Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Наваполацку лічаць, што з Расеяй у свой час пралічыліся


Радыё Свабода Якія надзеі зьвязваюць жыхары Наваполацка з візытам у іхны горад Аляксандра Лукашэнкі? Апытаньне на вуліцах сталіцы беларускай нафтахіміі.

Спадар: “Наконт візыту спадара Лукашэнкі я магу сказаць адно: ніхто з нас дакладна ня ведае – што адбылося і як. Таму што нам, паліміраўцам, загадалі зашыцца па сваіх цэхах і ўстаноўках. І таму ніхто нічога не пачуў. Наконт таго – што нас чакае ў будучым… Цяжка сказаць, бо “Палімір” надта энэргаёмістае прадпрыемства, і каб яно разьвівалася трэба правесьці вялікую рэканструкцыю”.

Спадар: “Хочыцца думаць, што прэзыдэнт усё вырашыць. А наагул сытуацыя складаная. Відаць, у свой час пралічыліся з Расеяй. Паспадзяваліся на Ельцына… Сытуацыя цяжкая”.

Спадар: “Такога ўзрушэньня, баюся, наша эканоміка ня вытрымае. А калі ўлічыць, што наступным годам кошты на энэрганосьбіты яшчэ больш вырастуць, дык я нават ня ведаю – чаго чакаць. Думаю, ад візытаў карысьці ня будзе”.

Спадарыня: “Я сумняваюся, што наш прэзыдэнт здолее штосьці зрабіць”.

Спадарыня: “Будзем спадзявацца, што якраз сёньня ўсё і вырашыцца, і нам будзе зноў выгадна працаваць з Расеяй. На візыт Лукашэнкі вялікія спадзеўкі”.

Спадар: “Ды які там візыт… Лукашэнка папросту ня зможа дамовіцца на тых умовах, якія былі раней. Такога больш ня будзе ніколі. Наша краіна не працуе ў рынкавых умовах. Яна не забясьпечана энэрганосьбітамі і таму залежыць ад Расеі. І пра якую рынкавую эканоміку гаворка, калі яна пабудаваная на дзяржзамове, а сабекошт прадукцыі разьлічваецца не па рынкавых коштах, а па ўнутраных цэнах”.

Спадар: “Эканоміка ў нас будзе толькі тады моцнай, калі ў нас штосьці зьявіцца. У нас няма ні рэсурсаў, нічога… Мы толькі перапрацоўваем, а не ствараем. Апрача “Белкалія” са здабываючай прамысловасьці нічога няма. Вось і ўся наша эканоміка. А што да візытаў… Ня бачу ў іх карысьці, бо яны ні да чаго не абавязваюць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG