Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цяжарная жонка ўратуе ад войска


Радыё Свабода Міністэрства абароны выступіла зь ініцыятывай пашырыць сьпіс умоваў і абставінаў, паводле якіх прызыўнікі могуць атрымаць адтэрміноўку ад абавязковай вайсковай службы. Новы законапраект ўжо прайшоў першае чытаньне ў Палаце прадстаўнікоў.

У пераважнай бальшыні новыя умовы адтэрміновак тычацца абставінаў сямейнага характару, а таксама навучаньня прызыўнікоў. Да прыкладу, сёньня жанаты прызыўнік атрымае адтэрміноўку, калі жонка мае 6 месяцаў цяжарнасьці. Новы законапраект больш мяккі, але распаўсюджаныя чуткі, што на тэрміновую службу ня будуць браць усіх жанатых мужчын, кіраўнік прэсавай службы міністэрства абароны Вячаслаў Раменьчык не пацьвердзіў.

Раменьчык: “Ад ягонага сямейнага становішча не залежыць прызыў на службу. Прызыўнік прыносіць даведку пра цяжарнасьць жонкі. Незалежна ад тэрміну цяжарнасьці, яму даецца адтэрміноўка”.

Паводле спадара Раменьчыка, новы законапраект распрацаваны з мэтаю палепшыць умовы для навучаньня моладзі, а таксама паспрыяць замацаваньню маладых сем’яў ды прыросту нараджальнасьці. Але сваё права на адтэрміноўку прызыўнік мусіць пацьвярджаць дакумэнтальна кожную прызыўную кампанію да 27 гадоў, калі заканчваецца прызыўны ўзрост. Як да гэтага ставяцца патэнцыйныя прызыўнікі – пытаюся ў юнакоў на вуліцах Менску.

Карэспандэнтка: “Жаніцца ці ісьці ў войска – што б вы выбралі?”

Юнак: “Жаніцца, канечне”.

Юнак: “Паводле абставінаў. Калі жонка цяжарная, тады, канечне, жаніцца. А калі не, дык можна і ў войска схадзіць”.

Юнак: “Зараз такія абставіны ў войску, што я б лепей жаніўся, чым у войска ісьці”.

Юнак: “У войска я не палаю жаданьнем ісьці. Але вось і жаніцца… Тут таксама ня варта сьпяшацца”.

Юнак: “Мне падаецца, што лепш за ўсё жаніцца і вяртацца з войска ў сваю сям’ю”.

У новым законапраекце бабуля і дзядуля залічаныя ў катэгорыю блізкіх сваякоў. І ў выпадку іхнай хваробы альбо сьмерці служба прызыўніку на законных падставах будзе адтэрмінаваная. Прадугледжаная адтэрміноўка для выпускнікоў тэхнікумаў, ПТВ, а таксама выпускнікоў асьпірантураў і ад’юнктураў, чаго няма цяпер. Акрамя таго, вайсковыя камісарыяты надзеленыя правам дазваляць вайскоўцам тэрміновай службы нечарговыя адпачынкі. Гэтыя новаўводзіны камэнтуе былы міністар абароны Павал Казлоўскі.

Казлоўскі: “Галоўнае, што войска скарачаецца, і няма такой патрэбы ў прызыўніках. Але ёсьць яшчэ адна прычына. Год ці два таму былі адтэрміноўкі з прычыны захворваньняў. Да прыкладу, паводле нейкай хваробы сэрца давалі адтэрміноўку ад службы. Дык паводле загаду іх сталі прызнаваць годнымі да вайсковай службы. Таму тут дваякая сытуацыя: з аднаго боку, вельмі добра, што даюцца такія палёгкі, і для сямейнага жыцьця і для вучобы. А зь іншага – зьнятыя адтэрміноўкі паводле мэдычных паказчыкаў. Я думаю, што павінныя быць палёгкі і там, і там, ў самых розных накірунках”.

Як паведамілі у Міністэрстве абароны, новы законапраект можа быць прыняты на бліжэйшай сэсіі палаты прадстаўнікоў і набудзе юрыдычную сілу да пачатку наступнай прызыўной кампаніі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG