторыі Беларусі, падвышэньне кошту транзыту расейскай сыравіны. Пра тое, як адрэагавалі на гэтыя тэзы ў Беларусі і за мяжой, паведаміць наш карэспандэнт.

Менскі палітоляг Аляксандар Класкоўскі зьвяртае ўвагу на тое, што ў цэлым наваполацкія тэзы Аляксандра Лукашэнкі выглядаюць эклектычна:

Класкоўскі: "Гучала шмат розных тэзаў, якія цяжка скласьці ў нейкую адну канцэпцыю. Думаю, што беларускі бок усё ж такі не пакідае надзею неяк перайграць сытуацыю і выбіць нейкія саступкі ад Масквы. І нават у пытаньні "Белтрансгазу" яшчэ ня ўсе кропкі над "і" расстаўлены. Я не выключаю, што пад гэтай маркай можа адбыцца рэвізія заключаных дамоў".

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што само жыцьцё змушае беларускі ўрад займацца пошукам альтэрнатыў расейскім энэрганосьбітам:

Класкоўскі: "Кепска тое, што гэта робіцца ў форсмажорных варунках, менавіта тады, калі ўжо абставіны прыціснулі".

Маскоўскі палітоляг Марк Урноў пагаджаецца з тэзай, што Аляксандар Лукашэнка праз сваю рыторыку і дзеяньні спрабуе дамагчыся ад Масквы новых саступак, каб зьмякчыць удар па беларускай эканоміцы.

Урноў: "Я ня ўпэўнены, што Расея пойдзе на наўпросты перагляд тарыфаў: могуць быць нейкія схемы зь не такой прыкметнай стратай аблічча і зь меншай дэманстрацыяй адступленьня. Таму што на самой справе ў Лукашэнкі ёсьць некалькі вельмі моцных карт".

Да такіх карт спадар Урноў аднёс вымаганьне платы за зямлю пад расейскімі трубаправодамі і за вайсковыя аб’екты ў Беларусі:

Урноў: "Паслабленьні для Беларусі, з майго пункту гледжаньня, верагодныя. Лукашэнка тут намацаў слабыя месцы Расеі".

Кіеўскі эканаміст Ігар Буракоўскі з Інстытуту эканамічных дасьледаваньняў і палітычных кансультацыяў гаворыць, што Ўкраіна магла б запрасіць Беларусь да нефармальнага аб’яднаньня транзытораў нафты і газу:

Буракоўскі: "Думаю, што ў гэтым аб’яднаньні можа знайсьці месца й Беларусь. Але, зразумела, для Беларусі трэба ўлічваць, што яна засталася сам насам з Расеяй. І наўрад ці міжнародная супольнасьць, улічваючы гісторыю рэжыму Лукашэнкі, будзе асабліва выступаць на абарону Беларусі".

Камэнтуючы заяву А.Лукашэнкі пра магчымасьць экспарту нафты ў Беларусь праз латвійскі порт Вэнтсьпілс, дэпутат Эўрапарлямэнту ад Латвіі Альдзіс Кушкіс зазначыў Свабодзе:

Кушкіс: "Што Лукашэнка ненадзейны партнэр, у мяне няма ніякіх сумневаў. Але бізнэс ёсьць бізнэсам: яго робяць і зь ненадзейнымі партнэрамі. Латвія, у прынцыпе, заўсёды згодна супрацоўнічаць у эканамічных пытаньнях. Ніякай эканамічнай блякады тут не існуе".

Альдзіс Кушкіс мяркуе, што нафтавы канфлікт між Беларусьсю і Расеяй насьцярожыў Эўропу ня толькі адносна А.Лукашэнкі, але й адносна У. Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG