Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд беларускага незалежнага друку


Любоў Лунёва, Менск

"Народная Воля" дзьве паласы нумару прысьвяціла візыту старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна ў Беларусь. Чытачам прапануюць артыкул палітычнага аглядальніка Вячаслава Оргіша, які аналізуе вынікі візыту.

Намесьнік дырэктара Батанічнага саду Іван Валадзько адказвае на пытаньне карэспандэнта, як адбіваецца на вэгэтатыўнай сыстэме расьлінаў рэзкая зьмена тэмпэратур. Паводле навукоўца, больш за астатніх дрэваў пакутваюць елкі. У выніку ельнікі адступаюць на поўнач і праз нейкі час могуць наагул зьнікнуць з тэрыторыі Беларусі.

Карэспандэнтка Марыя Эйсмант дасьледвала сытуацыю на аўтамабільным рынку ў краіне. Летась беларусы набылі 10 000 машын у салёнах, а ў 2005 годзе – 4 000. Ці павялічыўся насамрэч попыт на новыя аўтамабілі?

Эйсмант: "Гэта стала магчыма яшчэ й таму, што мытны падатак сёлета для фізычных і юрыдычных асобаў зраўнялі. Шмат якія кампаніі пачалі набываць машыны ў салёнах. Але тым часам мытны камітэт краіны паведаміў, што ў 2006 годзе ў Беларусь было завезена 150 000 патрыманых аўтамабіляў з-за межаў краіны. Вось і палічыце якія машыны па-ранейшаму купляюць беларусы: тыя, якія мелі аднаго, двух ды болей уладальнікаў, ці новыя ў салёнах".

Маладэчанская "Рэгіянальная газэта" паведамляе пра канфлікт паміж сотавай кампаніяй МТС і жыхарамі дома, на якім у хуткім часе заплянавана ўсталяваньне базавай станцыі кампаніі. Людзі лічаць, што такое суседзтва пашкодзіць іх здароўю. Падрабязнасьці ў сьвежым нумары газэты.

Крычаўская газэта "Вольны горад" зьмясьціла інфармацыю аб тым, што ў сьнежні Крычаўскі мясакамбінат павялічыў эмісію акцый на 7 млрд. рублёў. Чакалася, што акцыі набудуць расейцы з Пярмі і будуць вырабляць кансэрвы для паўночных рэгіёнаў Расеі. Але ў зьвязку з гандлёвай вайной расейцы не прыехалі.

Вялейскі “Волат" прапануе чытачам інтэрв’ю з краязнаўцам Анатолем Рогачам, які працуе ў Вялейскіх электрасетках. Анатоль стаў чэмпіёнам Беларусі па гульне ў шашкі праз ліставаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG