Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 студзеня ў Курапатах запаляць памінальныя сьвечкі


Радыё Свабода Грамадзкі аргкамітэт па ўвекавечаньні памяці ахвяраў рэпрэсіяў пэрыяду сталінізму падтрымаў прапанову расейскіх праваабаронцаў праводзіць 30-га дня кожнага месяца памінаньне бязьвінна загінулых людзей.

Як паведаміў на паседжаньні 22 студзеня дасьледчык тэмы сталінскіх рэпрэсіяў, кандыдат гістарычных навук, сустаршыня аргкамітэту Ігар Кузьняцоў, з такой ініцыятывай да яго зьвярнуліся прадстаўнікі міжнароднага гісторыка-асьветніцкага, дабрачыннага й праваабарончага таварыства "Мэмарыял" з расейскага гораду Сыктыўкар.

Аргкамітэт заклікаў беларускую грамадзкасьць 30-га дня кожнага месяца праводзіць памінаньне ахвяраў сталінізму на месцах іх масавых расстрэлаў. 30 студзеня а 15.00 у Курапатах будуць запаленыя памінальныя сьвечкі. Палітык Вячаслаў Сіўчык лічыць, што ў дзень памінаньня трэба праводзіць набажэнствы ў храмах і ставіць сьвечкі ў памяць аб бязвінна загубленых душах.

"Праз праўленьне міжнароднага "Мэмарыялу" трэба зьвярнуцца да яго рэгіянальных структураў у Расеі і краінах СНД з прапановай ушанаваць памяць ураджэнцаў Беларусі, загінулых у гэтых рэгіёнах. Памінаньні трэба праводзіць на Радаўніцу (красавік-травень), Дзень волі (25 сакавіка), Дзень памяці ахвяраў рэпрэсіяў у Беларусі (29 кастрычніка) і Дзяды (2 лістапада)", – лічыць палітык.

Сустаршыня аргкамітэту літаратар Васіль Якавенка адзначыў, што з гэтай прапановай трэба таксама зьвярнуцца да беларускай дыяспары праз міжнароднае грамадскае аб''яднаньне "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". Паводле словаў спадара Якавенкі, да канца студзеня будзе завершаная праца над зваротам аргкамітэту да беларускага народу ў зьвязку з 70-годзьдзем кульмінацыі сталінскіх рэпрэсіяў, паведамляе БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG