Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы крымінальны суд супраць актывіста Саюзу Палякаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня ў Кастрычніцкім раённым судзе Горадні пачнецца разгляд справы супраць Мечыслава Яскевіча — кіраўніка гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў. Яго абвінавачваюць у злосным хуліганстве — зьбіцьці мужчыны. Супраць актывістаў не прызнаванага ўладамі Саюзу палякаў распачаты шэраг крымінальных справаў, але ў суд трапіла цяпер толькі апошняя зь іх.

Справа Мечыслава Яскевіча была перададзеная ў суд два тыдні таму, а затрымалі яго на тралейбусным прыпынку ўвечары 4 лістапада. Супраць яго даў паказаньні мужчына досыць атлетычнай целабудовы: маўляў, Яскевіч яго зьбіў. Сам Мечыслаў Яскевіч заяўляў сьледчаму, які вёў справу, што яго перасьледуюць за дзейнасьць у Саюзе палякаў. Зь якой прычыны самая апошняя па ліку крымінальная справа супраць актывістаў Саюзу палякаў магла трапіць у суд першай? Гаворыць галоўны рэдактар часопіса “Magazyn Polski na uchodzstwie” Андрэй Пачобут:

Пачобут: “Справа Мечыслава Яскевіча ўзьнікла перш за ўсё менавіта таму, што ён старшыня Гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў. Горадня — гэта ўсё ж цэнтар нашай арганізацыі, тут і кіраўнічыя органы, і наймацнейшы аддзел Саюзу палякаў. Таму вырашылі старшыню гарадзкога аддзелу запалохаць. Мечыславу Яскевічу 46 гадоў, раней ён ня меў праблемаў з законам. А пасьля таго, як зьезд саюзу палякаў быў прызнаны нелегітымным, гэтага чалавека разоў пяць ці сем арыштоўвалі і некалькі разоў адмінстрацыйна каралі. Гэта палітычная справа, і ўсё, што адбываецца зь Мечыславам Яскевічам, — гэта помста ўладаў за яго грамадзкую дзейнасьць”.

Такім чынам, кіраўніка Гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў Мечыслава Яскевіча абвінавачваюць у злосным хуліганстве (зьбіцьці чалавека) паводле часткі першай артыкула 339 Крымінальнага кодэксу. Ім прадугледжваецца наступнае пакараньне: арышт, штраф, абмежаваньне свабоды альбо зьняволеньне на тэрмін да трох гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG